Нарада па пытаннях рэалізацыі сумеснага расійска-беларускага праекта «Цягнік Памяці» прайшла сёння ў Савеце Рэспублікі.
— Мы праводзім чарговую рабочую нараду, прысвечаную падрыхтоўцы і прасоўванні па нашай тэрыторыі сумеснага расійска-беларускага праекта «Цягнік Памяці», які стартуе 22 чэрвеня, — расказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Віктар Лісковіч. — Сёння мы дэталёва з кожным рэгіёнам нашай краіны прапрацуем маршрут руху, прыпыначныя пункты, культурную праграму, харчаванне — увогуле ўвесь сацыяльны пакет.
Паводле слоў старшыні профільнай камісіі, удзельнікамі праекта з кожнага боку стануць па сто маладых людзей. Суправаджаць праект з беларускага боку будзе Савет Рэспублікі і Міністэрства адукацыі. Сенатар падкрэсліў: арганізатары зробяць усё неабходнае, каб праект прайшоў на высокім узроўні, а кожны прыпыначны пункт адрозніваўся індывідуальнасцю.
— Каб моладзь адчула атмасферу не проста свята, але і прасякнулася гістарычным мінулым, перш за ўсё тых гарадоў, якія яны будуць наведваць, — падкрэсліў Віктар Лісковіч.
Старшыня профільнай камісіі паведаміў таксама, што распрацоўваецца цікавае культурнае суправаджэнне праекта. На нарадзе, дарэчы, прайшла папярэдняя абарона праграм знаходжання цягніка ў кожным з рэгіёнаў краіны.
Віктар Лісковіч выказаў упэўненасць, што выбудаваная сістэма дазволіць не толькі правесці разавае мерапрыемства, а зрабіць гэты праект штогадовым і рэгулярным.
Трэба сказаць, што па тэрыторыі нашай краіны «Цягнік Памяці» пройдзе праз Брэст, Гродна, Віцебск, Оршу, Гомель, Магілёў і фінішуе ў дзень вызвалення беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 3 ліпеня — у Мінску.
На тэрыторыі Расіі ён зробіць прыпынкі ў Смаленску, Маскве, Вялікім Ноўгарадзе, Санкт-Пецярбургу. Усе 15 дзён дзеці і суправаджаючыя іх службовыя асобы будуць наведваць новыя пункты. Ноччу цягнік будзе перамяшчацца з горада ў горад, а днём будзе праходзіць насычаная праграма.
— Удзельнікамі праекта з’яўляюцца дзесяцікласнікі. То-бок, гэта практычна ўжо дарослыя маладыя людзі, якія скончаць школу і потым будуць вызначацца з прафесіяй, сваёй будучыняй. Веданне свайго мінулага, гісторыі дазволіць ім сфармавацца як паўнавартасным грамадзянам сваіх дзяржаў, — перакананы Віктар Лісковіч.
Вольга АНУФРЫЕВА
Прэв’ю: БелТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.