Вы тут

Ёлка ў стылі «лофт»


Штогод старажытны парк імя Жылібера дапаўняюць новыя дрэвы. Яны незвычайныя. І ўпрыгожваюць іх не зусім звыклымі цацкамі. Сёлета цудоўная алея «пабіла» ўсе рэкорды па колькасці дызайнерскіх ёлак.


Сюды лепш прыходзіць вечарам, калі ўсе дрэўцы зіхацяць агеньчыкамі. Дарэчы, уключаюцца яны адначасова, а першая цырымонія прайшла ўрачыста і з вясёлымі забавамі. Народнымі песнямі сустрэла наведвальнікаў парку фальклорная група «Медуніца», якая такім чынам прыцягвала ўвагу да ёлкі завода «Белкард».

Прадстаўнікамі адукацыі Ленінскага раёна створана ёлачка з драўляных элементаў, яна ўпрыгожана домікамі, дзе жывуць казачныя героі — так тут раскрываюць мір дзяцінства. Прадпрыемства «Гранітэкс» прадставіла ёлку з тэкстылю. Паўсюдна працуюць фотазоны і даволі шмат Дзядоў Марозаў, якія ахвотна пазіруюць каля зялёных прыгажунь. Заўважаю маладую сям'ю, што робіць фотаздымкі ля кожнай ёлкі. Цікаўлюся, як часта яны ходзяць на гарадскія святы. Аказалася, што амаль заўсёды, бо так нараджаецца добры настрой. А парк перад Новым годам — гэта сапраўдная казка, з захапленнем выказаўся іх сын Кірыл. Найбольш усяго яму спадабалася ёлка прадпрыемства «Малочны мір», бо «яна круціцца».

Вядома, не магла не запытаць у стваральнікаў ёлак пра іх задумкі. Намеснік дырэктара «Гродзенскія цеплавыя сеткі» Андрэй Сяўко паясніў, што яны адлюстравалі ў сваім творы ўсе віды энергетыкі рэгіёна. Тут і ГЭС, і ветракі, і атамная станцыя. Уся канструкцыя зроблена з перадізаляваных труб, якімі пракладваецца цеплатраса. Як аказалася, яны могуць «працаваць» і ў такім цікавым фармаце.

«Гроднаводаканал» прадставіў канструкцыю з труб з шарамі. А вось шклозавод зрабіў канструкцыю ў стылі «лофт». Ганна Кароль, вядучы інжынер па падрыхтоўцы кадраў, звярнула ўвагу на стыль вырабу. Маўляў, гэта цяпер вельмі модна. І ліставое шкло, якое выпускае завод, выдатна глядзіцца з падсветкай. А гасцей тут сустракае Дзед Мароз, але не са Снягуркай, а з Бабай Ягой. Дзецям вельмі падабаецца з ёй фатаграфавацца.

Многія цікавяцца ёлкай, якую прадставіла тралейбуснае ўпраўленне. Па словах яго дырэктара Віктара Шарэйкі, усё зроблена з акцэнтам на спецыфіку прадпрыемства. Ёлка стаіць на тралейбусным коле, ствол — са штангаў, каркас — з кантактных правадоў, на ім замацаваны невялікія мадэлі ўсіх відаў тралейбусаў — ад самых першых да сучасных, з аўтаномным ходам. У Гродне такіх машын некалькі.

Усяго прадстаўлена каля 60-ці дызайнерскіх ёлак. Некаторыя арганізацыі ўдзельнічаюць у такім паказе ўпершыню. У іх ліку — Гродзенскі медыцынскі каледж, чыя ёлка ўвасабляе актуальную ідэю вакцынацыі. Ажыццявіла праект 114 група, навучэнцы якой рыхтавалі яго два тыдні. Пра гэта расказала культарганізатар Арына Арцем'ева.

Навагодняя ёлка стала нагодай, каб распавесці аб спецыяльнасцях Гродзенскага гуманітарнага каледжа, які таксама ўдзельнічае ў конкурсе ўпершыню. Па словах намесніка яго дырэктара Галіны Лук'янавай, большасць рэчаў зроблена ўручную ў майстэрні. Ёлка выглядае стыльна, хоць яна і невялікая па памеры. А вось ёлка ГрДУ імя Янкі Купалы мае кніжную тэматыку — яна складаецца з імітацый старажытных фаліянтаў. Побач знаходзіцца святочная фотазона.

Адкрываць такую алею напярэдадні Новага года стала ў Гродне добрай традыцыяй. Гэта яскравая падзея, сапраўдны брэнд горада.

— Такога няма больш нідзе, — адзначае намеснік начальніка аддзела культуры гарвыканкама Галіна Ярэміновіч. — Сёлета прадстаўлена 57 ёлак, і гэта рэкорд, такой колькасці яшчэ не было. Да праекта далучыліся паліклінікі, установы адукацыі, некаторыя прадпрыемствы. Прадстаўлены не толькі ёлкі, але і цэлыя кампазіцыі і фотазоны. Іх прэзентацыі праходзяць з удзелам навагодніх персанажаў.

У конкурсе на найлепшую ёлку будуць вылучаны тры пераможцы, якіх абярэ камісія. Яшчэ адна ёлка будзе вылучана самімі гродзенцамі праз анлайн-галасаванне. Акрамя дыпломаў, сёлета пераможцы конкурсу ўпершыню атрымаюць памятныя падарункі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.