Вы тут

Наталля Качанава: Людзі з цікавасцю вывучаюць прапанаваны праект Канстытуцыі


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася сёння з працоўным калектывам ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». Мэта візіту — абмеркаванне з завадчанамі змяненняў і дапаўненняў, якія прапануецца ўнесці ў абноўленую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Трэба сказаць, што гутарка прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі.


Тлумачачы мэту свайго візіту на гэта прадпрыемства, спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што хацела асабіста сустрэцца з калектывам, пачуць пытанні, якія хвалююць людзей. 

— Нядаўна тут адбылася змена кіраўніцтва, прыйшоў новы дырэктар — гэта заўсёды з’яўляецца нейкім пераломным момантам у жыцці працоўнага калектыву, — кажа яна. — Ну і, вядома, пачуць прапановы кіраўніцтва холдынгу і прадпрыемствы аб перспектывах развіцця і аб тым, якія будуць прымацца меры для таго, каб палепшыць працу калектыву.

У размове з завадчанамі Старшыня Савета Рэспублікі паведаміла, што наведвае шмат розных прадпрыемстваў, але МПЗ — упершыню. Працягваючы тэму дзейнасці прамысловасці, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што рашэнне кіраўніцтва краіны аб захаванні здабыткаў савецкага часу было правільным.

— Тое, што мы пакінулі заводы, якія працавалі ў савецкі час, важна. Жыццё паказала, што гэта падмурак нашай эканомікі. Тым больш мы валодаем добрымі кампетэнцыямі і спецыялістамі ў гэтай галіне, захавалі працоўныя калектывы, заработную плату, — падкрэсліла яна. 

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што глыбокай павагай ставіцца да людзей, якія працуюць на прамысловых прадпрыемствах. 

— Гэта цяжкая, няпростая праца. Мой бацька працаваў на такім жа заводзе, таму не па чутках ведаю аб складанасцях сферы, — узгадала яна і падкрэсліла. — Людзі ў такіх месцах рукамі ствараюць карысць не толькі для сябе, але і для дзяржавы, народа.

Падчас гутаркі з людзьмі Наталля Качанава падрабязна расказала аб навацыях, якія змяшчаюцца ў праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Таксама паведаміла аб дзейнасці шматлікіх дыялогавых пляцовак, якія акумулююць прапановы грамадзян па ўсёй краіне. 
Гаворачы аб рабоце над праектам зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Наталля Качанава заўважыла, што сенатары глыбока пагружаныя ў гэтую дзейнасць:

— Члены Савета Рэспублікі ўваходзяць у Канстытуцыйную камісію і працоўную групу па дапрацоўцы праекта Асноўнага закона нашай краіны. Цяпер мы прымаем актыўны ўдзел у сустрэчах з працоўнымі калектывамі, — акцэнтавала яна ўвагу.

Адзначыла спікер і той факт, што працягвае сваю дзейнасць грамадская прыёмная, якая створаная пры Савеце Рэспублікі для абмеркавання змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, куды беларусы звяртаюцца па тлумачэнні і з прапановамі.

— Пытанняў шмат, але самае важнае — што людзі сапраўды зацікаўлены ў гэтым, — падкрэсліла яна. — Яны з цікавасцю вывучаюць прапанаваны праект, уносяць свае прапановы і карэктывы.

Трэба сказаць, што прапаноў агучваецца досыць шмат.

— Але сёння ўжо можна выразна ўбачыць артыкулы і пытанні, па якіх паступае больш за ўсё прапаноў. Па выніках тыдня мы яшчэ больш абагульнім, але ўжо вымалёўваюцца асноўныя пытанні, якія хвалююць грамадзян, — патлумачыла спікер і назвала асноўныя з іх. 

Паводле яе слоў, многія прапановы звязаныя з сацыяльнай падтрымкай і гарантыямі людзей. 

— Вядома, усё гэта застаецца нязменным, больш таго: пытанні сацыяльнай абароны пашыраюцца — гэта падтрымка сем’яў, людзей з інваліднасцю, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Многіх хвалюе артыкул аб тым, што шлюб — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай. Гэта значыць, людзі выступаюць за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў у нашай краіне.

Акрамя таго, кажа Старшыня Савета Рэспублікі, клопат пра сваё здароўе — таксама хвалюе грамадзян і агучваецца падчас сустрэч з сенатарамі. 

— Дарэчы, людзі таксама прасілі прапісаць у Канстытуцыі забарону на прыватызацыю буйных горадаўтваральных прадпрыемстваў. Для многіх важна, каб заводы заставаліся ва ўласнасці краіны, — адзначыла Наталля Качанава.

Прапановы, якія паступілі ад грамадзян, будуць разгледжаны Канстытуцыйнай камісіяй і рабочай групай, падкрэсліла спікер. 
Наша даведка

ААТ «МПЗ» — экспартаарыентаванае машынабудаўнічае прадпрыемства, якое ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі і з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў падшыпнікаў ва Усходняй Еўропе і СНД. Асартымент падшыпнікаў налічвае больш за 600 мадэляў. Штогод з канвеера выходзяць больш за 5 мільёнаў падшыпнікаў.

Прадпрыемства займае тэрыторыю 368,5 тысяч «квадратаў», плошча вытворчых памяшканняў складае 163,5 тысяч метраў квадратных, складскіх памяшканняў — 249,5 тысяч.

Па стане на 1 снежня 2021 года спісачная колькасць работнікаў — 1584 чалавек, з іх 636 жанчын і 948 мужчын.

Сярэдні ўзрост персаналу прадпрыемства — 47 гадоў.

Дарэчы, на прадпрыемстве працуюць 69 чалавек з інваліднасцю, што складае 4,3 % ад агульнай колькасці работнікаў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.