Вы тут

Акцэнт на класіку


Залаты фонд беларускай прозы – у цэнтры ўвагі выдавецтва «Мастацкая літаратура»


Салодкія яблыкі. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

У зборнік увайшлі творы васьмі класікаў нашай літаратуры: Вячаслава Адамчыка, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Івана Пташнікава і Міхася Стральцова.

Апавяданні шырока вядомыя, гэта дабротная, стылістычна дасканалая псіхалагічная проза. Скразная тэма зборніка – трагічныя выпрабаванні, якімі поўніцца беларуская гісторыя. Апавяданне Вячаслава Адамчыка, якое дало назву кнізе, расказвае не пра слодыч пладоў, а пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: паліцаі забралі ў вяскоўца каня, а самога гаспадара застрэлілі, калі той спрабаваў збегчы да партызан. Бяскрыўдны вясковы дзівак Марцін Дзікуць з апавядання «Дзікі голуб» гіне ад рукі Клемуса Войны, які ўзбагаціўся на рабаванні маёмасці расстраляных фашыстамі яўрэяў.

Герой «Сірочага хлеба» Янкі Брыля, хлопчык Данік з Заходняй Беларусі, падчас яе ўваходжання ў склад Польшчы зазнаў у школе прыніжэнні і здзекі за сваё жаданне заставацца беларусам, за любоў да роднай мовы.

Трагічны эпізод вайны разгортваецца перад намі ў «Страце» Васіля Быкава, і як бы ў працяг – пасляваеннае жыццё старой Тэклі з «Незагойнай раны», якая не можа змірыцца з гібеллю на вайне любімага сына. У аповесці «Лісце каштанаў» Уладзіміра Караткевіча мы бачым Кіеў, толькі што вызвалены ад фашыстаў, вачамі падлетка, – яго таварышы па гульнях нават у снах не могуць забыцца на сваё «апаленае, забітае вайной, знявечанае юнацтва», а напрыканцы гінуць ад пакінутых немцамі мін: вайна працягвае калечыць і забіваць. Гіне ад рук захопнікаў таленавіты Апалінарый Феактыставіч, а яго вучань Косця, што стаў ваенным лётчыкам, помсціць за яго ворагам («Настаўнік чарчэння» Івана Навуменкі).

Варта прачытаць усе тэксты зборніка, каб яшчэ раз усвядоміць, якую цану заплацілі беларусы за мір, за права быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Пах летніх траў. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

Зборнік склалі 25 апавяданняў пра Бацькаўшчыну. Надзвычай тонкая і глыбокая проза Міхася Стральцова, Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка, Янкі Брыля, Янкі Сіпакова, Алеся Жука, Андрэя Федарэнкі і іншых аўтараў – выдатная магчымасць пазнаёміцца са здабыткамі нашай літаратуры і ўпэўніцца, што яна не саступае лепшым узорам літаратуры еўрапейскай.

Моцны экзістэнцыйны пасыл (узгадваюцца вядомыя творы Альбера Камю) заключаны, да прыкладу, у радках Міхася Стральцова з апавядання «Сена на асфальце»: «О, салодкая, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі! Вочы бачаць, чуюць вушы, і, ціха стаіўшыся, лечыцца душа». Душу героя аповеда лекуюць родныя краявіды, лекуе ўсведамленне таго, што «без вёскі нельга». І нават у горадзе герой не ўпускае магчымасці ўзяць у рукі касу і пачуць «вясёлую, харошую, знаёмую з маленства музыку» касьбы, адчуць летні, лугавы пах сена.

Настальгічным пачуццём агорнуты герой апавядання Вячаслава Адамчыка «Пах летніх траў», які едзе ў вёску да маці. Да глыбіні душы кранаюць яго някідкія, поўныя ціхай прыгажосці краявіды за акном аўтобуса, радуюць знаёмыя з дзяцінства гукі – вось, падаіўшы карову, маці цэдзіць малако, і яно «цёпла і густа» шуміць у конаўцы. Увогуле, словы «цёпла», «цеплыня» –  ключавыя для разумення эмацыйнага настрою гэтай кнігі, прасякнутай лірызмам, светлым смуткам, пяшчотай да родных мясцін.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.