Вы тут

«Курорт» Вялікага тэатра — «Любоўны напой» Гаэтана Даніцэці


Пабываць на марскім узбярэжжы ў самы разгар сезона, пажыць у сельскім гатэлі, назіраючы за яго насельнікамі, за інтрыгамі і драмамі, слухаць цікавыя гісторыі і мясцовыя плёткі, перажываць за тых, хто прагне кахання, і радавацца, калі ўсе навокал шчаслівыя... Самы лепшы занятак для тых, хто стаміўся і хоча адпачынку. Калі і не ў заморскім турнэ, то ў Вялікім тэатры — там усе гэтыя эмоцыі віруюць, бо вялікая частка опернай класікі — творы аб прыгожых пачуццях і шчасці, за якое змагаюцца героі. Асабліва гэтым вылучаюцца італьянскія оперы. А ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі пад канец сезона паставілі «Любоўны напой» Гаэтана Даніцэці. Пастаноўку ажыццявіла Ганна Маторная, якая ў канцы мінулага тэатральнага сезона стала галоўным рэжысёрам тэатра.


Абраць «Любоўны напой» — удалае рашэнне, асабліва цяпер, калі паездкі да мора здзяйсняць не надта проста, а зараджацца добрым настроем дужа хочацца. І гэта цалкам рэальна. Таму што опера, напісаная Даніцэці без малога два стагоддзі таму, з'яўляецца той класікай, да якой і ў нашы дні з задавальненнем звяртаюцца тэатры свету: бліскучая музыка плюс лёгкі сюжэт. Жанр — опера-буф — адразу задае настрой, на які могуць спадзявацца гледачы. Так і ёсць: у «Любоўным напоі», калі хто не ведае, вясёлы сюжэт, праўда, не без каліва суму. Але ж які гэта сум! Сусветным оперным хітом стала арыя Немарына з гэтай оперы — мне здаецца, адна з самых «раскручаных» мелодый (калі карыстацца сучаснымі словамі) за ўсю гісторыю сусветнай музыкі. Хоць раз, хоць урывак, хоць у зборным канцэрце ці па радыё, але яе можна было пачуць, нават не будучы аматарам оперных спеваў. І мне цяжка ўявіць чалавека, які, пачуўшы першыя гукі, захацеў бы выключыць такую прыгожую музыку. А вось цяпер ёсць магчымасць пачуць гэтую арыю ў самой оперы, разумеючы, адкуль жа такі адчай у галоўнага героя... камічнай оперы.

Інтрыга насамрэч даволі простая: ён — безнадзейна закаханы рыбак, а яна — гаспадыня пансіяната на марскім узбярэжжы Італіі. Але ж хто сказаў, што просты юнак не здольны на высокія пачуцці, якія выяўляюцца праз прыгожыя спевы? Аляксандр Міхнюк перадаў і пяшчоту, і боль, і надзею на спагаду. Але госці пансіяната, якім валодае Адэліна, — заможныя людзі. Яна — дзяўчына з гонарам, вытанчаная і гарэзлівая: характар гераіні здолела перадаць Ірына Кучынская. Яна разам з гасцямі бавіць час у свецкіх размовах. А яго суразмоўнікі — хіба што маўклівыя рыбіны, бо каму цікавы бедны юнак, калі ў курортным мястэчку столькі магчымасцяў для адзінокіх паненак? Карацей, без варыянтаў. Але не была б гэта італьянская опера!..

Праўда, на сцэне мы бачым усё ж не столькі Італію пачатку ХІХ стагоддзя. Рэжысёрскі падыход Ганны Маторнай адметны тым, што яна ўмее адысці ад літаральнасці і ўвасобіць твор з пэўнай ступенню ўмоўнасці, каб было больш блізка і зразумела сучаснаму гледачу — ну, усё ж ХХ стагоддзе на дварэ. Ідэю ёй дапамаглі рэалізаваць мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў, па волі якога мястэчка Адзіны і Немарына амаль лунае ў аблоках, што ахінаюць рамантыкай адносіны герояў. І мастачка па касцюмах Любоў Сідзельнікава дапамагла завяршыць карціну ўмоўнасці без прывязкі да часу, у які створаная опера. Касцюмы ў гэтай пастаноўцы адыгрываюць немалую ролю ў тым, каб стварыць атмасферу гламуру вакол Адзіны, тым самым падкрэсліць яе статус і засведчыць нерэальнасць надзей Немарына.

