Вы тут

Лукашэнка: Канстытуцыя, спосаб жыцця, вопыт пакаленняў фарміруюць характар народа


Прэзідэнт правёў нараду па выніках усенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі.


Асабіста далучыцца да працы над Асноўным Законам краіны кожны мог з 27 снежня. Менавіта ў гэты дзень тэкст, над якім спачатку працавала Канстытуцыйнай камісія, а пасля вузкая рабочая група, з’явіўся ў інтэрнет-прасторы. Заклік органаў улады папрацаваць сумесна транфармаваўся ў амаль 7000 водгукаў. Пераважная большасць з іх — за змены і змяшчае прапановы па ўдасканаленні нормаў. Асабліва актыўна грамадзяне выказваліся наконт фарміравання Усебеларускага народнага сходу, патрабаванняў да кандыдата ў Прэзідэнты, паняцця шлюбу, захавання гістарычнай праўды і памяці. Усё ж самым абмяркоўваемым стаў раздзел пра асабістыя правы і свабоды. Дыскусіі разгарнуліся наконт артыкула 21 пра сацыяльную адказнасць і ўнёсак грамадзяніна ў развіццё дзяржавы, а таксама наконт 45 артыкула пра захаванне і ўзмацненне ўласнага здароўя. Але некаторыя прапановы не ўлічваліся, бо Канстытуцыя не ў сілах змясціць у сабе ўсе нормы заканадаўства. Яны знойдуць сваё адлюстраванне ў нарматыўных актах, што будуць пасля прыняты ў развіццё Асноўнага Закона.

Адзначым, што нарада ў Палацы Незалежнасці прайшла ў пашыраным фармаце, з удзелам членаў Канстытуцыйнай камісіі, рабочай групы, спецыялістамі, што напярэдадні вынясення закона да ўсенароднага абмеркавання дашліфоўвалі прапановы. 

«Пра неабходнасць такой сустрэчы мы з вамі дамаўляліся ў рамках Канстытуцыйнай камісіі ў канцы мінулага года. Нагадаю, што ў краіне ўжо месяц, больш трох тыдняў, ідзе ўсенароднае абмеркаванне змяненняў у дзеючую Канстытуцыю. Мной было прынята рашэнне пра шырокае асвятленне прапанаваных навацый, каб атрымаць зваротную сувязь, ацэнку гэтага праекта ад спецыялістаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, простых людзей, у тым ліку дзяржслужачых, працоўных калектываў і арганізацый», — расказаў кіраўнік краіны пра падыход да падрыхтоўкі рэферэндума.

Прэзідэнт адзначыў, што ўнясенне паправак, сам працэс змяненняў, рэферэндум выклікалі жывы інтарэс у насельніцтва — у дыялогу ўдзельнічаюць усе групы і слаі насельніцтва, вядзецца шырокая інфармацыйна-тлумачальная работа дзяржаўнымі органамі.

«Вякаюць і нашы апаненты. У мяне аналіз ёсць іх заяў. Я там не бачу нічога, яны плятуцца ў хвасце, падхопліваюць любы тэзіс, любую коску ды пачынаюць яе крытыкаваць, абвяргаць. А тое, што ў іх там творыцца, не паддаецца крытыцы. Зараз яны ўжо адышлі ад свайго галоўнага лозунга „Перамены, перамены“. А мы пачалі працаваць у гэтым кірунку, гэта натуральны працэс. Але пачынаць неабходна як цывілізаваныя, дасведчаныя людзі, і асновай гэтых перамен павінна быць Канстытуцыя. Усё павінна быць па законе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, задача апанентаў улады была крытыкаваць усе прапановы і дзеянні кіраўніцтва краіны. У гэтым кантэксце ён пракаментаваў і рашэнне аб адпраўцы міратворцаў у Казахстан.

«Вы ж ведаеце, якая галоўная мара ў іх была ў сувязі з нашым міратворчым кантынгентам — каб адтуль прывезлі хоць адзін гроб цынкавы... Гэта была самая лепшая радасць. Ці гэта апазіцыя?! Гэта ворагі, хоць бы хавалі неяк свае мэты», — абураецца Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падзякаваў прысутным, прадстаўнікам органаў улады за правядзенне дыялогавых пляцовак, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, тлумачэнне працэсу канстытуцыйных змен. 

«Натуральна, і сам праект змяненняў Канстытуцыі з’яўляецца вынікам шматлікіх дыскусій, сустрэч, абмеркаванняў на тых жа дыялогавых пляцоўках. Прынамсі, мяне ніхто не можа папракнуць, што ў нас тут была абсалютная дыктатура, і мы не давалі магчымасці людзям выказацца. Выказаліся ўсе, хто хацеў гэта зрабіць», — заўважыў Прэзідэнт.

Але ён падкрэсліў, што ў многіх краінах свету Канстытуцыі, увогуле, не прымаюцца на рэферэндуме. Па іх праводзяцца дэбаты ў парламентах, дзе сканцэнтраваны спецыялісты законатворчай дзейнасці.

