Вы тут

Ад 330 да 1300 рублёў: у колькі абыдзецца бацькам школьная экіпіроўка?


З 15 ліпеня па ўсёй краіне стартуе пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту. Ва ўсіх рэгіёнах будзе працаваць каля 400 школьных базараў, правядуць распродажы і кірмашы выхаднога дня. Дарэчы, зніжкі ў тых жа сталічных універмагах могуць скласці ад 20 да 35 %. Магчыма, бацькам варта задумацца аб экіпіроўцы школьнікаў ужо цяпер, пакуль у гандлі прадстаўлены самы шырокі асартымент — каля 400 мадэляў адзення і больш за 100 мадэляў абутку.

Дзелавы касцюм для малодшага школьніка сёлета будзе каштаваць ад 70-80 рублёў, старэйшага — ад 80-100 рублёў. Аптымальная школьная экіпіроўка разам з дзелавым касцюмам, спартыўнай формай, пісьмовымі прыладамі і канцылярскімі таварамі абыдзецца сёлета ў 330-1300 рублёў.


Фота: pixabay.com

З гэтага года — абавязковыя элементы школьнай формы

Як адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, да 2023/24 навучальнага года прадугледжана ўвядзенне адзіных элементаў школьнай формы. У кожнай навучальнай установе мусяць вызначыць, які гэта будзе элемент — напрыклад, гальштук або жакет з эмблемай ці іншае. Ёсць школы і гімназіі, якія ўвялі такія элементы некалькі гадоў таму, многія навучальныя ўстановы вызначыліся сёлета.

— Установа адукацыі мусіць праінфармаваць бацькоў, што вызначана ў якасці такога аб'яднальнага элемента. І многія школы ўжо зрабілі гэта. Бацькі могуць і самі пацікавіцца, калі раптам яны не праінфармаваныя, каб не памыліцца ў выбары астатніх элементаў дзелавога адзення, — адзначыў Аляксандр Кадлубай.

Ён нагадаў, што ўвядзенне дзелавога стылю адзення ў школах пачалося з 2006/2007 навучальнага года. Актуалізавана гэтае патрабаванне было ў 2019 годзе, калі ў правілы ўнутранага распарадку школ быў унесены пункт аб дзелавым стылі адзення.

— Мы хацелі б, каб да пачатку гэтага навучальнага года ўсе ўстановы адукацыі вызначыліся, які элемент будзе адрозніваць дадзеную школу ад іншых, — удакладніў намеснік міністра. — У 20 % устаноў адукацыі такая практыка і традыцыі ўжо склаліся. Цяпер гэта работа выходзіць на ўзровень усёй краіны.

Вырашаць, што стане абавязковым элементам школьнай формы, мусіць Савет установы адукацыі, куды ўваходзяць яе кіраўнік, настаўнікі, а таксама бацькі.

Мінімальны кошт дзелавога касцюма — 70 рублёў

У арганізацыях гандлю прадстаўлены шырокі асартымент школьнага адзення — больш за 400 мадэляў, каля 100 мадэляў абутку, больш за 100 мадэляў партфеляў, ранцаў, рукзакоў, каля 100 мадэляў школьна-пісьмовых прылад. Школьны асартымент адзення і абутку прадстаўлены таварамі айчыннай вытворчасці. Школьнае адзенне беларускіх вытворцаў сёлета, акрамя прадпрыемстваў гандлю, можна набыць у інтэрнэт-магазінах «Вайлдберыс» і «Азон». Для поўнага задавальнення пакупніцкага попыту асартымент папаўняецца за кошт імпарту.

— Пакуль продаж ажыццяўляецца ў спакойным рэжыме, пік попыту традыцыйна прыпадае на другую палову жніўня, — адзначае начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава.

Паводле інфармацыі спецыяліста, сёлета арыенціровачны кошт камплекта адзення дзелавога стылю каштуе ад 70 рублёў.

— Для школьнікаў малодшых класаў мінімальны кошт ад 70-80 рублёў, старэйшых школьнікаў — 80-100 рублёў і вышэй. Адпускныя цэны на школьную форму ў прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам» выраслі на 10 %, што звязана з павышэннем кошту сыравіны, — удакладніла Наталля Мельнікава. — Арыенціровачны кошт школьна-пісьмовых і канцылярскіх прылад для малодшых класаў — ад 35 рублёў, для старэйшых класаў — ад 40 рублёў. Для школьнага асартыменту гандлёвымі арганізацыямі прымяняецца надбаўка 30 % і крыху больш. У асноўным гандаль не нажываецца на такіх таварах. На асартымент мінулых гадоў гандлёвая надбаўка складае ад нуля да 20 %.

Зніжкі — да 70 %

Магазіны сёння прапануюць гандлёвыя зніжкі і акцыі. На асартымент мінулых гадоў яны могуць дасягаць 70 %. Гандлёвымі арганізацыямі прапануюцца розныя праграмы крэдытавання і растэрміноўкі — як за кошт уласных сродкаў, так і за кошт банкаў. Ёсць магчымасць набыць тавары па картках «Халва», «Магніт», «Лёгкія пакупкі», «Смарт-картка», «Чарапаха», «Картка пакупак». Асобныя прадпрыемствы гандлю прадастаўляюць скідкі шматдзетным сем'ям і сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — да 10-15%. Такая інфармацыя маецца на сайтах арганізацый гандлю і раённых выканаўчых камітэтаў.

— «Белкніга» сёння прадастаўляе 5-працэнтную скідку на метадычную літаратуру, магазіны спажыўкааперацыі робяць скідку да 15 % для шматдзетных, малазабяспечаных і сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, — прывяла прыклады Наталля Мельнікава.

У Мінску традыцыйна найбольш шырокі асартымент школьных тавараў прадстаўлены ў буйных сталічных універмагах — ГУМ, ЦУМ, «Беларусь» і Гандлёвы дом «На Нямізе». Асноўныя пастаўкі тавараў адбыліся ў маі бягучага года.

— Ужо сёння прапануецца больш за 200 мадэляў швейных вырабаў, каля 70 мадэляў трыкатажу, каля 70 мадэляў абутку. Летась універмагамі рэалізавана больш за 122 тысячы адзінак швейных і трыкатажных вырабаў, каля 23 тысяч пар абутку. У залежнасці ад пераваг дзяцей і бацькоў кошт аптымальнай экіпіроўкі школьніка ў гэтым сезоне складзе ад 330 да 1300 рублёў, — расказала начальнік аддзела развіцця гандлю і паслуг ДА «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.