Вы тут

Як у Круглянскім раёне рэалізоўваюцца дзіцячыя ініцыятывы


Калі будзеце ў Круглым, дзеля цікавасці наведайце танцпляцоўку на беразе Друці. Любы месціч вам пакажа дарогу да яе. Магчыма, гэта і не самая вялікая ў раёне славутасць, але вельмі папулярная ў моладзі, асабліва ў летні перыяд. Днём непадалёк ад яе можна пазагараць, а вечарам — патанцаваць на дыскатэцы. Знамянальна, што заслуга ў існаванні гэтай танцпляцоўкі належыць не мясцоваму жылкамгасу, а... школьнікам. Менавіта яны ажыццявілі гэты праект у рамках свайго школьнага, то-бок дзіцячага, парламента. А цяпер плануюць яго яшчэ і развіваць.


Дзіцячы парламент, дарэчы, ёсць яшчэ не ў кожным раёне, але Круглянскі такую форму работы з моладдзю практыкуе ўжо восьмы год. І калі спачатку былі нейкія шурпатасці, то сёння такая работа ідзе гладка.

Суполка існуе пры Круглянскім раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Вясёлка» і непасрэдна супрацоўнічае з раённым Саветам дэпутатаў. Школьнікі ўдзельнічаюць у сесіях, выносяць на абмеркаванне свае прапановы. У раёне 6 школ, ад кожнай у парламенце есць прадстаўнікі. Усяго гэта 13 актыўных, крэатыўных, неабыякавых маладых людзей з 8-11 класаў. Выбары ў парламент праводзяцца штогод, і трэба яшчэ пазмагацца, каб трапіць у дзіцячы Савет.

— Я дзяўчына актыўная, паспяваю і спортам займацца, і грамадскім жыццём, — усміхаецца старшыня дзіцячага парламента Валянціна Коваль, вучаніца 10 класа Круглянскай школы № 1. — У парламенце ўжо другі год, першы — у якасці кіраўніка. Выбіраюцца таксама намеснік старшыні і сакратар парламента. Пра школьнае дэпутацтва даведалася яшчэ ў малодшых класах, марыла хутчэй падрасці і далучыцца да справы. Я добра ведаю, што нашай моладзі трэба, чаго ў горадзе не хапае для вольнага часу.

Менавіта Валянціна прапанавала летась рэанімаваць закінутую танцпляцоўку на беразе рэчкі. Аднагодкі падтрымалі ідэю, і дзяўчынка агучыла прапанову на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Дарослым задума спадабалася, а раённая арганізацыя «Аграпрамтэхзабеспячэнне» дапамагла яе матэрыялізаваць. Моладзь таксама ў баку не засталася: прыходзілі на суботнікі, дапамагалі прыбіраць смецце. Валянціна ўспамінае, што нават на планёркі, якія праводзіліся проста на беразе Друці, паспявала забягаць да школы. Трэба было нешта скарэкціраваць, узгадніць, дапрацаваць. У выніку атрымалася «цукерка». А галоўнае — нават рэкламы рабіць не прыйшлося. Усе школьнікі раёна ведалі, што ў Круглым ствараецца цудоўнае месца для адпачынку, і чакалі, калі нарэшце іх мара спраўдзіцца.

— Асабіста мяне натхніў яшчэ і вопыт маіх папярэднікаў, — прызнаецца школьніца. — Некалькі гадоў таму кіраўніком дзіцячага парламента была Ганна Кулікоўская. Цяпер яна студэнтка трэцяга курса БДУ. А калі кіравала нашым парламентам, прапанавала стварыць у гарадскім парку варкаўт-пляцоўку. Раённыя дэпутаты яе ідэю падтрымалі. Гэта пляцоўка і сёння папулярная ў нашых рабят. Туды прыходзяць пазаймацца і больш дарослыя людзі.

