Вы тут

Беларусь адсвяткавала Дзень Незалежнасці


У Беларусі 3 ліпеня – Дзень незалежнасці – галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці.

Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме. Гэтае свята стала сімвалам нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы. Яно адзначаецца ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 3 ліпеня 1944 года.

3 ліпеня кожны беларус аддае даніну гераізму і стойкасці салдат, самаадданай барацьбе падпольшчыкаў, вялікаму працоўнаму подзвігу тых, хто ўздымаў краіну з руін, будаваў заводы, дамы, школы.

Сёлета святочныя мерапрыемствы ў Дзень Незалежнасці па традыцыі прайшлі па ўсёй краіне. У Мінску 3 ліпеня адбылося мноства мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел жыхары і госці сталіцы.


Фота: БелТА

Ігар Сергеенка: У такія дні разумееш, як важна адзінства

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка падкрэсліў, што Дзень Незалежнасці – свята, якое выпакутавана многімі пакаленнямі. 

«3 ліпеня — гэта галоўнае свята ў годзе — Дзень Рэспублікі. Дзень Незалежнасці — свята, якое выпакутавана многімі пакаленнямі, што аддавалі свае жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адбудоўвалі краіну ў пасляваенны час. Сёння мы развіваемся як суверэнная краіна. І бачачы, што адбываецца навокал, разумееш, наколькі важна шанаваць тое, што маеш, наколькі важна абараняць сваю краіну ў эканамічным плане, наколькі важна ўмацоўваць абараназдольнасць. Мусіць, у такія дні разумееш, як важна адзінства нашых людзей у стваральнай працы. Трэба проста выдужаць, як кажа Прэзідэнт. Новыя пагрозы фарміруюць новыя задачы», — заявіў ён.

Уладзімір Пярцоў: Гэта дзень свабоды

Уладзімір Пярцоў, міністр інфармацыі запэўніў, што беларусы заўсёды будуць адзначаць Дзень Незалежнасці. 

«3 ліпеня для ўсіх беларусаў гэта свята, у любы час, незалежна ад знешняй кан’ектуры, ад унутраных працэсаў, усе беларусы адзначаюць гэты дзень, як галоўнае свята краіны, як дзень, калі наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для ўсіх нармальных беларусаў гэты дзень з’яўляецца днём вызвалення, днём будучай свабоды, днём, калі нацыя змагла працягнуць фарміравацца. Бо нам была нарыхтаваная зусім іншая доля і не было б ніякіх беларусаў і ніякага дня незалежнасці і ніякай краіны не было б. Таму гэта свята для нас святое, і мы будзем адзначаць яго заўсёды, у любым становішчы».

Сяргей Лебедзеў: У беларусаў хопіць сіл пераадолець цяжкасці

Старшыня Выканаўчага камітэта — Выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што сёлета Беларусь сустракае Дзень Незалежнасці сярод сяброў. 

«Сёння шмат непрыемнага для беларусаў, для расіян, для ўсёй садружнасці. Але ў свята хочацца гаварыць аб добрым. І сёння я магу з задавальненнем сказаць, што Беларусь сустракае сваё свята сярод сяброў, пры падтрымцы сяброў. Я як старшыня выканкама СНД магу сказаць, што Садружнасць Незалежных дзяржаў, Еўразійскі саюз падтрымліваюць братоў-беларусаў у гэты цяжкі час, дапамагаюць пераадольваць цяжкасці ў эканоміцы. І я ўпэўнены, Беларусь вытрымае, Беларусь выстаіць. Яна і сама моцная, і сёння ў святочны дзень хочацца гэта падкрэсліць. У беларусаў хопіць сіл пераадолець цяжкасці, супрацьстаяць ціску, які на яе аказваецца. Але лягчэй гэта пераадолець пры падтрымцы сяброў, а такая падтрымка ў яе ёсць і яна аказваецца. Хочацца пажадаць беларусам міру і працвітання», — сказаў ён. 

Беларусы гатовы адстойваць сваю незалежнасць

Наталля Воранава, старшыня мінскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб’яднання «Белая Русь», заўважыла, што Дзень Незалежнасці важны для кожнага чалавека і для ўсёй краіны ў цэлым. 

