Вы тут

У свет выходзяць дзве кнігі-альбомы Уладзіміра Ліхадзедава


27 мая, у Полацку стартуе свята, якое датычыцца кожнага беларуса — юбілей самага старажытнага горада на нашых землях, аднаго з першых сярод славянскіх гарадоў — 1160 гадоў з часу яго заснавання. Праграма святкавання разлічана на тры дні, але асэнсаванне падзеі — справа куды больш працяглая, бо яна напаўняенас гонарам, натхняе і захапляе сваім зместам. І як ілюстрацыя і пацвярджэнне гэтаму — у свет выходзяць дзве кнігі-альбомы вядомага гісторыка і калекцыянера, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Назвы выданняў гавораць самі за сябе: «Полацк. Першая сталіца» і «Полацк. Крыніца ведаў і асветы прамень». Двухтомнік знаёміць з калекцыяй гісторыка, якая збіралася амаль паўстагоддзя. Рарытэты нагадваюць пра легендарныя і адкрываюць малавядомыя старонкі гісторыі горада, з якога пачалася сучасная незалежная Беларусь. Напярэдадні святкавання юбілею Полацка мы пагутарылі з аўтарам аб яго новым праекце.


— Я сам родам з Полацка, у мяне даўно пытаюцца: як жа так, палачанін, ужо больш 40 кніг-альбомаў зрабіў, а пра Полацк — ніводнай. Вось рукі дайшлі да малой радзімы, і на свет выйшла не адна, а адразу дзве кнігі. Яны на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай, адна адну дапаўняюць.

— Чаму менавіта дзве?

— З-за колькасці эксклюзіўнага матэрыялу. Можна было б і чатыры зрабіць. Але і гэтыя дзве, у параўнанні з іншымі, досыць тоўстыя — 288 і 304 старонкі. У першай хацелася паказаць, як выглядаў горад у мінулыя стагоддзі. Кнігі ўтрымліваюць тэкст і не толькі фатаграфіі і паштоўкі, як звычайна ў маіх выданнях, але і шматлікія ўнікальныя артэфакты і дакументы. Усё, што там ёсць, — з маёй калекцыі, там шмат унікальных рэчаў. Не браў нічога з музеяў або архіваў.

Першы альбом дазваляе ўбачыць, як выглядаў Полацк на старажытных абразах, гравюрах, літаграфіях, картах, фатаграфіях розных перыядаў. Завяршаецца гэты шэраг святкаваннем 1100-гадовага юбілею.

Другая кніга — «Полацк. Крыніца ведаў і асветы прамень» — аповед пра горад — духоўны і адукацыйны цэнтр, найбуйнейшы ва Усходняй Еўропе. З кнігі можна даведацца шмат цікавых фактаў пра княгіню Рагнеду, яе сыноў Ізяслава, якога празвалі Кніжнікам, і Яраслава Мудрага, пры якім быў складзены першы звод законаў «Руская праўда» — на 500 гадоў раней за Статут Вялікага Княства Літоўскага! У кнізе адлюстравана тэндэнцыя, якая прывяла да з'яўлення такіх асветнікаў сусветнага маштабу, як Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына.

Нездарма ў XVІ стагоддзі быў заснаваны Полацкі калегіум, які ў пачатку XІX стагоддзя пераўтвораны ў Полацкую акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі нашай краіны. У тым жа будынку пазней адкрыўся Полацкі кадэцкі корпус, пераемнікам якога з'яўляецца Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Расказваю і аб сваім гісторыка-асветніцкім праекце «У пошуках страчанага», які распачаўся на старонках выдання «СБ. Беларусь сегодня» і які падтрымлівае Выдавецкі дом «Звязда».

Праз фатаграфіі і ўнікальныя артэфакты альбомы паказваюць, як у Полацку перапляталіся развіццё навукі, адукацыі і асветніцтва. Напрыклад, можна ўбачыць парту XVІІІ стагоддзя з акадэміі, кнігі, сшыткі, асабістыя рэчы...

