Вы тут

Валянціна Быстрымовіч: «Там напісана ісціна»


Мы адпачывалі ў вёсцы «Прыгожая гара» ў Тасканiі. Маляўнічая мясцовасць, жыхары ветлівыя, размераны лад жыцця. Адаспімся, надыхаемся горным паветрам і ніякага тэлевізара. У першы ж дзень пазнаёміліся з пажылым англічанінам. Ён абедаў за суседнім столікам і з цікавасцю на нас пазіраў. Можа, таму што вёсачка маленькая — усе адзін аднаго ведаюць? Дарэчы, усе вітаюцца.


Фота: pixabay.com

Ён спытаў: «Вы ўпершыню тут адпачываеце?» Распавядаў, што некалькі гадоў сюды прыязджае і атрымлівае асалоду ад тутэйшай ежы. Жонка не прыехала — турбуецца за фігуру. Бо вельмі смачныя італьянскія макароны! Мы з разуменнем усміхнуліся. Магчыма, гэта англійскі гумар.

«Вы яшчэ не былі на вяршыні гары?» — паказаў ён на гару побач з вёскай. «Не, — адказалі мы. — У нас пасіўны адпачынак». «О! Гэта цікава! — сказаў англічанін. — Там на дрэве ёсць славуты надпіс, які абвяшчае ісціну. Дае адказ на пытанні: навошта мы тут? Адкуль мы? Што нас чакае?»

Няма чалавека, які не задаваў бы сабе такіх пытанняў хоць раз у жыцці і які не хацеў бы спазнаць ісціну. Мы пацікавіліся: «Што там напісана?» «Каб пра гэта даведацца, трэба асабіста падняцца на гару», — адказаў англічанін і раскланяўся.

Размова заінтрыгавала, і мы звярнуліся да маладой пары немцаў, якія жылі ў нашым маленькім атэлі. У іх былі свежыя драпіны і сляды ўкусаў насякомых, падобна, яны рабілі вылазку ў лес. Тыя пацвердзілі: «Падымаліся на гару». Але на наша пытанне: «Што там напісана?» адказалі: «Трэба самому падняцца на гару, каб зразумець».

Мы паглядзелі на гару. Не Эльбрус, але сіл спатрэбіцца нямала. Прыкінулі, колькі часу ў нас зойме, каб дасягнуць вяршыні і... вырашылі даведацца ў мясцовых жыхароў, што там напісана. Нам не хацелася ў спякоту туды цягнуцца. Але ў каго мы ні пыталіся, усе адказвалі: «Толькі трэба асабіста ...» Такая аднадушнасць здзівіла і яшчэ больш заінтрыгавала.

Раніцай мы адправіліся на гару. Нельга сказаць, што мы сапраўды ішлі ад парога да вяршыні. Частку шляху, наколькі было магчыма, праехалі на машыне. А потым пайшлі ўверх сярод вінаграднікаў. Неўзабаве пачалася паласа перашкод і гераічнае яе пераадоленне.

Вузкая сцяжынка абгінала камяні, калючыя кусты чапляліся за вопратку і драпалі цела, казуркі гулі і нападалі. Для гарадскіх жыхароў гэта было пакутліва.

Неўзабаве адзенне ўзмакрэла ад поту, што прыцягнула яшчэ больш насякомых. Праз гадзіну мы сталі падумваць вярнуцца, праз дзве гадзіны каяліся, што паддаліся на гэтую авантуру. Але большая частка шляху была пройдзеная, а жаданне даведацца пра ісціну было вялікае. І, перамагаючы сябе, мы дайшлі да вяршыні...

З вышыні глядзелі мы на напоўненыя святлом прасторы, бяздоннае неба, маленькія вёсачкі, статкi кароў і роўныя шэрагі вінаграднікаў амаль да гарызонту. Адчуванне неабсяжнасці і хараства сусвету напоўніла нас захапленнем. Мы ўпершыню адчулі сябе сам-насам са светабудовай.

Не ведаю, колькі гадоў дубу на вяршыні, але ў дыяметры ён каля метра. Перад ім лаўка, каб вандроўнікі маглі адпачыць і аддацца роздуму. На дубе надпіс...

Гэтую фразу мы чулі не раз, але да ўздыму на гару не задумваліся над ёю. Прачытаўшы, мы стаялі, аддаўшыся разважанням. Мы не шкадавалі, што патрацілі столькі сіл на ўздым, і былі ўдзячныя тым, хто там унізе не сказаў яе нам. Каб зразумець, сапраўды, трэба пераадолець сябе — хоць бы падняцца на гару.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.