«Магу шчыра сказаць, што мая канцэпцыя заключалася ў тым, каб у цэнтры іх дзеянняў па змяненні Канстытуцыі быў Канстытуцыйны суд. Таму што больш моцных спецыялістаў, чым у Канстытуцыйным судзе (суддзі і спецыялісты, што вакол іх працуюць), у краіне больш няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што да канстытуцыйнага рэфармавання падключыліся парламентарыі, работнікі выканаўчых органаў улады, Адміністрацыі Прэзідэнта, адмысловая рабочая група, куды ўключылі вопытных спецыялістаў, і Канстытуцыйная камісія са складам ад моладзі да прафесараў.

«Потым мы пайшлі на суд народа, каб гэта было абсалютна дэмакратычна, як прынята ва ўсім свеце заяўляць і казаць. Мы прапанавалі народу зрабіць свае вынікі, пакрытыкаваць, выказацца. Атрымалі амаль сем тысяч прапаноў і заўваг ад абсалютна смешных да сур’ёзных. І вось гэта „кухня“ спецыялістаў усё гэта пераварыла і нам прыйшлося ўнесці дапаўненні ў той праект, што мы прапаноўвалі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што гэта яшчэ не ўсе, канчатковы праект будзе ўнесены ім на рэферэндум.

Паводле слоў Прэзідэнта, ні ў адной краіне свету не было такога маштабнага працэсу ў рабоце над Асноўным Законам, нават ў Расіі. І сцвярджае: улічваючы вопыт ўсходняй суседкі, у нас зрабілі працу над Канстытуцыяй больш шырокай і ўсенароднай.

«Далей два варыянты. Ці народ прымае змены да гэтай Канстытуцыі, і ў нас з’яўляецца абноўленая Канстытуцыя. Ці ён адмаўляе гэтыя прапановы, і ў нас застаецца старая Канстытуцыя. У гэтым увесь адказ на пытанне: каму гэта выгадна і трэба. Бо ўсё ж сышлося на тым, што гэта патрэбна толькі Лукашэнку. Калі шчыра, мне гэты працэс абсалютна не патрэбны. У мяне ёсць шмат пытанняў, ёсць, чым займацца. Часам столькі іх шмат, што пасядзець дома, пахварэць няма магчымасці. Не магу я не сустрэць сваіх сыноў, сваіх хлапцоў больш за 200 чалавек у аэрапорце і даручыць нікому гэта не магу», — дзеліцца Прэзідэнт.

Ён заўважае, што змены ў Канстытуцыі праводзяцца не ў інтарэсах Прэзідэнта.

«Лукашэнка сваё зрабіў. Засталося асноўнае: прыняць Канстытуцыю, змяніць законы і заканадаўства, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Гэта мы зробім. Гэта не праблема. Мы гэта будзем рабіць з парламентам, з вамі, з дзеючымі спецыялістамі, каб прывесці да лагічнага заканчэння канстытуцыйнага працэсу», — мяркуе Прэзідэнт.

Ён тлумачыць: неабходна разумець, што ні ў Канстытуцыі, ні ў законах усе выпадкі з жыцця не прапішаш. «Канстытуцыя, законы, вобраз жыцця, вопыт многіх пакаленняў — яны фарміруюць менталітэт, характар народа», — акцэнтуе кіраўнік краіны.

Ён заўважае, што некаторыя прапановы не ўкладаюцца ў змест Канстытуцыі, а датычыцца законаў, падзаконных актаў, і яны будуць змяняцца разам з жыццём — Асноўнаму Закону неабходны больш стабільны характар.

«Таму нельга пічкаць яго дэталямі. Дэталі — гэта для законаў і нават не для іх, а для падзаконных актаў. Мы дакладна выбудавалі іерархію. Я згадзіўся з прапановай юрыстаў, што настаў час нам адмяніць такія нарматыўна-прававыя акты, як дэкрэты Прэзідэнта. Гэта было на бурны ды небяспечны перыяд, калі неабходна было хутка прымаць рашэнні. 2020 год гэта паказаў. Верагодна, наш народ атрымаў імунітэт да гэтага. Ды і па іншых кірунках можам прымаць рашэнне. Я згадзіўся з тым, што Прэзідэнт не павінен прымаць дэкрэты, што носяць сілу большую, чым закон. Будзем спакойна развівацца ў гэтай плыні — Канстытуцыя, законы, указы, пастанаўленні, рашэнні, распараджэнні. Усё выбудавана ад жыцця, як ва ўсім свеце дэмакратычным і цывілізаваным», — акцэнтуе Прэзідэнт.

Выказаўся Прэзідэнт і пра пераемнасць пакаленняў ва ўладзе і пра ролю Канстытуцыі ў гэтым працэсе.

