Вы тут

На ваенны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы ўпершыню набіраюць дзяўчат


Па-першае, у тылавых службах войскаў нямала прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Менавіта жанчынам у многіх вайсковых часцях даручаюць узначальваць службы тылавога забеспячэння. Як і ўласціва добрым гаспадыням, яны беражліва захоўваюць ваенную маёмасць і рацыянальна размяркоўваюць яе. Па-другое, ужо даўно прафесія афіцэра, як і многія іншыя, не асацыіруецца выключна з мужчынскай постаццю. Не горш за моцны пол выконваюць адказныя задачы і жанчыны ў пагонах, якія сёння, здаецца, умеюць усё. Арміі патрэбныя прафесіяналы — менавіта гэта галоўнае.


Падчас выпуску афіцэраў факультэта.

Напярэдадні чарговай уступнай кампаніі, а таксама гадавіны са дня стварэння ваеннага факультэта, карэспандэнт «Звязды» накіравалася на Гродзеншчыну, у адзін з найстарэйшых універсітэтаў краіны. Курсанты вучацца ў асобным корпусе — ужо з самых першых дзён свайго знаходжання ў навучальнай установе яны адчуваюць сябе вайскоўцамі. І не толькі таму, што носяць ваенную форму і курсанцкія пагоны. Вучэбныя карпусы, а таксама месца пражывання курсантаў знаходзяцца ў самым сэрцы армейскага жыцця — на тэрыторыі 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.

Аднак гэта абсалютна не азначае, што служыць выпускнікі ваеннага факультэта будуць тут, у адным з элітных злучэнняў Узброеных Сіл. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ажыццяўляе падрыхтоўку ваенных кадраў у маштабах усёй краіны — як для патрэб абароннага ведамства, так і ў інтарэсах Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па афіцэрскія пагоны

Нягледзячы на свой невялікі, нават непаўналетні ўзрост, — днямі ваенны факультэт адзначае 17-годдзе — у навучальнага падраздзялення склалася свая школа падрыхтоўкі кадравых афіцэраў. Апошнія навучаюцца па наступных кірунках: «Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых», «Тылавое забеспячэнне войскаў» (харчаваннем) і «Тылавое забеспячэнне войскаў» (рэчавай маёмасцю).

У кожнай воінскай часці фізічнай падрыхтоўцы ваеннаслужачых удзяляецца асаблівая ўвага. Невыпадкова спецыяльнасць, звязаная са спортам, карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў. Калі будучыя спецыялісты тылу здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па мове, фізіцы і матэматыкі, то будучыя начальнікі фізічнай падрыхтоўкі і спорту воінскіх часцей — мову, біялогію і ўступныя іспыты па фізічнай культуры. Не меншай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаецца і спецыяльнасць «Тылавое забеспячэнне войскаў», аб чым сведчаць традыцыйна высокі конкурс і прахадны бал.

Сваіх абітурыентаў прадстаўнікі ваеннага факультэта ведаюць у твар. Ваеннаслужачыя праводзяць шырокую прафарыентацыйную работу: праз установы адукацыі, цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, абласныя кадэцкія вучылішчы.

— Мы звяртаем увагу на тых навучэнцаў, якія выказалі жаданне паступаць да нас, — расказвае намеснік начальніка факультэта па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Яўген СКІБА. — У выніку на факультэце ствараецца база патэнцыяльных абітурыентаў. З гэтымі зацікаўленымі людзьмі падтрымліваецца зваротная сувязь: мы нагадваем ім аб тым, калі трэба звярнуцца ў ваенкамат, паведамляем аб парадку ўступнай кампаніі, кантралюем, каб маладыя людзі не прапусцілі цэнтралізаванае тэсціраванне. Вядома, мы змагаемся за абітурыентаў. Чым больш іх у нас, тым больш шанцаў, што на выхадзе атрымаецца якасны прадукт.

