Вы тут

«Жаночы род» у Нацыянальным мастацкім музеі


У новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 15 ліпеня першых наведвальнікаў прыняў буйны выставачны праект «Жаночы род». Экспазіцыя, якая разгарнулася ў дзвюх залах чацвёртага паверха, складаецца з твораў жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх — як здабыткі народнай культуры, так і аўтарскія работы, пазычаныя з фондаў музея. Куратары праекта маюць на мэце найбольш поўна прадэманстраваць «архетыпічныя і міфапаэтычныя ўяўленні аб прыродзе жаночага свету і жаночай вобразнасці».


Формы культуры

Выстаўка «Жаночы род» складаецца з дзвюх вялікіх частак, аддзеленых адна ад адной калідорам. Асновай для першай з іх сталі работы, што ўвасабляюць азначэнне «Жаночы». У сваю чаргу творы, якія знайшлі прытулак у другой зале, паводле куратарскай задумы, мусяць трактавацца праз прызму дэфініцыі «род». Суправаджальны тэкст да выстаўкі паведамляе: «„Жаночы род“ — праект вобразна-сімвалічнага характару». У той жа час трэба разумець, што экспазіцыя строга падпарадкавана куратарскай задуме, якая можа быць расшыфравана або прынамсі прачута, толькі калі трымацца пэўнага маршруту.

Адкрываюць выстаўку работы, звернутыя ў глыбіню вякоў. У «Формах нёманскай культуры» 2002 года вядомая керамістка Тамара Васюк праводзіць паралель паміж жаночай фігурай, вырабленай на манер гіпертрафіраваных палеалітычных Венер, і формай старажытнай амфары. Зрошчаныя ў адным «целе», яны сімвалізуюць сабой прадаўжэнне жыцця і ўстойлівасць (у літаральным сэнсе) асноў чалавечага існавання. Дарэчы, традыцыйныя вырабы, адшуканыя падчас шматлікіх археалагічных раскопак, як лічыцца, нярэдка мелі сваім правобразам фігуры жывых істот, у тым ліку жаночыя станы.

Зрэшты, разнастайныя гліняныя гаршкі, вазы, збаны ды іншыя сіметрычныя сасуды бытавога прызначэння адносяцца да прадметаў пазнейшага часу (як мінімум пасля вынаходства ганчарнага кола). Тым не менш іх дзіўнае падабенства з чалавечай постаццю адмаўляць немагчыма. Бачылі тую блізкасць людзі веку былога, усяляк яе падкрэсліваючы (дзе роспісам, дзе разьбою, а дзе і самою фармоўкай), бачаць яе і людзі сённяшнія. Куратары выстаўкі «Жаночы род», напрыклад, свядома супастаўляюць на адной вітрыне скульптурныя выявы жанчын (і бюсты, і роставыя) з традыцыйнымі глінянымі сасудамі.

Вернемся ж да работы Тамары Васюк «Формы нёманскай культуры». Твор гэты ў многіх сэнсах вызначальны, задае інтанацыю для ўсёй экспазіцыі. Нанізваючы вузлавыя ідэі праекта, ён бярэ на сябе ролю канцэптуальнага ядра выстаўкі. Варта дадаць яшчэ, што ў дачыненні да работ падобнага ўзроўню выканання звычайна прымяняюць азначэнне «вытанчаны», але ў дадзеным выпадку правамерней казаць, наадварот, аб «выпукласці» мастацкіх вобразаў. Аўтарка, адсылаючы да архаічнага мастацтва, стварае своеасаблівага куміра, прадмет пакланення — бажаство ўрадлівасці ды ахавальніцу роду. 

Падобны ракурс уласцівы многім творам на актуальнай выстаўцы ў залах новага корпуса. Здавалася б, вобраз жанчыны ў мастацтве — тэма няхай і важная, але ўсё ж такі зацяганая. Каб сказаць нешта новае тут, неабходны сапраўды нестандартны падыход. Хаця выставачны праект, куратарам якога стаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX–XXI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Салодкі, і мае даследчы характар, ён, тым не менш, прэпаруе зусім не нюансы гендарнай тэорыі, як можна было чакаць, а сягае глыбей, вылушчваючы архетыпы.

