Вы тут

Уладальніца прыза імя Мулявіна аб эмоцыях на «Маладзечна-2022»


У Маладзечне падчас XXІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі традыцыйна адбыўся Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Сярод удзельнікаў былі як юныя таленты, якія толькі пачалі свой творчы шлях, так і маладыя канкурсанты, што паспелі дасягнуць пэўных вышынь і атрымалі дыпломы на іншых творчых спаборніцтвах. Выканаць дзве песні айчынных аўтараў на беларускай мове — вось галоўная ўмова, якой павінны прытрымлівацца ўдзельнікі. Гран-пры, а таксама спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — крыштальную гітару — атрымала 24-гадовая Ганна Рыбакова. Дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова па спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», а цяпер працуе педагогам-арганізатарам у магілёўскай школе. Маладая спявачка падзялілася з «Чырвонай зменай» сваім жыццёвым крэда, а таксама распавяла аб эмоцыях, якія адчувала падчас выступлення.


Захапляцца музыкай Ганна пачала яшчэ ў раннім узросце, калі ў дзіцячым садку выкладчык заўважыў яе вакальныя здольнасці і параіў развіваць іх далей. Але прафесійная творчасць пачалася крыху пазней — у восьмым класе будучая выканаўца стала часткай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцячай эстраднай студыі «Вясёлыя ноткі».

У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні Ганна ўдзельнічала не ўпершыню. Падчас «Маладзечна-2021» дзяўчына таксама спрабавала свае сілы, але не ўвайшла ў спіс пераможцаў. На пытанне, ці хвалявалася, выходзячы на сцэну другі раз, спявачка шчыра прызналася: «Вядома, хваляванне было. Але выступала з усведамленнем таго, што трэба зрабіць усё добра, а далей няхай будзе, што будзе».

Па словах Ганны, эстрадная музыка ёй бліжэй за іншыя жанры. Але суразмоўніцы падабаецца дадаваць у эстраду прыёмы з розных стыляў, напрыклад, народныя або джазавыя элементы.

Адметна, што ўдзельнікі конкурсу выступаюць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Максіма Расохі. Ганна прызнаецца, што давялося доўга шукаць і падбіраць песню, якая прагучала б разам з аркестрам. У выніку выбралі кампазіцыю «Закаханая» групы «Аўра». Другой песняй, якую выканала Ганна, стала «Гора не бяда» Ірыны Дарафеевай. «Лічу, што песні павінны быць не толькі цікавымі, але падыходзіць і падабацца менавіта мне», — дадала спявачка.

Безумоўна, Гран-пры ў конкурсе маладых выканаўцаў — высокае дасягненне. Але існуе яшчэ шмат магчымасцяў і пляцовак, дзе маладыя ўдзельнікі могуць прадэманстраваць свой талент. На пытанне, якія новыя мэты Ганна паставіла перад сабой, атрымліваю стрыманы, але дакладны адказ: «Не хачу пакуль загадваць. Буду развівацца, а далей усё будзе зразумела». Спявачка адзначае, што таленавітым людзям часта не хапае ўпартасці, і наадварот. Яна лічыць, што тым, хто займаецца творчасцю, неабходна развіваць абодва напрамкі.

Адна справа — выступаць на сцэне, зусім іншая — працаваць са школьнікамі. Як дзяўчына, якая зусім нядаўна сама скончыла ўніверсітэт, спраўляецца з гэтай задачай? Творчая і арганізацыйная дзейнасць не выклікае ў Ганны складанасцяў — кантакт з дзецьмі ўстанаўліваецца лёгка: «Яшчэ калі вучылася ва ўніверсітэце, часта ездзіла працаваць у дзіцячы летнік, пасля праходзіла размеркаванне ў сваім родным калектыве, дзе ў мяне былі тры вакальныя групы. Таму сёння не адчуваю ніякіх складанасцяў».

Было цікава даведацца, наколькі шмат часу свайго жыцця дзяўчына прысвячае музыцы, ці мае яна паралельна нейкія хобі? Ганна распавяла, што музыка з'яўляецца яе асноўнай дзейнасцю. Але ёсць яшчэ адна справа, на якую спявачка згодная выдаткаваць уласны час, — гэта чытанне. Адна з любімых кніг — «Птушкі на цернях» Колін Макалаў.

У канцы размовы пытаюся ў маладой выканаўцы аб галоўным для яе прынцыпе. «Заўсёды заставацца чалавекам. Трэба верыць у сваю мару і ў самое сябе, а таксама працаваць. Тады ўсё абавязкова атрымаецца», — раіць Ганна таленавітым юнакам і дзяўчатам, якія мараць выступаць на вялікай сцэне.

Арына КАРПОВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.