На факультэце, дарэчы, вучацца не толькі ўраджэнцы Гродзеншчыны. Па якасныя веды і афіцэрскія пагоны сюды едуць маладыя людзі з усёй краіны. Налета будзе для гэтага яшчэ адна падстава — факультэт пачне ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў тылу па кірунку «гаруча-змазачныя матэрыялы». У выніку факультэт стане адзінай ваенна-навучальнай установай, якая будзе рыхтаваць спецыялістаў тылу для патрэб сілавога блока краіны.

Вопытныя выкладчыкі і навуковая школа

Курсанцкае жыццё падобнае на жыццё салдата: распарадак дня, дысцыпліна, воінскі статут... Праўда, ваенная навука — тое, што адымае большую частку часу. Аднак ад яе залежыць многае: перш чым прыйсці ў войска, афіцэр павінен быць падкаваны тэарэтычна. Вядома, практыку падчас навучання таксама ніхто не адмяняў.

Адметную ролю ў падрыхтоўцы будучых афіцэраў адыгрывае і тое, што факультэт знаходзіцца на базе 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Стрэльбішчы, палігоны, майстар-класы ад прафесіяналаў сваёй справы — усё, што патрэбна сапраўднаму вайскоўцу, даступна ў любы час. У сваёй штодзённай дзейнасці курсанты прыбліжаны і да быту ваеннага чалавека, яны бачаць афіцэрскае жыццё знутры.

Пашанцавала і ў тым, што навучальныя дысцыпліны ім выкладаюць вопытныя афіцэры, якія прайшлі дастатковы тэрмін службы ў войсках. Працуюць на факультэце і цывільныя асобы — як правіла, гэта афіцэры запасу, якія маюць багаты практычны вопыт ваеннай службы і педагагічны стаж. Ім ёсць што перадаць будучаму пакаленню абаронцаў. Адметна, што выкладчыкамі на кафедрах (а іх тут тры: агульнавайсковай падрыхтоўкі, тылавога забеспячэння, тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых) пасля службы ў войсках працуюць і выпускнікі ваеннага факультэта. Некаторыя з іх ужо абаранілі кандыдацкую дысертацыю.

Створана на факультэце і свая навуковая школа. Як заўважае намеснік начальніка факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце — першы намеснік начальніка, палкоўнік Генадзь Пясляк, навуковая работа праводзіцца як прафесарска-выкладчыцкім саставам, так і курсантамі. «Пры кожнай кафедры створаны ваенна-навуковыя гурткі, якія аб'яднаныя ў ваенна-навуковае таварыства факультэта, — удакладняе афіцэр. — Курсанты займаюцца шматлікімі даследаваннямі, удзельнічаюць у канферэнцыях, публікуюць навуковыя артыкулы, актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядах. Сёлета, напрыклад, нашы хлопцы сталі прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды сярод ваенных вышэйшых устаноў па замежнай мове і па матэматыцы».

У навуковай дзейнасці ўдзельнічае каля 85 % ад усёй колькасці курсантаў. Некаторымі іх распрацоўкамі можна ганарыцца. У прыватнасці, укаранёны ў штодзённую дзейнасць наглядны дапаможнік, які замацоўвае парадак нашэння ваеннай формы вопраткі і знакаў адрознення ваеннаслужачых Узброеных Сіл, на падставе якога выдадзены адпаведны загад міністра абароны. Таксама ў войсках выкарыстоўваецца распрацаваная навуковай супольнасцю факультэта інструкцыя аб парадку арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі ва Узброеных Сілах, створаны вучэбны дапаможнік па пераадоленні паласы перашкод.

Выпускнікоў, якія прадэманстравалі сваю цікавасць да ваеннай навукі, адбіраюць у рэзерв навуковых кадраў. Праўда, непасрэдна падысці да навуковых даследаванняў яны змогуць толькі пасля таго, як набяруцца рэальнага вопыту ў войсках. «Тэарэтычна малады чалавек не можа праводзіць даследаванні, ні разу не пабываўшы ў арміі, — перакананы Генадзь Пясляк. — Афіцэраў, якія схільныя да навуковай дзейнасці, мы суправаджаем падчас іх службы, затым накіроўваем у магістратуру Ваеннай акадэміі. Напрыклад, шэсць чалавек вярнулася да нас у якасці выкладчыкаў факультэта».