«Калі глядзець з гісторыі нашай краіны, гэта сапраўды свята выпакутаванае, гэта наша свята. Вялікая Айчынная вайна закранула кожную сям’ю, краіна была разбурана. І мы як ніхто ведаем, што такое генацыд. Кожная сям’я захоўвае сваю гісторыю. Таму я лічу, што дзень незалежнасці нашай краіны — гэта той дзень, які важны для кожнага чалавека, для кожнай сям’і і для нашай краіны ў цэлым. Беларусы гатовыя адстойваць сваю незалежнасць, гэта наша краіна, наша родная зямля, зямля нашых бацькоў, нашых продкаў. і як зараз паказвае геапалітычная сітуацыя, незалежнасць дорага каштуе. І мы, беларусы, павінны ўносіць свой уклад у развіццё сваёй дзяржавы», — запэўніла яна. 

Уладзімір Каранік: Незалежнасць – доля моцных

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік заявіў, што беларусы не аддадуць сваю незалежнасць. 

— За гады незалежнасці Беларусь прайшла вялікі шлях, і я думаю, ні ў кога не ўзнікае сумнення, што яна даказала сваё права быць незалежнай дзяржавай. Ёсць вядомая фраза: незалежнасць — доля моцных. І я магу сказаць, улічваючы цэнтралізаваную сістэму кіравання, устойлівую эканоміку, а галоўнае нашых людзей, якія хацелі проста жыць у міры з суседзямі на сваёй зямлі. Шмат стагоддзяў праз іх з’явілася гэтая магчымасць. І я ўпэўнены, што нікому яны гэтай магчымасці не аддадуць. 

Уладзімір Радзівілаў: Трэба адстойваць нашу незалежнасць

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Радзівілаў падкрэсліў, што Дні Незалежнасці — сутнасць беларускай душы. 

«Дзень Незалежнасці — гэта свята і артыстаў, і рабочых, і інтэлігенцыі. У гэтым свяце сутнасць нашага жыцця. Мы заўсёды яму радуемся. Я заўсёды прысутнічаю на гэтым свяце, таму што ў ім ёсць сутнасць нашага яднання, нашай душы, любові да нашай Беларусі. Трэба адстойваць нашую незалежнасць, нашу Беларусь, таму што ў нас іншай, акрамя нашай краіны, няма. Беларусь — гэта святая зямля нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, і мы павінны гэта захаваць для будучых пакаленняў. Гэта наша любімая краіна, у якой мы жывём, шануем яе і заўсёды будзем ганарыцца ёй і яе абараняць.

Ядвіга Яропкіна: Абаранілі тады, абаронім і цяпер

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ядвіга Яропкіна заўважыла, што няма нічога важнейшага за мірнае жыццё. 

«Для мяне Дзень Незалежнасці значыць вельмі шмат. Няма нічога важней таго, што мы маем сёння — вольную незалежную краіну любімую. Самае галоўнае, што дзеці могуць спакойна гуляць, старыя -спакойна спаць, гэта самае галоўнае ў жыцці. Мы тады абаранілі краіну, і абаронім зараз. Нарадзілася я ў Мінску, пражыла доўгае жыццё. Я шмат працавала, маю ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга. Змоладу працавала ў шпіталі, на вайне была санітаркай, цягала параненых, потым працавала на электратэхнічным заводзе. Галоўнае, што маю задавальненне ад таго, што я змагла зрабіць для нашай краіны».

Валерыя СЦЯЦКО


Міншчына: Урачыстасці на Кургане Славы і абласное свята ў Мядзеле

Ва ўсіх раёнах Міншчыны і горадзе Жодзіна прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Беларусі. Гэта мітынгі, выступленні творчых калектываў, ускладанне кветак да брацкіх магіл, месцаў масавых пахаванняў мірных жыхароў, помнікаў воінаў-вызваліцелям.

Пачатак святочным мерапрыемствам паклалі ўрачыстасці на мемарыяльным комплексе «Курган Славы». Тут адбылося ўскладанне кветак. Працавалі таксама выстаўкі. Адна з іх прысвечана Году гістарычнай памяці. Яна працягнецца да канца жніўня. Наведаць выстаўку можна кожныя выхадныя.

Вечарам а шостай гадзіне ў Мядзелі – абласное свята ў Амфітэатры на беразе возера. Удзельнікі паслухалі расійскага спевака Дзяніса Клявера. У горадзе працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, фудкорты, дэгустацыя розных страў. Усе ахвотныя набылі рамесніцкія сувеніры, прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў.

