Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Наш дэвіз «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» зноў актуальны як ніколі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ХХХІ Міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Летні амфітэатр сустрэў кіраўніка дзяржавы шчырымі авацыямі. «Я яшчэ не заслужыў такіх авацый, але я буду старацца. Дзякуй», — адказаў ён. 


Вітаючы доўгачаканых шматлікіх гасцей кіраўнік дзяржавы заўважыў, што зноў на старажытнай Віцебскай зямлі гучаць пазыўныя «Славянскага базару». У гэтай мелодыі зліліся разам гукі любімых песень, галасы сапраўды народных артыстаў, апладысменты самай душэўнай шчырай і адкрытай публікі, якая сабралася ў гэтым амфітэатры. 

«У гэтых апладысментах гучыць шматвяковая гісторыя ўнікальнай славянскай культуры, якая ўзбагаціла свет незвычайнай духоўнасцю, глыбінёй і прыгажосцю. Гэтыя гукі зноў, як і ўсе папярэднія гады, знайшлі жывы водгук у сэрцах тысяч людзей, якія прыехалі ў Беларусь, нягледзячы на адлегласці і, на жаль, перашкоды. І гэта сведчанне таго, што мастацтва вечнае, а імкненне народаў да сяброўства і міру пераадольвае любыя перашкоды», — сказаў ён. 

Па словах Прэзідэнта, у сучасным вар’яцкім свеце, які адмяняе культуру і мовы, які адхіляе людзей па нацыянальных і іншых прыкметах, фестываль стаў ці ледзь не адзінай жыватворнай крыніцай. Крыніцай стварэння і новых здзяйсненняў. Ён заўважыў, што гэтая святочная і творчая атмасфера найменш спрыяе размовам пра палітыку. Але лёс «Славянскага базару» з першага свайго дня звязаны менавіта з гэтай палітыкай. 

«І мы правільна зрабілі, што захавалі наш фестываль тады, у цяжкія 90-я. Наш дэвіз “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” зноў актуальны як ніколі. А ствараючы гэты форум, мы і падумаць не маглі, што адзіны славянскі свет, магутны сваёй тысячагадовай гісторыяй, будзе пастаўлены ва ўмовы палітычнага і культурнага выжывання. Што будуць страчаныя простыя чалавечыя каштоўнасці, якія так важныя ў адносінах паміж краінамі і народамі: сяброўства, давер, шчырасць.

Мы нават не маглі ўявіць, што з палітычнай карты знікне сяброўская нам Югаславія, постсавецкая прастора пагрузіцца ў шэраг узброеных канфліктаў. А ваенны блок НАТА пашырыцца на Усход, раскідаўшы славян па розныя бакі барыкад», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Наша славянская душа ўсё вытрымае 

Аднак, па словах Аляксандра Лукашэнкі, самы зруйнавальны ўдар быў нанесены восем гадоў таму прама ў сэрцы славянскага свету — у беларуска-расійска- украінскае брацтва.

«І як бы сёння ні пераварочвалі гісторыю з ног на галаву, мы страцілі Украіну задоўга да пачатку ваеннай спецаперацыі. Тады, калі яе палітыкі самі адмовіліся ад славянскай ідэнтычнасці. Калі ў нас цудам атрымлівалася прывесці на гэтую сцэну ўкраінцаў, нават тых, якія даўно жывуць у іншых краінах. Але чаго б нам гэта ні каштавала, на адкрыцці “Славянскага базару” гучала ўкраінская мова. І будзе гучаць сёння! Больш за тое, яна будзе тут гучаць заўсёды!», — канстатаваў ён. 

Прэзідэнт акцэнтаваў, што Украіна, брацкі ўкраінскі народ вернецца ў сваю сям’ю, і будзе зроблена ўсё магчымае, каб фестываль жыў. Каб сюды прыязджалі людзі з розных куткоў зямлі.

«І няхай ніхто не сумняваецца: наша славянская душа ўсё вытрымае, у чарговы раз перапакутуе, а ідэі дабра, міру і справядлівасці зноў перамогуць. Бо паглядзіце: як бы Захад ні спрабаваў аддзяліць нас жалезнай заслонай, да нас працягваюць прыязджаць госці з Еўропы і іншых кантынентаў», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад тое, што білеты на канцэрты прадаюцца, гасцініцы перапоўнены. У гэтыя дні ў Віцебску, зрэшты, як і заўжды, побач з беларусамі сапраўдныя сябры, якія падзяляюць пазіцыю і погляды на жыццё. Шчыра і па-сапраўднаму.

