Вы тут

Сенатары ратыфікавалі дамовы з Расіяй аб працягненні тэрміну знаходжання ваенных аб’ектаў


На восьмай сесіі Савета Рэспублікі быў разгледжаны законапраект «Аб ратыфікацыі міжнародных дамоў», падрыхтаваны Міністэрствам абароны. 


Як патлумачыў кіраўнік профільны міністр Віктар Хрэнін, праект закона падрыхтаваны з мэтай выказвання згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе пэўных міжнародных дамоў, якія тычацца парадку выкарыстання і ўтрымання радыёстанцыі ў Вілейцы і вузла ў Баранавічах, размешчаных на тэрыторыі нашай краіны. 

— Пагадненнямі вызначаюцца прававыя падставы размяшчэння расійскіх ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — патлумачыў кіраўнік ваеннага ведамства і адзначыў, што ўмовы дакументаў адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам. 

Віктар Хрэнін паведаміў, што ўмовамі пагаднення таксама прадугледжваецца працаўладкаванне грамадзян нашай краіны для работы на расійскіх ваенных аб’ектах. 

— У кантэксце апошніх тэндэнцый у міжнароднай палітычнай, эканамічнай сітуацыі на беларускім напрамку, працяг тэрмінаў дзеяння пагадненняў стане пацвярджэннем нашых абавязацельстваў у рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама стане падставай для рэалізацыі перспектыўных планаў развіцця двухбаковага ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, — падкрэсліў выступоўца. 

Як удакладніў у гутарцы з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь яшчэ з савецкіх часоў функцыянуе некалькі ваенных аб’ектаў.

— Гэта не ваенныя базы Расійскай Федэрацыі, — кажа старшыня профільнай камісіі. — Падышоў тэрмін падаўжэння адпаведных дамоўленасцяў Міністэрства абароны з расійскімі калегамі. 

Сенатар падкрэсліў, што падчас разгляду гэтай тэмы было знойдзена ўзаемапрымальнае рашэнне. 

— На сёння ў прынцыпе мы задаволеныя тым, якія рашэнні былі знойдзены. Гэта забяспечыць працяг шчыльнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы бяспекі, — перакананы Сяргей Рачкоў.
Паводле яго слоў, гэтыя рашэнні прынятыя на ўзаемна выгаднай аснове. 

— Тут ёсць пытанні абароны, фінансаў, эканомікі, а таксама сацыяльныя. У прыватнасці, на гэтых аб’ектах працуюць і будуць працягваць працаваць беларускія грамадзяне, атрымліваючы досыць добрае ўзнагароджанне, — рэзюмаваў ён.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».