Вы тут

Ірына Ляпарская прымае віншаванні з Днём нараджэння


Заслужаны работнік фізічнай культуры, галоўны трэнер нацыянальнай каманды па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская адзначае юбілей. Свае віншаванні ёй накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Уся ваша працоўная біяграфія з юных гадоў — сумленнае служэнне любімай мастацкай гімнастыцы і роднай Беларусі. Дзякуючы мэтанакіраванасці і працавітасці вам удалося аб’яднаць калектыў таленавітых трэнераў, зрабіць гэты прыгожы від спорту адным з самых папулярных і паспяховых у краіне», — сказана ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яркія перамогі яе выхаванак вывелі беларускую школу мастацкай гімнастыкі ў лік сусветных лідараў. «Няхай вам заўсёды ўсміхаецца поспех, работа прыносіць задавальненне, а вучаніцы цешаць новымі дасягненнямі», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.


Фота: НАК Беларусі.

З імем Ірыны Юр’еўны Ляпарскай звязаны ўсе поспехі беларускай мастацкай гімнастыцы, якую яна ўзначальвае 26 гадоў. Заслужаны трэнер разам са сваёй камандай правяла шэсць алімпійскіх цыклаў. Разам са сваімі вучаніцамі яна заваявала сем алімпійскіх медалёў і сотні медалёў з найбуйнейшых міжнародных турніраў. 

Менавіта яна адкрыла свету Марыну Лобач. Калі Марыне было сем гадоў, Ірына Юр’еўна працавала па размеркаванні ў школе ў Смалявічах. Трэнер заўважыла таленавітую дзяўчынку і паказала яе вопытнаму трэнеру Галіне Крыленцы. У 1988 годзе Марына Лобач стала першай у гісторыі беларускага спорта алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы. На Алімпійскія гульні 2000 года Ірына Ляпарская ўжо сама рыхтавала каманду. Тады ў Сіднэі Юлія Раскіна стала сярэбраным прызёрам Гульняў, нацыянальная каманда ў групавм шматбор’і таксама заваявала «серабро». У алімпійскім 2008 годзе Інна Жукава заваявала «серабро», а нацыянальная каманда — «бронзу». Любоў Чаркашына з бронзавым медалём вярнулася з Алімпійскіх гульняў у Лондане. На тых жа Гульнях беларускія грацыі сталі другімі ў групавым мнагабор’і. Сапраўдны фурор у алімпійскім Токіа ў 2021 годзе стварыла Аліна Гарнасько, яна стала бронзавым прызёрам галоўных стартаў. 

Амаль з кожнага чэмпіянату свету, Еўропы вучаніцы Ірына Юр’еўны Лепарскай вяртаюцца з медалямі. Літаральна на мінулым тыдні ў Мінску прайшоў міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы «Хрустальная ружа». Беларускія гімнасткі заваявалі 23 медалі. Аліна Гарнасько заваявала дзве залатыя ўзнагароды: у індывідуальным мнагабор’і (алімпійская праграма) і ў асобных відах, дзе стала першай у практыкаванні з мячом.

Сваю ўзнагароду на тым турніры атрымала і Ірына Ляпарская: яна ўдастоена Ганаровай граматы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. З юбілеем знакамітага трэнера павіншаваў і Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка. «Выдатны трэнер і педагог, выдатны настаўнік, вы выхавалі цэлую плеяду чэмпіёнаў, якімі ганарыцца краіна. Разам са сваімі выхаванкамі вы дасягалі бліскучых перамог на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах, беларускія грацыі неаднаразова ўзнімаліся на п’едэстал гонару Алімпійскі гульняў. На працягу многіх гадоў унікальны вопыт, талент і майстэрства дазваляюць Вам і ўсёй нацыянальнай камандзе дабівацца гучных поспехаў, карыстацца павагай замежных калег, якія прызнаюць вас як аднаго з самых аўтарытэтных спецыялістаў у свеце мастацкай гімнастыкі», — гаворыцца ў віншаванні.

Віктар Лукашэнка пажадаў імянінніцы моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў і новых перамог на карысць развіцця беларускага спорту!

«Многія ведаюць галоўны дэвіз нашай каманды — «Мары спраўджваюцца!». Аднак ёсць і другі, які менш вядомы: «Чым горш — тым лепш». Мы з дзяўчатамі прывыклі пераадольваць цяжкасці і вырашаць у камандзе ўсе праблемы разам. Веру, што мастацкая гімнастыка і надалей будзе радаваць усіх нашых прыхільнікаў. Мы ішлі і будзем ісці наперад, мы ганарымся нашымі гімнасткамі, якія ў складаны час для нас і вас, заўзятараў, не падводзяць, не падводзяць і краіну, — сказала Ірына Ляпарская.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.