Вы тут

Вы ведаеце, што бяроза адносіцца да так званых відаў-двайнікоў?


Даволі цяжка ўявіць беларускія лясы без прыгажуні-бярозы. Многія ставяцца да яе з павагай і часта высаджваюць побач з домам, у парках і скверах. Але далёка не ўсе ведаюць, што ў нашай краіне існуе не адзін яе від. Бяроза адносіцца да так званых відаў-двайнікоў. У чым жа іх адрозненне?


Такім чынам, бяроза павіслая або бародаўчатая. З радавой назвай пытанняў няма: пераблытаць яе з іншымі пародамі нават у бязлісцевым стане практычна немагчыма дзякуючы беламу ствалу. А вось сваю відавую назву — павіслая — яна атрымала за вонкавы выгляд кроны: да 30-40 гадоў яе галіны прыкметна павісаюць, набываючы «плакучы» выгляд. З узростам гэтая прыкмета праяўляецца ўсё больш выразна, і пазнаць бярозу павіслую, якой 50-60 гадоў, можна з адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў. Сваю ж другую назву — бародаўчатая — яна атрымала за наяўнасць «бародавак» на маладых адна- і двухгадовых галінках. Яны да таго ж голыя, гладкія, без апушэння.

Акрамя гэтых добра бачных дыягнастычных прыкмет ёсць яшчэ некалькі. У першую чаргу гэта датычыцца ствалоў высокаўзроставых дрэў. Калі ў маладзенькіх бяроз кара цёмная, то да 8-10 гадоў яна пачынае святлець і ў 12-15 гадоў ужо становіцца белай. Такой яна будзе да 30-40 гадоў, пасля чаго ў бярозы павіслай ніжняя частка ствала пачынае трэскацца (з’яўляюцца глыбокія падоўжныя расколіны) і цямнець да вышыні 1-2 метры ад зямлі, то-бок у камлёвай частцы, у той час як у бярозы пушыстай ствол заўсёды параўнальна белы, часта нават шараваты, са слаба выяўленымі расколінамі.

Важныя таксама форма лісцевай пласцінкі і яе апушэнне: у бярозы павіслай ліст востра выцягнуты, а сама пласцінка голая. Але, паколькі гэтыя два віды бяроз з’яўляюцца блізкароднаснымі і часта ўтвараюць гібрыды, то пласцінка ліста ў іх вельмі зменлівая.

Адрозніваюцца яны і па будове пладоў і покрыўных лускавінак, але гэтыя прыкметы дрэнна бачныя няўзброеным вокам, таму на іх асабліва спыняцца не будзем. А дапытлівым раім зазірнуць у чацвёрты том «Флоры Беларусі», выпуск якой запланаваны сёлета, і іншыя вызначальнікі флоры сярэдняй паласы Еўропы.

Цяпер больш падрабязна раскажам пра бярозу пушыстую. Яе відавая назва таксама звязана з вонкавымі асаблівасцямі. Калі больш уважліва паглядзець на маладыя аднагадовыя парасткі, то можна заўважыць невялікае, але добра прыкметнае апушэнне, якое паступова знікае з узростам, пры гэтым ніякіх «бародавак» няма. Калі ж апошнія ўсё-ткі прысутнічаюць у невялікай колькасці, перад вамі бяроза залацістая — гібрыд павіслай і пушыстай. Дарэчы, высветлілася, што гэты гібрыд у беларускіх лясах не такі ўжо і рэдкі, асабліва на раней меліяраваных землях.

Пра адметнасці паверхні ствала бярозы пушыстай мы ўжо казалі вышэй. Галіны ж у яе распасціраюцца ў бакі і нават крыху ўверх і ніякай «плакучасці» не маюць да самага сталага ўзросту.

Даволі значна гэтыя два віды адрозніваюцца і па сваёй экалогіі: бяроза павіслая выбірае ўзвышаныя і раўнінныя ўчасткі, а пушыстая аддае перавагу нізінным, часам забалочаным месцам. Нават у вялікіх балотных масівах па ўскраінах і на мінеральных астравах пераважае бяроза павіслая, а ў балотах звычайна расце пушыстая.

Паводле назіранняў, бярозу павіслую лепш выкарыстоўваць для лазневых венікаў, ды і сок з яе крыху саладзейшы.

Акрамя гэтых двух відаў у нашай краіне растуць таксама бярозы карэльская і цёмная ў дзікім выглядзе. А яшчэ культывуюць да 10 відаў, сустракаюцца таксама два вельмі рэдкія кустападобныя віды — прысадзістая і карлікавая.

Аркадзь СКУРАТОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча

Фота Мікалая ШАРАЯ

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.