Вы тут

У аўторак і сераду нас накрыюць дажджы, месцамі вельмі моцныя


Грандыёзнымі ліўнямі ў ліпені нас ужо не здзівіш, а вось паніжэнне тэмпературы да +12—14 градусаў — гэта ўжо нешта. У найбліжэйшыя два дні дастаткова складаныя ўмовы надвор'я на тэрыторыі нашай краіны будзе вызначаць цыклон, якому нямецкія метэаролагі далі назву «Зэльда». З боку ўсходу Чорнага мора цыклон будзе перамяшчацца ўздоўж усходніх граніц нашай краіны і далей; зрабіўшы пятлю праз Віцебскую і Гродзенскую вобласці, ён апынецца над цэнтральнымі рэгіёнамі нашай краіны, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Паводле слоў сіноптыкаў, у аўторак і сераду тэмпературны фон будзе ў асноўным на 2—6 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Сюрпрызы пачнуцца ўжо ў аўторак. У гэты дзень чакаюцца дажджы, на большай частцы тэрыторыі моцныя дажджы, месцамі — вельмі моцныя ліўні. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы. Па меры зрушэння цыклону дажджы будуць суправаджацца ўзмацненнем ветру да 15—20 м/с, а днём месцамі па захадзе і да 23 м/с. Тэмпература паветра ў разгар дня складзе плюс 15—21 градус.

У сераду цыклон пачне павольна перамяшчацца на паўночны ўсход Украіны. Таму ў сераду на большай частцы тэрыторыі нашай краіны яшчэ захаваюцца дажджы, уначы месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У асобных раёнах захаваецца моцны парывісты вецер да 15—20 м/с. Ноччу тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 9 да 14 градусаў, удзень ад плюс 13 градусаў да 18 цяпла. Па захадзе краіны паветра прагрэецца да плюс 21 градуса.

А вось у чацвер надвор'е пачне «выпраўляцца». У межах няўстойлівай паветранай масы месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпература паветра ўначы яшчэ паменшыцца і складзе плюс 8—13 градусаў, а днём пачне павышацца да плюс 19—25 градусаў.

У другой палове тыдня лета амаль забудзе пра цяпло, і да канца тыдня пры паступленні прахалоднай няўстойлівай паветранай масы са Скандынавіі ў Беларусі захаваецца паніжаны тэмпературны рэжым.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу ноччу ў асобных раёнах, а раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы будзе 8—14 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 16—23 градусаў. У суботу ноччу прагназуецца пераважна без ападкаў. Раніцай і днём на большай частцы нашай тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Начная тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 8 да плюс 13 градусаў, днём — ад 16 да 23 цяпла. У нядзелю ўначы месцамі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра стане яшчэ больш кантраснай: ноччу — толькі плюс 7—12 градусаў, а ўдзень паветра прагрэецца да плюс 16—23, па паўднёвым захадзе месцамі да 25 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.