Удзельнікі выканалі гімн Беларусі ў межах рэспубліканскай акцыі «Спяём гімн разам». Закончылася свята маляўнічым феервекам і дыскатэкай.

Жыхароў цэнтральнага рэгіёна з Днём Незалежнасці павіншаваў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. «Беларусь прыклала шмат намаганняў, каб пабудаваць суверэнную дзяржаву, якая стабільна развіваецца. Поспехі і дасягненні краіны – заслуга кожнага жыхара», –падкрэсліў Аляксандр Турчын. Ён нагадаў, пра тое, што ўсвеце нестабільная абстаноўка: «Усе мы з трывогай назіраем за тым, што адбываецца ў іншых дзяржавах. У такія моманты асабліва разумееш наколькі хрупкая наша рэальнасць і як лёгка страціць упэўненасць у заўтрашнім дні. Таму нам трэба яшчэ мацней аб’яднацца і цаніць ўсё тое, што маем», — заклікаў Аляксандр Турчын суайчыннікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


У Гродзенскай вобласці да Дня Незалежнасці падрыхтавалі святочную праграму і асвяцілі самы вялікі ў Беларусі звон

Традыцыйна ў гэты дзень гродзенцы прыйшлі ў парк імя Жылібера, дзе ля помніка загінуўшым воінам гарыць Вечны агонь. Кіраўнікі горада і вобласці, ветэраны, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый усклалі вянкі і кветкі да мемарыялу як даніну памяці тым, хто здабываў незалежнасць для будучых пакаленняў.

— Невыпадкова менавіта дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў сталіцы нашай Радзімы – Мінска- стаў галоўным нацыянальным святам. Гэта вечны напамін аб тым, што за незалежнасць краіны аддалі сваё жыццё мільёны патрыётаў, - падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Ужо многія гады не адно пакаленне беларусаў жыве пад мірным небам, без жахаў вайны. І хаця ў моладзі іншыя светапогляды і жыццёвы ўклад, у іх таксама закладзены гены пераможцаў, імкненне да абароны незалежнасці і суверэнітэта сваёй краіны,  упэўнены кіраўнік рэгіёна. Ён выказаў спадзяванні, што зараз абсалютная большасць грамадзян разумее каштоўнасць стабільнасці і бяспекі, як і тое, што дзяржаўнае будаўніцтва, нацыянальныя інтарэсы патрабуюць надзейнай абароны, адзінства і згуртаванасці народа. Неглядзячы на складанасці, Беларусь будзе і надалей праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народа і будаваць эфектыўную і квітнеючую дзяржаву і справядлівае грамадства,  зазначыў Уладзімір Каранік.

Урачыстае адкрыццё святочных мерапрыемстваў у Гродне адбылося на плошчы Савецкай. Адным з важных момантаў стала ўшанаванне трох  новых лаўрэтаў Кнігі славы Гродзенскай вобласці.

Мабільная сцэна – адна з цэнтральных лакацый свята, але далёка не адзіная. Вялікая праграма святочных мерапрыемстваў сустракае наведвальнікаў парка імя Жылібера і мікрараёнаў Гродна. Тут працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку і па вырабу ветразяў. Адбудзецца запуск мадэляў абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці. На плошчы Савецкай размясцілася выстаўка аўтамабіляў, вялікі фуд-корт, праходзяць канцэртныя праграмы шматлікіх музычных калектываў вобласці.

Знакавая падзея адбылася ў Слонімскім раёне. 

У гонар Дня Незалежнасці ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры асвяцілі самы вялікі ў Беларусі звон. Яго вага – 14 тон. Ён выраблены ў памяць аб суайчынніках, якія набліжалі Перамогу ў вайне супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У год гістарычнай памяці гэта асабліва сімвалічна. Аб гэтым сведчаць барэльефы ўсіх дванаццаці гарадоў-герояў – Мінска, Масквы, Санкт- Пецярбурга, Наварасійска, Тулы, Смаленска, Мурманска, Валгаграда, Адэсы, Керчы, Севастопаля, Кіева і крэпасці-героя Брэста, а таксама такіх знакавых месцаў, як Хатынь, Трасцянец і Курган Славы.  Барэльефы размешчаны паміж вялікімі іконамі з выявай Хрыста, Маці Божай і святых правяднікаў.

