Вы тут

У Мінску адбыўся ІІ Рэспубліканскі жаночы форум «Мір у руках жанчыны»


Актыўныя і ініцыятыўныя жанчыны з усіх рэгіёнаў краіны, прадстаўніцы ўсіх сфер дзейнасці сабраліся ў Палацы Рэспублікі, каб абмеркаваць ролю жанчыны ў сучасным свеце. Першы падобны форум стаў рэакцыяй жаночай супольнасці на жнівеньскія падзеі 2020-га года. Тады гэтую ініцыятыву — збірацца жаночым калектывам і ўдзельнічаць у жыцці краіны — вырашылі працягнуць. Цяпер гэта традыцыя.


— Наш першы форум стаў яркай старонкай у гісторыі суверэннай Беларусі, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. — Менавіта тады, у той няпросты час, ён як ніколі згуртаваў нас. Мы паставілі заслону спробам ачарніць светлы вобраз беларускай жанчыны: жанчыны-маці, жанчыны-працаўніцы, жанчыны-захавальніцы міру і сямейнага ачага. Было няпроста, але мы аб'ядналіся для таго, каб быць разам.

Спікер верхняй палаты парламента агучыла прывітальны адрас Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям форуму. «На імкненні да любові і стварэння прыгожай паловы чалавецтва шмат у чым трымаецца дабрабыт кожнай нацыі. Сямейныя, культурныя, духоўныя традыцыі мы бяром з малаком маці і застаёмся верныя ім на працягу ўсяго жыцця», — гаворыцца ў прывітанні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларускі саюз жанчын аб'ядноўвае людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. «Вы дасягнулі немалых вяршынь у прафесійнай кар'еры, заўсёды знаходзіце час не толькі для сям'і, але і для значнай грамадскай работы: прывіваеце падрастаючаму пакаленню любоў да Радзімы, дапамагаеце захоўваць памяць аб гераічным мінулым нашага народа, падтрымліваеце ветэранаў. Дзякуючы вам у складаны для краіны час пераканаўчы і сумленны голас беларускай жанчыны гучыць з айчынных і міжнародных трыбун», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам і гасцям форуму, а таксама іх блізкім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над Беларуссю.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што ў сучасным свеце, дзе так шмат злосці, нянавісці і падману, роля жанчыны, несумненна, узрастае. «Мы з вамі павінны зрабіць усё дзеля таго, каб захаваць мір і згоду — гэта ў нашых сілах, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — Сёння кожная жанчына разумее адказнасць за будучыню не проста сваёй краіны — за будучыню нашых дзяцей, тых пакаленняў, якія ідуць за намі».

Як заўважыла кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, саветнік старшыні Беларускага саюза жанчын Мар'яна ШЧОТКІНА, тэма форуму абсалютна адпавядае рэчаіснасці: мір у руках жанчыны. «Сёння вельмі шмат пытанняў, якія хвалююць жанчын: гэта, перш за ўсё, мір, а таксама сям'я, стабільнасць, — удакладніла яна. — Жанчыны прадстаўлены абсалютна ва ўсіх кірунках дзейнасці, у якіх прымаюць самы актыўны ўдзел. Місія жанчыны — місія стварэння. У нашай краіне жанчыны заўсёды на перадавой побач з мужчынамі. Жанчыны ніколі не дазволяць, каб чужыя боты тапталі нашу зямлю, каб быў парушаны мір у нашай краіне. Мы заўсёды будзем адзіныя з усім народам, нашым Прэзідэнтам. Адзінства — гэта наша сіла. У Год гістарычнай праўды, Год гістарычнай памяці вельмі важна, каб асаблівую ўвагу мы ўдзялялі нашым дзецям і моладзі, выхоўвалі іх у тых традыцыях, у якіх выхоўвалі нас нашы бацькі, дзяды і бабулі. Няма нічога больш важнага, чым мір, краіна, сям'я».

Удзельніцы форуму — прадстаўніцы розных сфер. «Гэта звычайныя жанчыны, якія вырошчваюць хлеб і кіруюць сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, якія працуюць у прамысловасці, гэта наша моладзь, прадстаўнікі сілавых структур, жанчыны мастацтва, — паведаміла старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, старшыня Беларускага саюза жанчын Алена БОГДАН. — Яны кажуць аб тым, для чаго важны мір, як яго захаваць і ў нашай краіне, і на ўсёй планеце. Жанчыны адчулі сябе той грамадскай сілай, якая працуе на карысць дзяржавы, адстойвае інтарэсы сваёй краіны: праз добрыя справы, падтрымку сем'яў, тых людзей, якім неабходная дапамога, шматлікія акцыі, заявы Беларускага саюза жанчын супраць санкцый, у складанай сітуацыі, якая ў нас склалася на заходняй граніцы, калі мы абсалютна па розных пытаннях звярталіся і да нашых грамадзян, і да сусветнай супольнасці. Жанчыны сёння з'яўляюцца аб'яднальнай сілай, якая рэальна можа многае».

Беларускі саюз жанчын з'яўляецца адной з найбольш масавых грамадскіх арганізацый у краіне. На цяперашні момант у яго складзе — звыш 150 тысяч чалавек. Жанчыны разумеюць, што іх чуюць, а справы, якія яны робяць, патрэбныя нашаму грамадству і дзяржаве.

— Ва ўсе часы роля жанчыны — вельмі адказная місія, — зазначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга ЧАМАДАНАВА. — Найперш, яна жыццё чалавеку дае і краіну абараняе. Правядзенне такіх форумаў з'яўляецца рэальнай магчымасцю выказаць нашым жанчынам сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы кажам аб тым, што мы, як і кожны грамадзянін нашай краіны, любім і абараняем нашу радзіму. Сваёй справай у першую чаргу.

Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Ад жанчыны залежыць многае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.