Беларускі космас

Прагляд экспазіцыі папярэджваюць наступныя словы: «Бабка-павітуха прымае нованароджанае дзіця. З верацяна маці і сякеры бацькі, што ляжаць побач, выбірае верацяно. Абгарнуўшы ім пупавіну, хуткім і ўпэўненым рухам здзяйсняе пераразанне. Абрад ініцыяцыі выкананы. З гэтага моманту жаночы род становіцца багацейшым яшчэ на адну прадстаўніцу, прымаючы ў свой свет будучую нявесту, жонку, маці і гаспадыню. На гэты раз сякера саступае верацяну. На гэты раз верацяно!» З парога задаючы такім чынам тон экспазіцыі, сягаючы ў міфалагічную даўніну, куратары выкрываюць карані жаноцкасці.

З работай Тамары Васюк суседнічае ўражальнае палатно Гаўрыіла Вашчанкі «Сведкі» 1993 года, якое сягае яшчэ глыбей — у першародны хаос. На карціне тры таямнічыя фігуры, тры старыя жанчыны ў вялікіх намітках стаяць пасярод пустыннага пейзажу ўтаропленыя ў адну кропку. Мяжа паміж небам і зямлёй сціраецца, а зверху ўсё гэта трывожным святлом палівае ці то начное, ці то дзённае свяціла. Што ўбачылі старыя, сведкамі якой жахлівай падзеі сталі — невядома. Магчыма, нібы бабкі-павітухі, яны прымаюць стварэнне (ці «нараджэнне»?) свету, а мо ўсяго толькі назіраюць апакаліпсіс.

Як бы там ні было, жаночыя фігуры выяўляюцца мастаком крайне ўмоўна і нагадваюць хутчэй мегалітычныя каменныя ідалы альбо, іначай кажучы, хтанічныя, непадуладныя часу стварэнні, утаптаныя ў саму прыроду. Хтанічная энергія сыходзіць і ад гераіні брутальнага палатна Аляксандра Кішчанкі «Беларуска з сухім галлём», створанага майстрам у 1990-я і здабытага Нацыянальным мастацкім музеем усяго некалькі гадоў таму. Істота неверагоднай моцы крочыць на гледача з карціны. Несучы за плячыма галлё (верагодна, на ачаг), ахавальніца хатняга цяпла ўшчэнт разносіць цэлыя планеты…

Прыкметна вылучаюцца на фоне манументальных жывапісных палотнаў першай залы традыцыйныя жаночыя касцюмы: як сапраўдныя, надзетыя на спецыяльныя вешалкі, так і ў выглядзе вытрымак з класічнага альбома «Беларускае народнае адзенне» 1958 года Леаніда Баразны альбо маляваных рэканструкцый беларускага народнага касцюма, выкананых Міхасём Раманюком у 1994 годзе. Кампанію ім складаюць сучасныя разнастайныя народныя вышыванкі і скульптурныя партрэты, традыцыйныя лялькі (зноў згадваюцца дагістарычныя Венеры) і, канешне, верацяно — прылада ініцыяцыі.

Жывародная энергія

Цэнтральным экспанатам другой паловы выстаўкі з’яўляецца палескі абраз Маці Божай Адзігітрыі 1666 года, «замоўлены рабой Божай Ульянай за свой душэўны спакой і за памерлых дзяцей яе Марыю, Іаана і Стафана». Выявы дзяцей размясціліся па-за спінай Божай Маці. На руках жа, згодна з канонамі, яна трымае маленькага Збавіцеля. Мала, што ікона і сама па сабе здольная захапіць, падарыць моцныя ўражанні на доўгі час (колеравыя спалучэнні, кампазіцыя, тонкасці разьбы — ад абраза не адарвацца!), дык яна яшчэ і цудоўна суадносіцца з ідэяй роду. Мадонна з дзіцем — пра што гэта яшчэ, як не пра род?

Астатнія работы на выстаўцы гэта толькі пацвярджаюць. Так, сюжэт з маці, якая трымае на каленях немаўля, пераўвасабляецца ў многіх палотнах і становіцца па сутнасці ключавым для другой часткі экспазіцыі. З іконай пераклікаецца яшчэ адна работа Аляксандра Кішчанкі «„, Васіля Шаранговіча “», карціна Барыса Казакова «Карміцелька» 1985 года ды іншыя творы. Важным матывам праходзяць праз эскпазіцыю і вобразы зерня, нівы, сяўбы, выяўленыя на манументальных карцінах савецкіх мастакоў. Адчышчаныя ад ідэалагічнага кантэксту, гэтыя вобразы сімвалізуюць плоднасць, пачатак жыцця, жывародную энергію жанчыны.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.