Вы тут

Цудоўная сямёрка ў Барысаве


«КRAJ» — выстаўка жывапісу пад такой кароткай, але ёмістай назвай адкрылася 14 кастрычніка ў мастацкай галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Х. Каладзеева. Падзея прымеркавана да рэспубліканскай акцыі «Барысаў — культурная сталіца Беларусі 2021 года».


Дазвольце спачатку азірнуцца назад і сказаць пра апошні знак любові да роднага горада ўраджэнца Барысава, знакамітага мастака-жывапісца Валерыя Шкарубы. Калі б год таму ён не дапамог супрацоўнікам аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці цэнтральнай бібліятэкі, зрабіўшы важны тэлефонны званок выкладчыку факультэта жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў мастаку Антону Вырву, выстаўкі «КRAJ» сёння не адбылося б. Высокае прафесійнае мастацтва — экспазіцыя з больш як 50 работ — даніна павагі і памяці Валерыю Фёдаравічу.

Светлай прасторы галерэі «З’ява» для выдатных твораў аказалася мала. Работы размясціліся і на сценах суседняй галерэі «ARTквартал».

— Групу з сямі мастакоў, якія ярка заявілі пра сябе, узначальвае Антон Вырва. Ён прапаноўваў для экспазіцыі 6 карцін. У гэтай плеядзе — паважаныя і вядомыя беларускія мастакі Васіль Пяшкун, Віталь Гуназа, Міхась Крот, Павел Хадаровіч, Раман Коршунаў, Уладзь Пятручык, — адзначыла на адкрыцці выстаўкі загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Таццяна Кірылава. — Мастакі прыехалі ў Барысаў за некалькі дзён да адкрыцця праекта — з мэтай стварыць мастацкую серыю аб нашым горадзе. Папрацавалі плённа! Пры гэтым два пейзажы, што называецца, «з колаў» трапілі на цяперашнюю выстаўку — «Восеньскі дворык у Барысаве» Міхася Крата і «Восень у старым горадзе» Васіля Пешкуна. Да прэзентабельных ілюстрацый старой часткі нашага горада Васіль Пяшкун дадаў твор 2017 года «Ціхі дворык».

Калі казаць пра геаграфію работ, дэманструюцца розныя куткі Беларусі: Магілёўшчына, Гомельшчына, Міншчына... Прырода, як аднойчы сказаў Валерый Шкаруба, — невычэрпная крыніца натхнення. А значыць, кожная новая карціна — новы глыток паветра ў жанры класічнага рэалізму. Таму, напэўна, невыпадкова многія музеі і галерэі краіны стаяць у чарзе па работы цудоўнай сямёркі, сабраныя ў экспазіцыі «КRAJ». Майстэрства, глыбіня спасціжэння сутнасці беларускай прыроды, выдатны каларыт, дзівосны ўнутраны змест карцін блізкія і зразумелыя гледачу любога ўзросту.

На адкрыцці экспазіцыі майстар пленэру барысаўчанін Пётр Казявін зазначыў:

— Барысаву пашанцавала любавацца такім магутным жывапісам. Прыгажосць прыроды перададзена незвычайна, аўтары з ёй зліваюцца ў адно цэлае.

Культуролаг Галіна Глебава дадала, што кожны чалавек убачыць у гэтых творах нешта сваё, роднае, а ўвасабляецца яно ў звычайным і простым паняцці «Беларусь». Тут бачыцца вялікая любоў да роднага краю.

— Уменне шчыра паказваць прыгажосць свету вартае павагі. Слова «мастак» для гэтых майстроў не прафесія, а жыццё і лёс, — перакананы творца Уладзімір Сайко.

Пранікнёныя, глыбокія і запамінальныя вобразы роднай Беларусі тонка перадаюць дзіўнае майстэрства ўдзельнікаў экспазіцыі «КRAJ». Дарэчы, творчы лёс дваіх звязаны з Барысаўшчынай. Антон Вырва вучыўся ў Фёдара Кісялёва, роднага брата барысаўскага мастака Мікалая Кісялёва. А юны Уладзь Пятручык, які калісьці прыязджаў у вёску Чарневічы, браў урокі ў Мікалая Ісаёнка. Музыка пейзажу, увасабленне на палотнах рэальна існуючых месцаў упрыгожваюць культурную сталіцу Беларусі сёння. Заўтра яны абавязкова стануць упрыгажэннем любой іншай выстаўкі.

Алена БРЫЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.