Вы тут

Усіх ахвотных запрашае новы спартыўны аб'ект у Міханавічах


У аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна адкрылі сучасны шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Кіт».


Плавальны басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе.

Гэта добры падарунак жыхарам пасёлка, дзе налічваецца больш як 10 тысяч чалавек. На тэрыторыі сельсавета размешчаны 15 населеных пунктаў, у тым ліку два аграгарадкі, больш як 100 устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці, школы, дзіцячыя садкі, аддзяленне дзённага пражывання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Яны таксама змогуць наведваць ФАК, дзе будуць праходзіць рэабілітацыю. У комплексе створана безбар'ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Гэты знакавы аб'ект мы пабудавалі разам з адкрытым акцыянерным таварыствам «Газпрам трансгаз Беларусь». І я ўдзячны яго генеральнаму дырэктару Уладзіміру Маёраву за супрацоўніцтва, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. — У аграгарадку жыве шмат газавікоў, абслуговага персаналу, якія працуюць на гэтым прадпрыемстве. Цяпер у іх з'явілася магчымасць пасля напружанай работы добра адпачыць. Комплекс у Міханавічах — пачатак рэалізацыі такіх сумесных праектаў у вобласці. Сёння падпісана пагадненне з Крупскім раёнам. Мяркую, сёлета зробім праектаванне, магчыма, пачнём там будаўніцтва спартыўнага аб'екта і завершым яго ўзвядзенне ў 2023-м.

У наступныя гады, па словах Аляксандра Турчына плануецца значную ўвагу ўдзяляць развіццю сацыяльна-транспартнай інфраструктуры ў Мінскім раёне. Тут размешчаны буйныя населеныя пункты: Бараўляны, Калодзішчы, Мачулішчы, Гатава, Лугавая Слабада і іншыя. Аднак інфраструктура не адпавядае патрабаванням, якія аб'ектыўна выказваюць людзі. Для паляпшэння якасці дарог у Мінскім раёне прадугледжаны дадатковыя фінансавыя рэсурсы з абласнога бюджэту. Вядома, навядзенне парадку патрабуе значных затрат. Тым не менш, як бы складана ні было, вобласць, рэгіёны будуць укладваць сродкі ў аб'екты, якія паляпшаюць якасць жыцця людзей, уплываюць на іх здароўе, настрой.

Вядома, за папярэднія гады ў раёне зроблена нямала, з'явіліся новыя дзіцячыя садкі, школы, установы аховы здароўя, будаўніцтва якіх працягнецца і ў далейшым. Сёлета яны таксама будуць уводзіцца ў дзеянне. У планах на 2022-гі — больш маштабна падысці да Мачулішчаў, дзе яшчэ шмат праблем. У прыватнасці, неабходна ўладкаваць там дваровыя тэрыторыі, дарогі.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Міханавічах узведзены дастаткова аператыўна. У сакавіку 2020-га пачалі будаўніцтва, у снежні 2021-га аб'ект быў здадзены. Тут прадугледжаны 25-метровы басейн на 4 дарожкі і басейн, дзе будуць навучаць плаванню дзяцей, усіх ахвотных. У будучым з'явіцца аддзяленне воднага пола. Акрамя таго, у комплексе ёсць фітнес-зала, трэнажорная зала, цэнтр развіцця, турэцкая лазня і саўна, кафэ, фітабар. Побач з ФАКам уладкаваны адкрытыя футбольная, валейбольная, тэнісная пляцоўкі, аўтастаянка.

— Я думаю, што комплекс стане месцам прыцягнення не толькі жыхароў Міханавіч, але і суседніх аграгарадкоў, у цэлым Мінскага раёна. Таму што мы размешчаны на самай галоўнай артэрыі — трасе М1. Можна сказаць, што ўсе дарогі вядуць да нас. І мы будзем рады ўсім, — адзначыла старшыня Міханавіцкага сельвыканкама Святлана Давальцова. — Спадзяёмся, што ў нас будуць яшчэ новыя цікавыя аб'екты — аддзяленне рэабілітацыі са змяшанай паліклінікай, гандлёвы цэнтр, дзе можна будзе не толькі зрабіць пакупкі, але і адпачыць усёй сям'ёй. Зямельныя ўчасткі для гэтага ёсць.

Асноўнае прызначэнне комплекса — падрыхтоўка спартыўнага рэзерву па плаванні. Але аздаравіцца тут могуць усе ахвотныя. Жыхары Міханавіч і іншых населеных пунктаў могуць набыць абанемент на паслугі або наведаць ФАК аднаразова ў той час, калі тут не будзе трэніровак юных плыўцоў. У комплексе будуць створаны групы па навучанні плаванню, прадугледжаны такія паслугі як аквастэп, аквааэробіка. Таксама тут будуць праводзіцца спартыўныя мерапрыемствы.

Спартыўны аб'ект стаў сапраўдным падарункам, які з нецярпеннем чакалі мясцовыя жыхары. Да гэтага ім даводзілася ездзіць у Мінск, каб паплаваць. Цяпер жа ўсё неабходнае для заняткаў спортам, аздараўлення — побач, пад бокам, што дасць магчымасць сэканоміць час. Да комплексу зручна дабірацца з любога пункта пасёлка, паколькі ён пабудаваны практычна ў цэнтры аграгарадка.

На наваселле, як правіла, дораць падарункі. І гэтым разам кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ўручыў дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Алене Даніловіч сертыфікат на 30 тысяч рублёў для набыцця неабходнага інвентару. Менавіта на баланс гэтай установы перададзены ФАК.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.