"Ёсць рэперныя кропкі, ёсць крытэрыі пэўныя. Мы дакладна вызначыліся: пакаленне цяперашняе павінна не сысці. Яно нікуды не сыдзе - больш за палову насельніцтва. Куды яно сыдзе? Яно павінна адысці на запасныя шляхі, даць магчымасць новаму пакаленню прыйсці спакойна, без шуму, без пылу, пачынаючы знізу, з сярэдзіны, зверху, да ўлады. Мы не павінны канфліктаваць з ім. Мы павінны, назіраючы, накіроўваць туды, куды трэба. Для гэтага трэба мець рычагі. Вось яно і ёсць: ВНС і гэтак далей. Цяперашні Прэзідэнт не вечны, прыйдуць новыя людзі. Хто яны будуць? Слухайце, ну будучыя прэзідэнты ў нашай краіне, яны практычна бачныя", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што новага лідара краіны не будуць выбіраць, як яго ў 1994 годзе.

«Убачылі нуворышаў, карупцыю, бандытызм у краіне. У нас стралялі ў людзей каля органаў улады, — успамінае Прэзідэнт. —  Людзям неабходна было нейкае выратаванне, вось яны і ўткнуліся ў Лукашэнку».

Зараз, па словах кіраўніка краіны, час дыктуе новыя ўмовы для лідараў.

«Зараз народ ушлы. Не тое жыццё. Адна справа — гаваркія прэзідэнты, іншая — калі за імі нешта стаіць, нейкі вопыт. Грамадства іншае, таму думаць, што абяруць выпадковага, як у сярэдзіне 90-тых, гэтага не будзе. Будуць людзі выбіраць свядома. І для гэтага нам патрэбная Канстытуцыя. Трэба, каб нармальныя людзі прыйшлі да кіравання. І каб мы потым локці не кусалі, што маглі нешта выправіць, але рычагоў не пакінулі», — адзначае Прэзідэнт.

Такім рычагом  і павінен стаць правераны орган УНС, заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Падтрымаў ён і неабходнасць замацавання ў абноўленай Канстытуцыі нормы аб абавязку грамадзян клапаціцца аб сваім здароўі.

Як растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, наконт гэтай нормы на дыялогавых пляцоўках разгараліся самыя бурныя дыскусіі: “Грамадскасць баіцца адмены бясплатнага лячэння і пераходу на аказанне медыцынскай дапамогі выключна на платнай аснове". У сувязі з гэтым была агучана прапанова выключыць дадзеную норму з праекта Канстытуцыі.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва распытаў удзельнікаў нарады аб іх думцы па гэтаму пытанню.

"Людзі супраць таго, каб яны адказвалі за сваё здароўе і клапаціліся пра яго? Слухайце, а што тут дрэннага? Я не разумею. Што дрэннага, што мы ў Канстытуцыі запісалі: Пятроў, Сідараў, Лукашэнка, Сяргеенка, гэта тваё здароўе і ты найперш за яго павінен адказваць. Што тут няправільна?" - задаўся лагічнымі пытаннямі Прэзідэнт.

Ён мяркуе, калі ў людзей ёсць насцярожанасць, неабходна прапісаць, што дзяржава будзе несці выдаткі на лячэнне людзей.


Каментарый у тэму

Пра ход грамадскага абмеркавання праекта Канстытуцыі расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. Па яго словах, дыялог з грамадскасцю ідзе вельмі актыўна, людзі праяўляюць высокі інтарэс да канстытуцыйнага рэфармавання. Паведамленні прыходзяць ад працоўных калектываў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і асобных людзей. 

«Напрацоўкі Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы, у цэлым, падтрымліваюцца і прымаюцца насельніцтвам. Шэраг заўваг носіць бытавы характар. Некаторыя ініцыятывы абумоўлены павярхоўным знаёмствам з тэкстам змяненняў або недастатковымі юрыдычнымі ведамі, — заўважыў Ігар Сергеенка. — Але атрымана вялікая колькасць змястоўных прапаноў, што мы дэталёва вывучылі».

З улікам зваротаў, што паступілі ад грамадзян, адрэдагавана больш за 30 артыкулаў Асноўнага Закона. А ў параўнанні з дзеючай Канстытуцыяй карэктуюцца ўжо 83 артыкулы, два выключаюцца, з’яўляюцца 11 новых.

На раніцу аўторка паступіла ўжо 7000 водгукаў на праект Канстытуцыі, заўважыў у каментарыі журналістам Ігар Сергеенка. Іх умоўна дзеляць на некалькі груп: першыя, найбольш канструктыўныя, будуць улічвацца, другая група прапаноў складаецца з парад, якія разгледзяць пры распрацоўцы законаў і падзаконных актаў. Яшчэ адна група водгукаў — эмацыянальныя выказванні грамадзян і павярхоўныя, недастаткова юрыдычныя прапановы. 

«Я дакладаў на пасяджэнні тыя навацыі, што носяць значны характар. Яны, у цэлым, былі падтрыманыя. Сёння-заўтра працягнем работу. У бліжэйшыя дні ўнясём праект указа і дапрацаваны праект тэксту змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі кіраўніку краіны», — абвясціў Ігар Сергеенка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.