 Звон пакуль устаноўлены на часовай звонніцы. А зрабілі яго майстры расійскага Варонежскага завода пры садзейнічанні кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, банка ВТБ і Жыровіцкага манастыра. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыаршы экзарх усяе Беларусі Веніамін.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА


Ушанаваннем памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, канцэртамі і вялікім сямейным святам адзначае Магілёў Дзень Незалежнасці 

Святочны Магілёў, расквечаны усмешкамі дарослых, шчаслівымі тварамі дзяцей, фантанамі, сцяжкамі, радуецца шчодраму сонейку і мірнаму блакітнаму небу. Сённяшнія мерапрыемствы сталі працягам той вялікай праграмы, якую Магілёў прысвяціў 755-гадоваму свайму юбілею і Дню Незалежнасці. Учора па ўсёй вобласці адкрыліся інтэрактыўныя дзіцячыя пляцоўкі, дзе дзеці змогуць вывучаць гісторыю роднага краю. Яны створаны ў рамках абласнога праекта Нашчадкам Вялікай Перамогі!«, які прысвечаны Году гістарычнай памяці.

— Наш долг захаваць памяць пра ўсенародны подзвіг, пра ўклад кожнай сям’і ў агульную Перамогу і перадаць гэта моладзі, нашым дзецям, — падкрэслілі ў аблвыканкаме.

Пра тое, што менавіта гэта самае каштоўнае ў жыцці беларусаў сёння казала падчас мітынгу на Буйніцкім поле кіраўніцтва вобласці і горада. Вітэранаў, жыхароў і гасцей горада вітаў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

— Дзень Незалежнасці — сімвал адзінства нашага грамадства, пераемнасці пакаленняў і павагі да традыцый, — адзначыў ён у сваёй прамове. — Гэта свята ўвасабляе ў сабе мужнасць і гераічнае мінулае нашага народа. Лёсавызначальныя даты ёсць у кожнага народа, яны выклікаюць найвышэйшы духоўны ўздым і адзінства ўсіх грамадзян. За шматвякавую гісторыю на лёс нашага народа выпалі самыя трагічныя падзеі і трыумфы небывалых перамог. Сёння мы ганарымся тым, што жывем у роднай Беларусі, і кожны год 3 ліпеня падкрэсліваем: незалежнасць найвялікшая каштоўнасць любога народа. Будзем берагчы яе, будзем за яе змагацца, як гэта рабілі нашы гераічныя продкі. Беларусь жывы помнік гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наша краіна страціла кожнага трэцяга ў той вайне і таму з такім трапятаннем мы шануем памяць пра тых, дзякуючы каму жывем пад мірным небам. Перад намі, нашчадкамі пераможцаў, сёння стаіць задача выйграць другую, інфармацыйную вайну, дзе вызначаецца наша будучае. Год гістарычнай памяці дае нам, асабліва моладзі, узважыць, якую цану заплацілі нашы продкі за імкненне мірна жыць і працаваць на роднай зямлі. Нельга дапускаць фальсіфікацыі фактаў гісторыкі.

Удзельнікі ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання. Да мемарыялу былі ўскладзены кветкі і вянкі. 

Шмат магіляўчан сабрала ў горадзе асноўная канцэртная пляцоўка на Плошчы адзінства. Зараз тут праходзіць канцэрт «Табе нашы спевы, родная Беларусь!» . Гучаць песні ў выкананні творчых калектываў магілёўскіх дзіцячых школ мастацтваў і коледжа мастацтваў. Па суседству, у сверы А.Герцына, развярнула свае рознакаляровыя рады выстава-кірмаш «Горад мастроў». Дзіцячымі галасамі гучыць гарадскі парк Падніколле. Сёння тут праходзіць сямейнае свята «Мы дзеці твае- Беларусь».

Магіляўчан чакае насычаная вячэрняя праграма. На канцэртнай пляцоўцы Плошчы адзінства дзіцячыя калектывы змене заслужаны калектыў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Гукамі жывой музыкі напоўніцца і сквер 40-годдзя Перамогі, дзе адбудзецца культурна-забаўляльная праграма «Святочны настрой». А ў 21.00 свята перамесціцца на плошчу Славы, пікам яго стане агульнарэспубліканская акцыя «Спаем гімн разам!» і святочны феерверк.

