Вы тут

«Першы блін» не комам. Рэцэпт ад навабранцаў Мазыршчыны


Каля 400 маладых спецыялістаў на першыя працоўныя месцы сёлета прынялі калектывы Мазырскага раёна. Сваю кар'еру тут пачалі будаваць амаль 160 выпускнікоў ВНУ і звыш 230 — устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прынамсі, Мазыршчына з году ў год вылучаецца высокай доляй моладзі, якая застаецца працаваць пасля адпрацоўкі размеркавання — 75,4 %.


Малады спецыяліст СШ№ 11 г. Мазыра настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Юлія КАВАЛЕНКА.

Пасвячэнне ад кіраўніка раёна

Маладое папаўненне ў святочнай атмасферы віталі на традыцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам райвыканкама. Для першых гэта магчымасць даведацца аб перспектывах дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы сем'яў, гарантыях працаўладкавання і аказання адраснай дапамогі. На падобных восеньскіх сустрэчах моладзь актыўна цікавіцца і развіццём спорту, турызму, у цэлым сістэмай адукацыі ў раёне.

— Ідэі ў іх унікальныя, таму мы заўсёды стараемся ўвасабляць іх у жыццё. Мазыршчына — месца, дзе створаны добрыя ўмовы для моладзі: у кожнага ёсць магчымасць рэалізаваць сябе, — адзначыла старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.

Кіраўнік раёна падкрэсліла: прадпрыемствы і арганізацыі робяць асаблівую стаўку на свежыя сілы.

Сістэма настаўніцтва

Штогод прымае на работу маладых спецыялістаў мазырскае прадпрыемства «Беларускабель». Яго калектыў захоўвае і развівае сістэму настаўніцтва: навічкоў замацоўваюць за прафесіяналамі, якія гатовы дзяліцца вопытам, уводзіць у курс спраў.

— Ад моладзі чакаем добрай тэарэтычнай падрыхтоўкі, імкнення рэалізаваць у жыццё тое, чаму навучыліся. Гатовы садзейнічаць іх станаўленню і прафесійнаму росту — гэта ў інтарэсах прадпрыемства, — зазначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях ААТ «Беларускабель» Святлана Фешчанка.

Сёлета прадпрыемства прыняла на работу чатырох маладых спецыялістаў. Усіх характарызуюць станоўча: працы не баяцца, а гэта, кажуць вопытныя працаўнікі, галоўнае.

Свае першыя крокі ў працягу працоўнай дынастыі на прадпрыемстве робіць дыпламаваны інжынер-электронік выпускнік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. А. Сухога Яўген Кашкараў.

— Вельмі задаволены сваім размеркаваннем, — прызнаўся ён. — Я мазыранін, вучыўся ў сярэдняй школе № 5. Пасля паступіў ва ўніверсітэт на прамысловую электроніку. На гэту спецыяльнасць параіў звярнуць увагу бацька. Ён, дарэчы, працаваў на прадпрыемстве ў якасці электрамеханіка. Працавала тут, у валачыльным цэху, і бабуля.

Малады спецыяліст СШ № 11 г. Мазыра настаўніца матэматыкі Таццяна ДЗЯДЗЮЛЯ.

Што будуюць маладыя

У перспектыўных кадрах і маладых працоўных руках зацікаўлены і прадпрыемствы будаўнічай сферы раёна. Такім рады на ААТ «Мазырпрамбуд». Прадпрыемства па выніках мінулага года — пераможца спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці Мазырскага раёна сярод будаўнічых арганізацый. Першае працоўнае месца тут — не толькі каштоўны вопыт, але і магчымасць папрацаваць на знакавых для Палескага рэгіёна будаб'ектах. У мінулым годзе, напрыклад, калектыў «Мазырпрамбуда» вызначыўся на будаўніцтве жылых дамоў у Ельску, Мазыры, Нароўлі, узвядзенні інжынернай інфраструктуры, аб'ектаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, браў удзел у добраўпарадкаванні Мазыра.

— Баялася, што не здужаю з працай, але тут дапамагаюць і вучаць, — дзеліцца 18-гадовая маляр-тынкоўшчык Марыя Віткоўская, якая ўладкавалася сюды сёлета.

Права заявіць аб сабе

У сярэдняй школе № 11 Мазыра сёлета на першае працоўнае месца ўладкаваліся два маладыя спецыялісты — настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Юлія Каваленка і фізічнай культуры Антон Новак.

— У мяне з вучнямі ёсць і агульныя інтарэсы, бо розніца ва ўзросце невялікая, але ў той жа час патрабую абавязковага захоўвання субардынацыі. Бо я настаўнік, а яны дзеці, — расказвае аб сваёй рабоце Юлія Васільеўна. — Для мяне педагогіка — маё жыццё. Мне вельмі падабаецца вучыць дзяцей новаму.

Малады педагог узяла на сябе класнае кіраванне ў пятым класе. Адгукнулася і на прапанову весці музейную справу ў школе: рыхтуе новыя экспазіцыі для Музея жанчын.

Выпускніца Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна Хрысціна Вараненка сумяшчае навучанне ў магістратуры мазырскага ВНУ з выкладаннем матэматыкі. Пасля заканчэння магістратуры яна застанецца ў школе ўжо ў статусе маладога спецыяліста. Другі год працягваюць работу ў такім статусе настаўніца матэматыкі Таццяна Дзядзюля і настаўнік фізічнай культуры Ігар Лакіза. Дарэчы, малады чалавек пачаў працаваць у школе яшчэ на чацвёртым курсе ўніверсітэта.

— Штогод мы прымаем на працу маладых спецыялістаў. Па выніках апытання відаць, наколькі яны задаволеныя размеркаваннем у нашу школу. Усе гэтыя маладыя людзі вельмі амбіцыйныя, творчыя, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, могуць тут рэалізаваць свае ідэі і задумкі, — лічыць дырэктар сярэдняй школы № 11 Мазыра Яўгенія Варановіч. — У настаўнікаў нашай школы вельмі высокі педагагічны ўзровень, імёны некаторых ведаюць у горадзе, рэгіёне і краіне. Прафесіяналы, у якіх за плячыма значны працоўны досвед, гартуюць годную змену. Маладых спецыялістаў імкнёмся падтрымаць і ў матэрыяльным плане: забяспечыць добрую працоўную нагрузку, каб быў належны заробак.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.