Вы тут

Сенатар: На рэферэндуме трэба запусціць працэс перазагрузкі


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Уладзімір Катовіч выказаў карэспандэнту zvizda.by сваё меркаванне аб зменах у Асноўны закон краіны: 


Фота: pixabay.com

— Праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з 27 снежня мінулага года прадстаўлены грамадскасці. Змяненняў шмат, і іх трэба будзе старанна вывучыць усім нам, — звяртае ўвагу сенатар. 

Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што многія задаюцца пытаннем: «А ці трэба абнаўленне Канстытуцыі? Бо дзеючы Асноўны Закон нашай краіны адказвае патрабаванням дзяржаўнага развіцця».

— Змяненне Канстытуцыі — гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Бо асноўны Закон — гэта не статычны дакумент. Ён павінен адпавядаць павевам часу, светапогляду людзей, — лічыць Уладзімір Катовіч. — Сёння існуюць іншыя пагрозы і выклікі, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Сенатар адзначае, што ў абноўленай Канстытуцыі з’явяцца такія паняцці, як нацыянальная самабытнасць і суверэнітэт, зацвярджаюцца асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства.

— Важна і прыемна тое, што захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны павінна будзе забяспечвацца дзяржавай, — падкрэслівае ён. 

Таксама парламентарый засяроджвае ўвагу на тым, што за дзяржавай будзе замацаваная падтрымка сем’яў з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пры гэтым бацькі павінны будуць рыхтаваць дзяцей да грамадска-карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.

Не пакідае за кадрам сенатар і новаўвядзенні, якія закранаюць патрабаванні да кандыдата ў прэзідэнты, які не павінен мець ні на бягучы момант, ні раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства або іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі.

Уладзімір Катовіч падкрэслівае і тое, што Усебеларускі народны сход як орган народаўладдзя атрымае новыя грані. 

— Гэта закране і дэлегатаў, і паўнамоцтваў УНС, і рашэнняў, якія прымаюцца ім, — кажа суразмоўнік. — УНС зможа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, а таксама правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, мае права разглядаць пытанне аб легітымнасьці выбараў, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь надзвычайнае або ваеннае становішча.

Сенатар падкрэслівае: зараз усім грамадзянам абавязкова трэба азнаёміцца з абнаўленнямі ў Канстытуцыі. 

— А на лютаўскім рэферэндуме запусціць працэс перазагрузкі ў дзяржаўнасці, грамадстве і жыцці Беларусі, — рэзюмуе ён. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.