Вы тут

Раман Кагадоўскі залічаны ў міліцэйскі каледж


Дваццаць восьмага красавіка ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна адбылася гісторыя, якая ўскалыхнула ўсю краіну. У 19 гадзін 56 хвілін ратавальнікам паступіў званок, што ў населеным пункце гарыць жылы дом. Калі разлік МНС прыбыў на месца здарэння, дом гарэў адкрытым полымем.


На момант узгарання ў доме знаходзіліся двое хлопчыкаў, браты Кагадоўскія, старэйшы Раман і малодшы Ваня, 2009 і 2019 гадоў нараджэння адпаведна. Бацькоў на той час дома не было. Яшчэ да прыбыцця пажарных 12-гадовы Раман выбіў акно і вынес на руках з агню малодшага брата. Рукі і твар Ромы былі ў страшных апёках і парэзах. У вельмі цяжкім стане падлетак быў дастаўлены ў бальніцу, апёкі складалі 62 % цела. Затым на верталёце Рамана Кагадоўскага даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр на базе бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Раман перанёс мноства аперацый, за яго жыццё змагаліся найлепшыя ўрачы рознага профілю Беларусі і Расіі. За сітуацыяй сачылі кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка...

Сёння Раман жыве як звычайны падлетак. Сустракаецца з аднакласнікамі, гуляе ў футбол, ганяе па вуліцы на веласіпедзе. Ён вельмі любіць прыроду, часта ходзіць у лес у ягады і грыбы, вудзіць рыбу. Дары лесу Раман здае нарыхтоўшчыкам, папаўняе свой уласны і сямейны бюджэт, а таксама купляе розныя пачастункі малодшым брацікам.

Маці Рамана Кагадоўскага Марыя працуе ў Мядзельскім раёне ў санаторыі «Спадарожнік», бацька Аляксей знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе за дзецьмі.

— У мяне чацвёра дзяцей. Старэйшая дачка Ніна, якой 22 гады, жыве ў Мінску. Міша — школьнік, яму сем з паловай, самаму маленькаму Ваню два з паловай, а Раману споўнілася 13 гадоў. Я вельмі радуюся, што ён мужна перанёс усе нягоды, вярнуўся да жыцця. Рома заўсёды займаўся спортам — гімнастыкай, біятлонам, бегам. Словам, няма таго віду спорту, у якім ён бы не спрабаваў свае сілы. Ён пастаянна ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах, мае шмат узнагарод, грамат, дыпломаў, — расказвае мама.

Сам Раман на кантакт ідзе неахвотна.

Ён не любіць, калі ў яго аб чымсьці дапытваюцца, не хоча згадваць тыя падзеі.

— Наогул, ён у мяне вельмі спакойны, сціплы. Добра вучыцца. Ніколі не ствараў нам праблем ні ў школе, ні ў адносінах з сябрамі, блізкімі, — кажа Марыя Эдуардаўна.

Днямі сям'ю Кагадоўскіх наведаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Аляксандр Генрыхавіч уручыў Раману ноўтбук, а таксама пацікавіўся, якая дапамога патрэбная.

Сям'я будуе новы дом у Занарачы, узведзены корпус, дах. Субсідыя скончылася, а грошай неабходна шмат, каб давесці жытло да ладу. Марыя Эдуардаўна засмучаная тым, што наваселле адкладваецца, і зімаваць давядзецца ў арэндным доме, які выдзеліла дзяржава пасля пажару.

Аляксандр Турчын паабяцаў, што зробіць усё неабходнае, каб сям'я змагла перасяліцца ў новы дом да зімы, а таксама абсталяваць яго бытавой тэхнікай, мэбляй.

Дарэчы, Раман Кагадоўскі залічаны ў ліцэй МУС, з першага верасня яго чакаюць у навучальнай установе. Хлопчык даўно марыў стаць ваенным. «Нарэшце яго мара ажыццявілася, — не нарадуецца маці. — Мне яго будзе не хапаць, прывыкла, што сынок пастаянна дома. Але разумею, што ён дарослы хлопчык і выбраў свой шлях у жыцці».

— А ёсць у вас гаспадарка? — пацікавілася ў Марыі Эдуардаўны.

— Свякроў, якая жыве побач, гадуе парсючкоў, Раман пастаянна дапамагае бабулі. І з парсюкамі спраўляцца, і з агародам.

— А Раман змяніўся пасля перанесенага?

— Вядома, змяніўся. Сынок не любіць павышанай увагі, пазбягае кантактаў. Кажа, мама, мне надакучылі госці, журналісты. А яны ўсё едуць і едуць, кожны дзень, кожны тыдзень... Акрамя таго, што Рома дапамагае бабулі, ён і дома першы памочнік. І ў пакоях прыбярэ, і посуд памые, і малодшых брацікаў дагледзіць... Я ўдзячная ўсім добрым людзям, якія нам дапамаглі пасля пажару рэчамі, прадуктамі харчавання, бытавой тэхнікай. Асаблівая ўдзячнасць ратавальнікам, якія ўзялі пад апеку нашу сям'ю. Пастаянна запрашаюць Рому на розныя святы, мерапрыемствы. Нядаўна яго пакаталі на верталёце. А малодшы Міша разам з Раманам пабываў на мерапрыемстве МНС, пасля чаго сказаў: маўляў, калі вырасту, таксама стану міліцыянерам або пажарнікам.

Мішу падабаецца дом, які ім выдзеліла дзяржава. Прасторны, светлы, восем пакояў. Аднак Марыя Эдуардаўна сцвярджае, што камунальныя паслугі з'ядаюць большую частку зарплаты. І спадзяецца, што новы дом нарэшце будзе пабудаваны, і сям'я зажыве новым шчаслівым жыццём.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.