Вы тут

Савет Рэспублікі адобрыў законапраект аб турызме


Сенатары на пасяджэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект «Аб турызме», перадае БелТА.


Законапраект прадугледжвае абнаўленне і дапаўненне паняційнага апарату ў сферы турызму, вызначэнне асноўных прынцыпаў, мэт і прыярытэтаў дзяржаўнага рэгулявання турызму, увядзенне спосабаў забеспячэння выканання тураператарам абавязацельстваў па дагаворах аказання турыстычных паслуг у сферы міжнароднага выязнога турызму.

«Гэта патрэбны законапраект, які будзе больш поўна, глыбока і канцэптуальна падыходзіць да фарміравання турыстычнай дзейнасці ў нашай краіне», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.

Сенатар адзначыў, сёння Беларусь вельмі прывабная з пункту гледжання турызму, як для нашых грамадзян, так і для іншаземцаў. Але неабходна засцерагчы нашых грамадзян ад розных непрыемных сітуацый, магчымых пры аказанні турыстычных паслуг.

«Законам прадугледжана фінансавая адказнасць тураператаў. Гэта можа быць страхаванне, нейкія фонды тураператараў і банкаўскія гарантыі. Таксама прадугледжваецца ўрэгуляванне спрэчак паміж тураператарамі і спажыўцамі турыстычных паслуг. Вядома, не засталася без увагі і якасць аказання турыстычных паслуг. Перш за ўсё работа экскурсаводаў, гід-перакладчыкаў. Яны павінны быць прафесійна атэставаныя. Калі яны не будуць выконваць свае функцыі ў поўным аб’ёме, тады яны будуць адхіляцца ад работы», — растлумачыў Віктар Лісковіч.

Паводле яго слоў, турызм вельмі разнастайны. «Мы прывыклі ўспрымаць толькі выязны турызм, а ўязны турызм нам яшчэ больш важны з пункту гледжання не толькі развіцця эканомікі, але і патрыятычнага выхавання, правільнага разумення таго, чым і як жыве наша краіна, — падкрэсліў сенатар. — Нам сёння важна, каб развіваўся вытворчы турызм, каб турысты бачылі магчымасці нашай сучаснай прамысловай вытворчасці. Сёння вельмі папулярны медыцынскі турызм. У мужчынскай паловы — паляўнічы турызм, як уязны для іншаземцаў, так і для нашых грамадзян».

Віктар Лісковіч дадаў: «Увесь той патэнцыял, які мае наша краіна, павінен быць правільна рэалізаваны ў падачы нашых прыродных, вытворчых, інтэлектуальных магчымасцей для таго, каб нас праўдзіва ацэньвалі госці і правільна ўспрымалі гэту прыгажосць нашы беларусы».

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.