Валянціна прызнаецца, што такая грамадская работа навучыла яе шмат у чым разбірацца. Яна разумее, што трэба прапаноўваць рэальныя праекты, бо ўсё каштуе грошай і не заўсёды можа быць рэалізавана. Напрыклад, было б цудоўна мець сваю маладзёжную штаб-кватэру, дзе можна было б сустракацца, піць гарбату, гуляць у настольныя гульні. Але ж знайсці памяшканне не так проста, плюс яго трэба будзе рамантаваць і на нейкія сродкі ўтрымліваць. На жаль, са сродкамі праблема, таму даводзіцца больш цвяроза глядзець на такія рэчы.

Нядаўна дзіцячы парламент прапанаваў мясцовым дэпутатам рэалізаваць праект з летнім кінатэатрам.

— Гэта своеасаблівы працяг тэмы танцпляцоўкі, — з захапленнем расказвае Валянціна. — Дарослыя расказваюць, што ў час іх маладосці гэта была распаўсюджаная справа. І нам стала цікава. Чаму б не адрадзіць такую добрую традыцыю? Тым больш вялікіх затрат для гэтага не спатрэбіцца. Трэба знайсці толькі нешта накшталт экрана і прыстасавання для трансляцыі фільмаў. Наша танцпляцоўка ідэальна падыходзіць для летняга кінатэатра.

Дзяўчына кажа, што калі абмяркоўвала гэтую ідэю з сябрамі, адразу ж пайшлі прапановы канкрэтных фільмаў, якія б там можна было паглядзець. Але вырашылі падбор рэпертуару адкласці на потым. Сёння знайсці ў інтэрнэце падыходзячыя кінастужкі — не праблема. Вядома, што работа кінатэатра пад адкрытым небам абмежаваная сезоннасцю, аднак школьнікі перакананыя, што нават у такім фармаце можна было б заахвоціць моладзь бавіць час разам, кагосьці — адцягнуць ад шкодных звычак, паказаць, як шмат вакол адметных і карысных мерапрыемстваў.

Суразмоўніца прызнаецца, што работа ў парламенце дазволіла ёй пра многае даведацца, ацаніць свой патэнцыял. Нядаўна яна перамагла ў раённым этапе конкурсу «Лідар года», цяпер рыхтуецца да абласных спаборніцтваў. Жыць цікава і паўнавартасна нічога не перашкаджае, лічыць яна. І дзіцячы парламент — адзін са спосабаў дасягнуць такой мэты.

— Нас чуюць, падтрымліваюць, і гэта вельмі важна, — адзначае Валянціна. — Мы маем магчымасць уносіць свае прапановы, прагаворваць іх на публіцы, шукаць варыянты вырашэння. Гэта вельмі карысны вопыт. Нават у тым выпадку, калі прапанова не знайшла водгуку ў раённай улады.

Сяргей Храмцоў, старшыня Круглянскага райсавета дэпутатаў:

— Дзіцячы парламент — гэта наша змена і першыя памочнікі. У нас няма ВНУ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў, ёсць толькі школы, і там шмат дзяцей актыўных, якія жадаюць самарэалізавацца. Яны матываваныя, пасіянарныя, гатовыя да супрацоўніцтва. У іх ёсць ініцыятывы, але іх трэба пачуць. А пачуць іх можна толькі праз лідараў. І дзіцячы парламент вельмі добрае ўтварэнне, якое дапамагае выхоўваць такіх лідараў. Яны балаціруюцца, удзельнічаюць у выбарах — у іх усё па-сур'ёзнаму. Мы ж толькі дапамагаем, падцягваем, падказваем. Яны ведаюць, што патрэбна іх аднагодкам, і прапануюць ініцыятывы, якія трэба ажыццявіць у Круглым. Ініцыятыва пад назвай «Спуск да рэчкі і капітальны рамонт танцпляцоўкі» паказала, што такое супрацоўніцтва можа быць плённым. Мы нават па ініцыятыве школьнікаў залажылі там капсулу з пасланнем да нашчадкаў. Дзеці самі склалі тэкст і вызначылі дату, калі можна будзе адчыніць капсулу. А сёлета старшыня дзіцячага парламента выступіла з прапановай удасканаліць праект і зрабіць нешта накшталт летняга кінатэатра. Ініцыятыва нам падалася цікавай, і мы яе адназначна падтрымаем!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Валянціны КОВАЛЬ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.