Вы тут

Цуд рукатворны, Альбо Іканапіс беларускай душы


«Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі — выстаўка не толькі пра святых і іх справы, але і пра беларускую душу і талент, што праступаюць у абразах нават з традыцыйнымі сюжэтамі. 


Маці Божая Адзігітрыя

Ой, што ж гэта: ці я выбірала кірунак, ці гэта мой шлях вядзе, куды трэба і калі трэба? Задаеш сабе пытанні, шукаеш адказы — а тут падказка. Выстаўка беларускіх абразоў у Нацыянальным мастацкім музеі. Нельга сказаць, што для мяне гэта асабістае адкрыццё: і дарогу да храма ведаю, і на ранейшых падобных выстаўках у музеі бывала. Аднак часам чалавеку патрэбна паразмаўляць з самім сабою, а мастацтва стварае стварае глебу для ўнутранага дыялогу. І вось дзве лініі сышліся ў музейнай прасторы, каб даць такое неабходнае супакаенне і радасць праз мінулае, якое нам цяпер можа ўяўляцца змрочным (таму што далёкае), але дае прыклады неверагодных магчымасцей чалавека і творцы — быць сабой, нават у такім мастацтве як іканапіс, у якім былі замацаваныя пэўныя каноны. 

Ілля Прарок. Мсціслаўска-крычаўскі район

Маці Боажая Адзігітрыя. Брэст

Маці Божая Адзігітрыя. Слуцка-палескі рэгіён

Каб найлепш паказаць нашу асаблівую мясцовую іканапісную спадчыну, аб’ядналі намаганні чатыры музеі, у калекцыях якіх знаходзяцца прадстаўленыя творы: акрамя Нацыянальнага мастацкага, яшчэ Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава. Ідэя і канцэпцыя належыць Юрыю Піскуну. Панарама атрымалася шырокая як па рэгіёнах, дзе былі створаныя абразы, так нават па часе: каб лепш адчуць асаблівасць мясцовага іканапісу, што асабліва выявілася ў XVII стагоддзі, нам прапануюць пачаць крыху раней і зазірнуць крыху далей. Самабытны стыль у іканапісе не ўзнікае імгненна — і гэта можна зразумець. І, як ні дзіўна, фарміраваўся ён не ў адарванасці ат таго свету, што акаляў нашых продкаў. Наадварот, пад яго уплывам: штосьці запазычвалася, засвойвалася, але нейкім чынам усё ж набывала асаблівы каларыт, блізкі і зразумелы мясцовым жыхарам. Майстры, засвоіўшы праваслаўныя каноны, ведалі падыходы да працы, што з’яўляліся ў Заходняй Еўропе, адчувалі асаблівы рэнесансны настрой, ды пры гэтым назіралі за жыццём на сваёй зямлі, за сваімі суседзямі — харошымі людзьмі, што паказвалі прыклад хрысціянскага жыцця. Вось жа Параскева Пятніца — знакаміты і пазнавальны абраз з рэнесанснымі рысамі: так, адметны фон, але не менш цікава ўглядацца ў твар. Часам здаецца, што такія рысы магла мець звычайная жанчына, якую выявіў майстар. І ці не таму ёсць адчуванне, што з абразу Багародзіцы глядзіць простая жанчына, маці, якая любіць свайго сына, разумее, што ў чалавечым жыцці шмат гора, але мае надзею, што дабро ў свет прыходзіць нездарма. І такія розныя нашы Багародзіцы ў выявах з розных мясцін. 

Тройца старазапаветная

Уваскрашэнне. Сашэсце ў пекла. Пінскі майстар

Надзея творцы — каб яго работы бачылі людзі. Надзея іканапісцаў — каб абразы служылі людзям. І мы рэдка задумваемся пра тое, што за кожнай іконай (акрамя Духа божага, без якога складана зрабіць такую працу) стаіць чалавек, мастак. Я вось ведала дагэтуль імя Пятра Яўсеевіча з Галынца. Але гісторыя не заўсёды захоўвае імёны. Нашчакі потым выяўляюць творы аднаго майстра — па ўласцівай толькі яму манеры, і тады ўзнікае умоўнае імя, напрыклад, «Брэсцкі майстар». Колькі такіх невядомых майстроў хавае гісторыя...

Цалаванне Іакіма і ганны Брэсці майстар

Царская брама. Пінск

А ў выпадку з беларускай гісторыяй, было шмат варункаў, калі самі храмы не захоўваліся, ды былі страчаныя іканастася ці абразы, створаныя для іх. Таму вялікая праца ў рэстаўратараў, якія раскрываюць запісаныя творы, узнаўляюць страчаныя фрагменты — і гэтыя элементы выстаўкі напоўненыя драматызмам з пазнакай часу і надзеяй на сучасныя магчымасці аднаўлення. А ёсць і адваротныя прыклады. Мае «землякі» — абразы з Брэстчыны, з царквы Нараджэння Маці Божай у мястэчку Шарашова. Цэлы ансамбль з 24 твораў, узор захаванага святочнага яруса беларускага іканастаса. Ці абразы іканастаса Успенскай царквы жыровіцкага манастыра, якія паступілі ў музей з ласкі мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Вось што сапраўды цудоўна: каб не страціць, трэба думаць, каб захаваць, а музейнае жыццё з сучасным абсталяваннем гэтаму больш спрыяе. Выстаўкі забяспечваюць галоўнае, дзеля чаго былі створаныя абразы — каб людзі іх бачылі. І каб маглі ўступаць у пазачасовы дыялог з тымі, хто замацаваў святло беларускай душы. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.