Таму мы назіраем за вельмі актыўным курортным жыццём, калі на ўзбярэжжы гуляюць дзеці, вытанчаныя паненкі штодня «выгульваюць» новыя сукенкі, нібыта прыехалі на тыдзень моды, а млявая на санцапёку публіка пад парасонамі шукае, чым бы пазабаўляцца. Тут удала задзейнічаны артысты хора, міманса і Дзіцячага тэатра-студыі (малыя на моры — асобны клопат дарослых і крыніца замілавання, што дадае жывінку).

Курорт карыстаецца попытам: таму людзей на сцэне шмат, і тут увесь час адбываецца нейкі рух. Трэба адзначыць, што Ганна Маторная прыцягнула ў якасці балетмайстра-пастаноўшчыка вучня Валянціна Елізар'ева Сяргея Мікеля, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. Яго работа на сцэне адчувальная, хоць, здаецца, якая можа быць харэаграфія ў оперы? Вось менавіта такая, каб італьянскі адпачынак на ўзбярэжжы не выглядаў статычным. Таму што паводле сюжэта насельнікі і госці мястэчка забаўляюцца тым, што з задавальненнем абмяркоўваюць цікавыя гісторыі з жыцця і з кніг. І гаспадыня пансіяната мае што прапанаваць гасцям: рамантычная меладрама пра Трыстана і Ізольду — тое, што можна слухаць пад шэпт хваль. Але амаль казачная гісторыя, уведзеная ў оперу, дае надзею Немарына: ёсць чараўніцтва, здольнае запаліць каханнем абраную дзяўчыну. І тут з'яўляецца прахіндзей Дулькамара (Андрэй Сялюцін) са сваёй экзальтаванай камандай і чароўным напоем, за які выдае звычайнае віно. Напэўна, калі выпіць бутэльку бардо, сапраўды чалавек можа раскрыцца з незвычайнага боку, што і адбываецца з рыбаком Немарына. На што толькі не пойдзе закаханы чалавек, каб звярнуць на сябе ўвагу! Вялікая рыбіна ў падарунак — гэта ж нічога асаблівага. А вось у войска ад безвыходнасці завербавацца, калі каханая выбрала бліскучага марака (партыю Белькарэ спяваў Дзяніс Янцэвіч) — гэта ўжо сур'ёзна. Дзявочае сэрца не вытрымала. Ну таму што... Можна было без напою. І без спадчыны для Немарына. Можна было. Але часам пачуцці гуляюць з людзьмі так, каб вадзіць іх доўгімі шляхамі. Ці не для таго, каб пасля яны больш даражылі сваім шчасцем?

Інтрыгі ў каханні — вечная гісторыя, таму і опера «Любоўны напой» не страчвае ўвагі пастаноўшчыкаў. У Беларусі яна не ішла больш за 50 гадоў. Ну так, ёсць оперы больш маштабныя, з ідэямі, што актуальныя, адпаведна, больш цікавыя для пастаноўшчыкаў. Але простае і лёгкае зрабіць цікава — задача не менш складаная для пастаноўшчыкаў. І не менш важная. Бо справа не толькі ў тым, што тут просты і зразумелы сюжэт — ён падаецца праз цудоўную музыку (дырыжор-пастаноўшчык Алег Лясун) і прыгожыя спевы. А ў людзей, бывае, здараецца такі этап у жыцці, калі ім патрэбнае аднаўленне эмоцый і сіл, у тым ліку праз музыку. І тады «Любоўны напой» — тое, што трэба, толькі ўжо ў новым 90-м сезоне Вялікага тэатра.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.