Вы тут

Закон аб персанальных даных уступіць у сілу 15 лістапада


Аб гэтым было заяўлена падчас работы ў Гродне рэгіянальнага форуму #GBCregіons (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне — рэгіёны). Старт рэгіянальных форумаў быў дадзены сёлета ў Мінску. Кожны рэгіён мае сваю тэматыку. На гродзенскім у цэнтры ўвагі паўсталі лічбавыя рашэнні ў сферах адукацыі, аховы здароўя, аховы персанальных даных. Акцэнт быў зроблены на забеспячэнні краіны сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі.


У рабоце форуму прынялі ўдзел кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі ІТ-кампаній, банкаў, бізнесу і навучальных устаноў.

Як адзначыў падчас адкрыцця форуму намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Жарнасек, краіна ў плане інфарматызацыі мае пэўныя напрацоўкі. Так, з 1 верасня ўведзены ў дзеянне біяметрычныя дакументы на выезд і ўезд у Беларусь. Для іх выдачы створана адпаведная інфраструктура. Атрымала далейшае развіццё сістэма міжведамасных інфармацыйных адносін, што з'яўляецца базай электроннага ўрада. Гэта структура ў далейшым прызначана забяспечыць бяспеку адносін паміж грамадзянамі, бізнесам і дзяржавай. Акрамя гэтага, уведзены ў эксплуатацыю шэраг ведамасных інфармацыйных рэсурсаў, што таксама з'яўляецца часткай электроннага ўрада. Вядзецца работа па ўкараненні канцэпцыі разумнага горада на рэгіянальным узроўні.

Што датычыць аховы здароўя, зараз распрацоўваецца цэнтральная платформа, на базе якой будуць абслугоўваць насельніцтва ўсе бальніцы і паліклінікі краіны. Гэта і электронныя рэцэпты, якія ўжо працуюць, і электронныя карты. Чалавек зможа зайсці са сваімі персанальнымі данымі у свой рабочы кабінет на гэтай платформе і атрымаць як кансультацыю ўрача, так і сацыяльнага работніка, і іншых спецыялістаў, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк.

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падкрэсліў, што ўкараненне лічбавых тэхналогій у ахову здароўя дазваляе больш аператыўна прымаць рашэнні і знізіць рызыку чалавечай памылкі. Пакуль у медыцынскай сферы інфармацыйныя тэхналогіі недастаткова выкарыстоўваюцца ў практычнай дзейнасці, хаця менавіта тут можна атрымаць найбольшую аддачу. Але гэтыя сістэмы павінны быць адкрытымі, мець магчымасць абмену інфармацыяй. Пры гэтым уся база павінна быць дакладна абароненая. І над гэтым трэба яшчэ працаваць.

Цікавую інфармацыю паведаміў на форуме генеральны дырэктар ААТ «Упраўляючая кампанія холдынга «Белкамунмаш» Алег Быцко. Ён расказаў аб распрацоўках грузавога электрамабіля з беспілотным упраўленнем. Гэта мадэль будзе прадэманстравана ў канцы года. Зараз прадпрыемства актыўна развівае электратранспарт. У прыватнасці, ёсць праект па міжгародніх электробусах. Паралельна вядзецца работа над пілотным праектам па стварэнні комплекснай зараднай станцыі, якой зможа карыстацца як дзяржаўны, так і прыватны транспарт любых мадэляў.

Прадстаўнікі прыватнага ІТ-бізнесу чакаюць ад укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій умацавання дзяржаўнага і прыватнага партнёрства. Варта сказаць, што беларускія тэхналогіі і канцэпцыі з'яўляюцца даволі сучаснымі. Зараз важна спрасціць адносіны паміж дзяржавай і грамадзянамі з дапамогай лічбавых тэхналогій у рамках праектаў «Разумныя гарады» і «Электронны ўрад». Усе ініцыятывы павінны быць зразумелымі абывацелю.

Пераход у лічбавую эпоху нясе шмат камфортных і зручных змен. Але не варта забываць і аб небяспецы, заўважыў падчас форуму міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Моладзь цяпер не ўяўляе сябе без гаджэтаў. Між тым новыя тэхналогіі нясуць новыя рызыкі і выклікі. Прычым бяспека ўзнікае як для грамадства і дзяржавы, так і для кожнага чалавека. Часам звесткі, якія не прызначаныя для распаўсюджвання, становяцца даступнымі тым, хто можа імі скарыстацца ў негатыўных мэтах. А гэта і маніпуляцыі, і пагрозы, і ўплыў на свядомасць чалавека. У такіх умовах важна абараніць асобу, грамадства і дзяржаву не толькі ад унутраных, але і знешніх пагроз, лічыць міністр.

Такім інструментам павінен стаць Закон «Аб ахове персанальных даных», які ўступае ў сілу 15 лістапада. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Мікалай Савановіч. Беларусь застаецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе пакуль не было такога закона. Яго распрацоўка вялася пры актыўным удзеле Міністэрства ўнутраных спраў. Закон дазволіць не толькі ўстанавіць прававыя рамкі работы з персанальнымі данымі, але і павысіць адукацыйны ўзровень тых, хто з імі працуе, дадаў спікер. Ён звярнуў увагу на той факт, што не бывае бясплатных сэрвісаў. Ёсць абмен сэрвісу на персанальныя даныя. Паўплываць на чалавека можна, калі ведаеш яго імя і прозвішча.

У сувязі з прыняццем Закона «Аб ахове персанальных даных» створаны адпаведны цэнтр, які будзе ажыццяўляць кантроль за апрацоўкай персанальных даных, разглядаць скаргі, прыпыняць дзейнасць тых аператараў, якія не выконваюць свае абавязкі. Таксама цэнтр будзе супрацоўнічаць з іншымі краінамі ў гэтым кірунку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.