Ці вернецца ў родныя сцены хтосьці з 28 лейтэнантаў, якія днямі атрымалі афіцэрскія пагоны і дыплом аб вышэйшай адукацыі, сёння сказаць ніхто не бярэцца. Затое ўсе, хто прыклаў руку да іх прафесійнага сталення, аднагалосна сцвярджаюць: яны падрыхтавалі высакакласных спецыялістаў, сапраўдных абаронцаў Айчыны.

Адзін з іх — Яўген Макарук, які неўзабаве папоўніць шэрагі начальнікаў тылавых службаў адной з воінскіх часцей краіны. Малады чалавек прызнаецца, што чатыры гады навучання праляцелі вельмі хутка. Ён ні разу не пашкадаваў, што абраў менавіта гэтую прафесію. «Ваенная справа ў нашай краіне заўсёды запатрабаваная, а спецыяльнасць, якую я абраў, вельмі цікавая, — заўважае Яўген. — Для мяне заўсёды прыкладам быў мой бацька, афіцэр у адстаўцы. З самага дзяцінства пагоны на плячах былі для мяне паказчыкам аўтарытэтнасці і прэстыжу. Пры выбары прафесіі нават не ўзнікала сумненняў, кім я буду».

А вось Дзмітрый Дзямчук, таксама выпускнік факультэта, не адразу зразумеў, з чым ён хоча звязаць свой лёс. З прафесіяй вызначыўся толькі пасля тэрміновай, а затым кантрактнай службы, якую, дарэчы, праходзіў у адным з элітных воінскіх падраздзяленняў краіны, — у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

— Вельмі сумна сыходзіць з факультэта, бо, па сутнасці, мы пакідаем сваю другую сям'ю, — падзяліўся малады чалавек. — Нашы афіцэры былі для нас бацькамі і заўсёды давалі адзіна правільныя парады і настаўленні. Баявыя таварышы сталі роднымі братамі, і, натуральна, расставацца з імі таксама не хочацца. Але ёсць у гэтым і нешта прыемнае — неўзабаве мы распачнём выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў.

У адзіным страі

Неўзабаве ў сцены навучальнай установы прыбудзе новае папаўненне. Многіх з навічкоў, як правіла, у першую чаргу хвалюе змена абстаноўкі. Курсанты, дарэчы, жывуць у камфортных умовах. Калі навучэнцам першых курсаў прапаноўваецца казарменнае размяшчэнне, старшакурснікі жывуць у пакоях блочнай сістэмы. І ў адных, і ў другіх ёсць зоны для адпачынку, у тым ліку трэнажорная зала. Створаны ўсе ўмовы і для таго, каб малады чалавек быў заўсёды акуратна і чыста апрануты.

Дзяўчаты, якія неўзабаве папоўняць курсанцкія шэрагі, будуць размяшчацца асобна. Як і належыць прадстаўніцам прыгожай паловы, умовы пражывання для іх будуць яшчэ больш камфортнымі. Вядома, нарматывы па фізічнай культуры — у адпаведнасці з палавой прыналежнасцю. У астатнім жа — у адным страі з хлопцамі. На факультэце ўпэўненыя: справяцца. Па сілах дзяўчатам і іх будучая прафесія. Калі правесці паралель, то начальнік харчовай або рэчавай службы ў арміі — прыкладна тое ж, што эканаміст, бухгалтар ці лагіст у грамадзянскім жыцці.

Так будучыя афіцэры здавалі дзяржаўны экзамен.

— Калі выступаеш перад аўдыторыяй школьнікаў, цікавасць да ваеннай прафесіі праяўляюць дзяўчаты, — адзначае Яўген Скіба. — Калі расказваеш аб прафесіі вайскоўца, бачыш, як у іх гараць вочы.