Нэллі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара


Агульнымі намаганнямі і стваральнай працай. Дзень Незалежнасці ў Брэсце

Па даўняй традыцыі святкаванне Дня Незалежнасці ў Брэсце пачынаецца акцыяй ускладання кветак да помніка «Вызваленне». Пакланіцца подзвігу вызваліцеляў прыйшлі кіраўнікі горада і вобласці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь. 

Гадзінай пазней людзі сабраліся на плошчы Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць абаронцаў цытадэлі і ўсіх воінаў, якія загінулі за Радзіму ў той вайне. Воіны Брэсцкага гарнізона прайшлі ўрачыстым маршам уздоўж некропаля і манумента «Мужнасць». Да Вечнага агню былі ўскладзены вянкі і кветкі. 

— Тое, што мы зараз адзначаем свята ў цытадэлі вечнай памяці і ёсць складнік, а яшчэ — сімвал нашай незалежнасці — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. — Мы маем сваю дзяржаву, сваю мяжу, эканамічна ні ад каго не залежым. Нам, свабоднай нацыі, беларускаму народу ёсць што святкаваць у гэты дзень. 

Варта сказаць, што адзначаць Дзень Незалежнасці Брэст пачаў за два дні напярэдадні. У пятніцу прайшло свята Ленінскага раёна пад назвай «Зямля герояў». У мікрараёне Дуброўка выступілі самадзейныя і прафесійныя артысты, была наладжана разнастайная праграма для дзяцей з шоу мыльных бурбалак, атракцыёнамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. 

— Брэст упэўнена сустракае свята, а брастаўчане, як ніколі, усведамляюць важнасць мірнай, стваральнай працы і разумеюць, што толькі агульнымі намаганнямі можна дасягнуць вынікаў — сказаў журналістам падчас святкавання старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

У суботу на вуліцы Савецкай іграў духавы аркестр, гараджан парадавалі сваімі выступленнямі юныя і дарослыя салісты. Вялікая канцэртная праграма чакала гледачоў каля гандлёвага цэнтра «Экватар». 

Цэлы дзень у нядзелю працягваліся народныя гулянні. У тым ліку ў абноўленым да гэтай даты парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вячэрні канцэрт у крэпасці завяршыўся акцыяй «Спяём гімн разам». 

Яна СВЕТАВА

Фота БелТА


Больш 15 тысяч гамяльчан у жывую плынь пакаленняў аб’яднала святочнае шэсце ў гонар Дня Незалежнасці

У Гомелі па традыцыі па цэнтральнай вуліцы Савецкай, ад плошчы Паўстання да плошчы Леніна, прайшлі ўдзельнікі святочнага шэсця — прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны і моладзь. Маштабнае ўрачыстае мерапрыемства аб’яднала 15 тысяч гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра самых розных пакаленняў. 

— Дзень Незалежнасці — свята, якое яшчэ раз прымушае нас задумацца, наколькі важныя мір і незалежнасць. Гэта трэба тлумачыць і дзецям, — карыстаючыся магчымасцю заклікаў удзельнік шэсця, работнік ААТ «Гомельшкло» Андрэй Марцінкевіч. Гамяльчаніна падчас урачыстага шэсця прышлі падтрымаць яго трое дзетак.

Так, усе неабыякавыя грамадзяне, сем’і з дзецьмі, моладзь змаглі разам з ветэранамі вайны і працы, кіраўніцтвам вобласці і горада, членамі Савета Рэспублікі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, актывістамі грамадскіх аб’яднанняў у чарговы раз ушанаваць памяць тых, хто вярнуў нашай зямлі мір і свабоду. 

Мітынг-рэквіем і цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да брацкай магілы воінаў і падпольшчыкаў адбыліся на плошчы Працы. Аб тым, што 3 ліпеня — гэта не толькі дзень вызвалення нашай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта сімвал нязломнасці беларускага народа, непахіснай веры ва ўласныя сілы, нагадаў падчас выступлення на ўрачыстым мітынгу ў Гомелі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. 

