Вы тут

Класічная журналістыка па новых каналах камунікацый


Маладыя журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ сёння сабраліся ў кангрэс-холе гасцініцы «Прэзідэнт-Атэль» каб абмеркаваць тэндэнцыі сучасных медыя. VІІІ Форум маладых журналістаў прайшоў пад назвай «Традыцыйныя і новыя медыя: выклікі і магчымасці». Яго арганізатарамі выступілі Беларускі саюз журналістаў, Міністэрства інфармацыі і БРСМ. Падчас мерапрыемства выступоўцы распавядалі аб уласным прафесійным вопыце. Напрыклад, можна было даведацца аб журналістыцы краін Усходу або аб тым, як стварыць уласны брэнд у медыяпрасторы.


Падчас адкрыцця форуму міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў:

— Гэта ўжо трэці медыйны форум сёлета. Усе яны нацэлены на рэформы, адукацыю ў першую чаргу. Бо наша галіна, як мы зразумелі летась, не трансфармавалася, але адстала. У гэтым плане мы крыху прайгралі і не паспелі адрэагаваць на тыя выклікі і пагрозы, якія ёсць у медыяспажыванні, у нашай краіне.

Звяртаючыся да маладых журналістаў, міністр параіў не палохацца сацыяльных праблем і ўсебакова, як мага аператыўна іх асвятляць. Супрацоўнікам рэгіянальных газет, што выходзяць адзін раз на тыдзень, Уладзімір Пярцоў прапанаваў дзяліцца навінамі ў сацыяльных сетках:

— Каб адказваць усім гэтым выклікам і праз новыя каналы камунікацыі праводзіць традыцыйную класічную журналістыку, праўдзівую, патрэба ў якой вельмі высокая, мы стараемся навучыць нашых спецыялістаў не толькі ў цэнтральных, але і, самае важнае, у рэгіянальных СМІ. Трэба гэта для таго, каб тое, што яны робяць, можна было прасоўваць далей, асабліва для моладзі, праз новыя сродкі масавай камунікацыі і інфармацыі.

Па словах Уладзіміра Пярцова, менавіта маладыя журналісты здольныя рухаць работу рэдакцый наперад, ствараючы новыя каналы для аператыўнай перадачы інфармацыі.

Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў, у сваю чаргу, адзначыў:

— Упэўнены, што пляцоўка форуму дазволіць нам абмяняцца меркаваннямі, правесці змястоўныя дыскусіі, а таксама дасць новы імпульс для цяперашніх і будучых СМІ.

Падчас форуму былі ўручаны ўзнагароды маладым журналістам. Аглядальнік газеты «Звязда» Валерыя Сцяцко стала лаўрэатам маладзёжнага творчага конкурсу «Дэбют» і атрымала дыплом у намінацыі «Найлепшы аглядальнік». Віншуем Валерыю з прафесійным дасягненнем.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.