Цяжка вылучыць нешта. Ёсць кніга, якую падпісаў і падарыў дырэктар кадэцкага корпуса генерал-маёр Тыртоў аднаму з вучняў. Набор алоўкаў заснавальніка рускай феналогіі, арнітолага, прафесара Дзмітрыя Нічыпаравіча Кайгародава, былога выхаванца Полацкага кадэцкага корпуса. Упрыгожаны каляровай эмаллю і пазалотай срэбны пісьмовы прыбор яго сына, знакамітага мастака Анатоля Кайгародава. Даведнік акадэміі 1814 года з пералікам прадметаў, якія там вывучаліся. Першае грунтоўнае выданне «Жыція Еўфрасінні Полацкай» 1781 года. Сувенірная картка з абедзенным меню кадэтаў 5 снежня 1903 года на французскай мове: закускі, боршч, кансамэ прэнтаньер (суп з вясновай гародніны) з маленькімі піражкамі, філе рыбы марлін, дзічына — заечына і рабчык, пламбір і кава… І такіх цікавых рэчаў безліч.

— Колькі вы збіралі гэтую калекцыю?

— Амаль паўстагоддзя — 47 гадоў.

— А вам 57?

— Так. Яна пачалася менавіта з Полацка. Потым распаўсюдзілася на ўсю Беларусь. Праекту «У пошуках страчанага» ўжо 18 гадоў. Паступова захапленне перарасло ў работу. Таму ўжо больш за 40 кніг на дадзеную тэму, сотні выстаў, тысячы публікацый.

— На адной з гравюр XІX стагоддзя, размешчанай у кнізе «Полацк. Першая сталіца», можна ўбачыць храмы горада са старажытнай іконы прападобнай Ефрасінні. Там іх, прынамсі, шэсць.

— У кнізе шмат выяў цэркваў, якія не захаваліся. У тым ліку каменныя храмы Барысаглебскага манастыра XІІ стагоддзя. Велічны і адначасова паветраны Свята-Мікалаеўскі сабор першай паловы XVІІІ стагоддзя, страчаны помнік віленскага барока, а таксама яго ўнутраны выгляд...

Але тут не толькі будынкі, гарадскія краявіды: у абодвух альбомах шмат унікальных і вельмі цікавых дакументаў. Напрыклад, тастаменты XVІ стагоддзя, медаль за ўзяцце горада Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 годзе... Такіх прадметаў адзінкі ў свеце. Я вельмі стараўся, каб кнігі пра Полацк захоплівалі тых, хто бярэ іх у рукі.

— За партай Полацкай акадэміі з вашай калекцыі зручна сядзець?

— За ёй стаялі. Яна цікавая, зробленая як секрэтэр. Падобная парта ёсць у Царскасельскім ліцеі, за такой вучыўся Пушкін. Стоячы пісаць больш зручна, так лепш захоўваецца пастава і лягчэй сканцэнтравацца, а мяркуючы па пераліку прадметаў, якія вывучалі ў акадэміі, канцэнтрацыя патрэбная была значная.

— Ці ёсць сярод размешчаных у кнізе калекцыйных прадметаў такі, за якім хаваецца асабістая гісторыя?

— Фатаграфія 1930-х гадоў Івана Антонавіча Мацюшкіна з жонкай. Гэта мой дзед, ён быў першым дырэктарам Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка.

— Дзед паўплываў на фарміраванне вашага захаплення?

— Не магу сцвярджаць, бо яго не стала, калі я быў малы. Калі пачаў збіраць сваю калекцыю, ён ужо не працаваў. Але я тады збіраў усё: манеты, маркі, значкі, адкрыткі... Так, першыя полацкія адкрыткі мне трапіліся ў дзесяць гадоў. Гэта калекцыяй нельга назваць, але яны першыя.

— Які быў Полацк у XІX стагоддзі?

— Зялёным. Яго ўпрыгожвалі Сафійскі і Мікалаеўскі саборы, храмы Барысаглебскага манастыра. Галоўныя вуліцы былі брукаваныя, там і тратуары былі брукаваныя, на іншых вуліцах — драўляныя, іх мянялі кожны сезон. Гэта ўжо была не сталіца, але былая веліч адчувалася: Замкавая гара, рака, вежы храмаў... Калі глядзіш на старыя адкрыткі, адчуваеш гэта. І мне хочацца перадаць такое адчуванне іншым людзям і наступным пакаленням. Таму і кнігі з'явіліся, і назвы ў іх такія: «Першая сталіца» і «Крыніца ведаў і асветы прамень». Гэта важна памятаць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Ля Дзвіны і Палаты стаіць горад святы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.