«Паверце, мы ў Беларусі гэта цэнім! Вялікі вам за гэта дзякуй. І сёння на гэтай сцэне я хачу падзякаваць усім, хто стаяў ля вытокаў стварэння фестывалю, хто ўсе гэтыя гады арганізуе свята, дорыць людзям сваю творчасць. Мы сапраўды разам стварылі маштабны праект сусветнага ўзроўню, які аб’ядноўвае народы і культуры, дэманструе наш агульны гістарычны выбар, нашу нацыянальную гордасць», — падкрэсліў беларускі лідар. 

На фестывальных пляцоўках Віцебска будуць беларусы, рускія, украінцы 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «Славянскі базар» ужо даўно выйшаў за рамкі культурнага мерапрыемства. І тое, што вакол яго пастаянна разгараюцца палітычныя страсці, яшчэ адно таму пацвярджэнне.

«Я ўдзячны ўсім удзельнікам фестывалю, хто смела і горда прыехаў прадставіць культуру сваёй краіны. У руках такіх, як вы, павінна быць будучыня свету. Свету, які, веру, пераадолее кінуты чалавецтву выклік на чалавечнасць! А на фестывальных пляцоўках Віцебска будуць выступаць беларусы, рускія, украінцы, прадстаўнікі многіх краін свету. Тут традыцыйна будуць гучаць разам імёны вялікіх расійскіх і іншых сусветных класікаў. Як павінна быць у сучасным высокаразвітым і цывілізаваным грамадстве», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт дадаў, што тут зноў будуць запальвацца новыя зоркі і маленькія зорачкі, а ў сэрцы кожнага артыста будзе жыць любоў да гэтай сцэны, да гэтага горада, да гэтых гледачоў, якія павераць у іх і падораць унікальны шанец, які адчыняе дзверы ў свет мастацтва.

Адкрыты Прэзідэнтам фестываль пачаўся з узнагароджання яго герояў.

Заслужаную ўзнагароду з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў уладальніку гран-пры ХХ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» — беларус Елісей Касіч. Таксама Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў уладальнікаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва — аўтарскі калектыў канцэртных праграм міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар», стваральнікаў Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату, аўтарскі калектыў выдавецкага праекта, прысвечанаму 75-годдзю Перамогі народаў Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне «Гістарычная памяць Саюзнай Дзяржавы». Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленку і заслужанаму калектыву Рэспублікі Беларусь ансамблю «Сябры». 

«Цудоўна, што ёсць такі фестываль, што ёсць такое свята на нашай зямлі. І што гэтая ўзнагарода называецца “Да міру і ўзаемаразумення”. Тут, на нашай зямлі, заўсёды павінен быць мір і ўзаемаразуменне. У нас у краіне, за яе межамі, з нашымі суседзямі. Дзякуй. Вельмі добра, што вы ўвекавечылі гэты фестываль і гэтае свята тут у Віцебску. Розныя былі варыянты. І што ён цяпер наш. Ганарыцеся і даражыце гэтым, дарагія сябры», — падзяліўся Анатоль Ярмоленка. 

«Прыемна быць у гэтай зале. Я ж ужо немалады палітык. Адчуваю гэтую аўру, гэтую адкрытасць, гэтую шчырасць. Мяне ў гэтым плане не падманеш. Вы сапраўдныя. Дзякуй вам», — сказаў Прэзідэнт.

Як паведамляе Telegram-канал «Пул Першага», перад адкрыццём Славянскага базара Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю журналістам рыжскай дзіцячай Акадэміі радыё і тэлебачання. Перад тым, як прыехаць у фестывальны Віцебск, маладыя журналісты напісалі ліст у прэс-службу кіраўніка дзяржавы з просьбай дапамагчы ў арганізацыі інтэрв’ю. «Упэўненыя, што ў дадзенай сітуацыі ў свеце, гэта будзе пазітыўнай падзеяй у грамадскіх адносінах», — гаворыцца ў лісце. А Прэзідэнта яны падлавілі прама перад сцэнай. «Наш Першы заўсёды за пазітыў! Інтэрв’ю, вядома, адбылося», — дадаюць аўтары Telegram-канала.

Валерыя СЦЯЦКО

г. Віцебск

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.