— Мы павінны захаваць гістарычную праўду, не дапусціць адраджэння фашызму. Стварайце сем’і, жывіце духоўна, выхоўвайце дзяцей. Мы і далей будзем рабіць для гэтага ўсё: будаваць жылыя кварталы, радзільныя дамы, спартыўна-забаўляльныя ўстановы, ствараць камфортныя ўмовы для работы і адпачынку, заняткаў спортам і творчасцю. Прычым не столькі для перамог і рэкордаў, колькі для задавальнення, гарманічнага развіцця, умацавання здароўя і радасці зносін з блізкімі людзьмі, — адзначыў губернатар.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што справай у імя выратавання стала захаванне сямейных каштоўнасцяў, радасці мацярынства і бацькоўства, чысціні душы. Бескампрамісны адказ беларусаў на чарговыя спробы Еўропы насадзіць свой парадак, свае непрымальныя для нас каштоўнасці. 

— Самае галоўнае і каштоўнае ў жыцці — гэта сям’я! Спачатку, у якой мы нараджаемся, а затым, якую ствараем! Жывіце з Богам, стварайце шчаслівыя сем’і, выхоўвайце дзяцей, — пажадаў жыхарам Гомельшчыны і ўсім беларусам Іван Крупко.

Свой запавет сучасным пакаленням падчас урачыстага мітынгу ў Гомелі адрасавала і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аэліта Самсонава. 

— Памяць — гэта не толькі даніна мінуламу. Нельга быць грамадзянінам, патрыётам, калі не ведаеш і не паважаеш мінулага свайго народа. Няхай у вашых душах заўсёды гарыць той агеньчык, тая сіла духу, якая дапамагла нашаму пакаленню перамагчы ў кровапралітнай сутычцы з ворагам, які замахнуўся на нашу Радзіму, — пажадала ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Аэліта Самсонава.

Між тым у абласным цэнтры ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці атмасферай вялікага агульнанацыянальнага свята ахапілі ўсе знакавыя гарадскія пляцоўкі. На галоўнай плошчы Гомеля лепшыя калектывы горада далі святочны канцэрт. Тут жа гамяльчане і госці горада змаглі ацаніць выставу сучаснай тэхнікі і стаць удзельнікамі этнафестывалю «Жывуць рамёствы продкаў». Майстар-класы і выставачная экспазіцыя разгарнуліся ў скверы імя Кірылы Тураўскага. Разам з усёй краінай ярка, цікава, маштабна галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці адзначылі і жыхары ўсіх раёнаў Гомельшчыны. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА


Субоцін: У беларускага народа ёсць гены пераможцаў, якімі яны па-сапраўднаму ганарацца

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прайшлі на Віцебшчыне. Афіцыйная частка ў горадзе над Дзвіной прайшла на плошчы Перамогі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. У мітынгу прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутацкага корпусу, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, духавенства, моладзь.

«У беларускім календары дата 3 ліпеня 1944 года стала новай кропкай адліку гісторыі нашай краіны. Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы адзначаем як галоўнае дзяржаўнае свята. Імкненне нашага народа быць самастойным — гэта стрыжань, які дае сілы, узмацняе нацыю», — адзначыў у сваім выступленні старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Віцебская зямля падчас ваенных ліхалеццяў стала арэнай для жудасных карных аперацый: «Котбус» у Докшыцкім раёне — знішчаны 99 вёсак; у вёсцы Шунеўка фашысты спалілі і забілі 66 мірных жыхароў; «Зімняе цуда» на поўначы Беларусі... «Гэта была на проста захопніцкая вайна, гэта — сведчанне мэтанакіраванай палітыкі генацыду беларусаў. Сёння сведкамі тых страшных эпізодаў з’яўляюцца мемарыяльныя комплексы, абеліскі, якія ў Год гістарычнай памяці сталі аб’ектамі асаблівага клопату. На мармуровыя пліты занесены звыш 180 тысяч байцоў, рэгулярна добраўпарадкоўваюцца брацкі пахаванні. Гэта наш доўг, памяць аб героях-вызваліцелях», — заключыў губернатар.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі. Пасля прысутныя аддалі даніну памяці Герою Савецкага Саюза Пятру Міронавічу Машэраву ля яго бюста. Гэта значная асоба ў беларускай гісторыі аб’ядноўвае перамогу над фашызмам і пасляваеннае адраджэнне нашай краіны.

Святочныя мерапрыемствы ў паўночнай сталіцы пачаліся яшчэ ў пятніцу на шматлікіх гарадскіх пляцоўках, завершацца яны рэспубліканскай акцыяй «Спяём гімн разам» на плошчы Перамогі ў 22:55. А роўна а адзінаццатай гадзіне над мірным небам Віцебска заззяюць агні салютаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.