Нават узроўнем фізічнай падрыхтаванасці і здароўем, як заўважаюць прадстаўнікі факультэта, дзяўчаты не саступаюць хлопцам. Гэта пра абітурыентаў. Калі ты ўжо паступіў на ваенны факультэт, скардзіцца на здароўе апрыёры недарэчна — іначай не прайшоў бы медыцынскую камісію. А курсанты і не скардзяцца. Наадварот, усе як адзін яны сябруюць са спортам. Падчас правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спаборніцтваў традыцыйна ваенны факультэт атрымлівае прызы. А ў пераважнай большасці яны першыя. Нядаўна, напрыклад, атрымалі «золата» ваенна-прыкладнога мнагаборства сярод ваенных факультэтаў і інстытутаў грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

На факультэце, дарэчы, створана пазаштатная рота ганаровай варты, якая ўдзельнічае ў гарадскіх і гарнізонных мерапрыемствах, што праводзяцца ў Гродне і ў вобласці. Некалькі разоў выступалі і на ўзроўні рэспублікі. Нягледзячы на тое, што ў першую чаргу курсанты павінны вучыцца, гэта нічуць не перашкаджае ім рыхтаваць кожны год новую праграму пляц-канцэрта. Ды і выкладчыкі, якіх яшчэ трэба пашукаць: служылі ў Ваеннай камендатуры Мінска, у самай галоўнай роце ганаровай варты. Адзін з іх, Павел Шпарла, у свой час нават узначальваў элітнае падраздзяленне, якое прадстаўляе краіну на самых адказных мерапрыемствах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў.

Не ўпусціць пакаленне

Вялікая работа выкладчыкамі і курсантамі вядзецца па ваенна-патрыятычным выхаванні — як на факультэце, так і на базе школ: гэта і правядзенне ўрокаў мужнасці, і арганізацыя на працягу навучальнага года дзён адкрытых дзвярэй, экскурсій. Ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні ў школах. Прычым не толькі Гродна, а і ўсёй вобласці. Работа, да якой многія падключыліся ў Год гістарычнай памяці, на ваенным факультэце была актуальная заўсёды.

— Паглядзіце, што адбываецца ў нашых заходніх, паўднёвых суседзяў, — звяртае ўвагу Яўген Скіба. — Упершыню трапіўшы ва Украіну пасля распаду Савецкага Саюза, я быў у шоку, бо ўбачыў канкрэтную падмену паняццяў, ідэалаў. Усё, што раней там было святым, цяпер знішчана. З помнікамі савецкай эпохі знішчылі ўсю гісторыю. Дзеці, якія цяпер там растуць, маюць зусім іншы погляд на жыццё. Нам, каб не дапусціць такога, трэба працягваць тую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні, якую мы паспяхова вядзём. Для таго каб нацызм не ішоў па нашай зямлі, якая ўсё жыццё змагалася з ім, нам гэта неабходна.

Невыпадкова каторы год запар на базе факультэта арганізоўваецца вучэбна-палявы збор з навучэнцамі Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Гэты не стаў выключэннем. На працягу тыдня хлопцы і дзяўчаты жывуць на тэрыторыі воінскай часці, разам з ваеннаслужачымі і курсантамі спасцігаюць азы ваеннай навукі. Для іх арганізоўваюцца заняткі па тактычнай, страявой, агнявой, інжынернай падрыхтоўцы, а таксама радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне. Ёсць час як для культурнай праграмы, так і для спартыўных мерапрыемстваў. Школьнікі атрымліваюць задавальненне ад магчымасці наведаць факультэт, некаторыя з іх задумваюцца аб тым, каб трапіць сюды ўжо ў якасці курсанта.

Начальнік вучэбна-палявога збору, старшы выкладчык агульнавайсковай кафедры падпалкоўнік Дзмітрый ГРУШЭЎСКІ адзначае, што сёлета прыйшлі вельмі моцныя дзеці: як фізічна, так і маральна. «Некаторыя кадэты валодаюць выдатнымі навыкамі аказання першай медыцынскай дапамогі, чаму яшчэ ў іх варта павучыцца, — удакладняе ён. — Вядома, многія лічаць прафесію афіцэра рамантычнай, аднак, трапляючы на збор, разумеюць, што быць ваенным — гэта яшчэ і штодзённая адказная служба, ад якой многае залежыць».

Вераніка КАНЮТА

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.