Вы тут

За 10 жнівеньскіх дзён на віцебскай зямлі пошукавікі паднялі астанкі 50 байцоў


Раны Вялікай Айчыннай вайны не могуць загаіцца і сёння. Стогне зямля, час ад часу выцясняючы на паверхню неразарваныя снарады, прабітыя кулямі сапёрныя лапаткі, а яшчэ — астанкі салдат, якіх у лясах і на палях нашай краіны яшчэ ляжыць нямала. І праз 80 гадоў пасля гібелі героям вяртаюць імёны і з ушанаваннямі адпраўляюць у апошні шлях нераўнадушныя людзі — пошукавікі.


Мне выдалася магчымасць правесці дзень разам з удзельнікамі міжнароднай Вахты Памяці, якая праходзіла на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета ў Віцебскім раёне. Гледзячы на знаёмага, які ўсё жыццё займаецца пошукам і ўдзельнічае ва ўсіх экспедыцыях незалежна ад загружанасці асабістымі справамі і надвор'я, мне таксама заўсёды хацелася далучыцца да іх, «байцоў нябачнага фронту». І вось нарэшце ў жніўні, на другі дзень пасля афіцыйнага адкрыцця пошукавай экспедыцыі, мне патэлефанавалі: прыязджай, паднімаем, дзесяць...

Вёска Пестуніца, збочваю з цэнтральнай вуліцы налева. За апошнім домам працякае рэчачка. Менавіта тут, на яе берагах, знайшла хлопцаў. Перад вачыма вялікая, як ад снарада, яміна, у ёй — мой знаёмы Стас кістачкай расчышчае ад зямлі астанкі апошняга, ужо дзясятага па ліку байца. Маўчу, унутры змешваюцца два пачуцці: першае — жах, а следам — трапяткое адчуванне «знайшлі!». Не ведаю, што адчуваюць ужо бывалыя мужыны-пошукавікі ў такія моманты. Можа, тое ж самае, проста стрымліваюцца і не падаюць віду перад дзецьмі.

Я здзівілася, што так хутка пасля пачатку экспедыцыі з'явіліся першыя знаходкі, але пошукавікі ўжо напярэдадні нашай сустрэчы паднялі ў Сімонаўскім лесе яшчэ семярых. Была разам з салдатамі ў зямлі зброя, рэшткі напалову заржавелых боепрыпасаў, нейкія асабістыя рэчы, але ні аднаго медаля ці медальёна, па якіх было б магчыма устанавіць імёны. Праўда, гісторый з добрым канцом, калі па медалі, напрыклад, «За адвагу», знаходзілі родных загінулага воіна і перадавалі ім узнагароду, таксама хапае ў беларускіх энтузіястаў-пошукавікаў. У гэтым годзе пошукавікі Беларусі і Расіі адзначаюць 15-годдзе супрацоўніцтва, за гэтыя гады было праведзена шмат вахтаў на тэрыторыі Віцебскага раёна, вернуты з небыцця дзясяткі імёнаў і перапахаваны ў брацкіх магілах больш чым тысячу салдат, але нястомна, двойчы на год, яны збіраюцца разам, бо цвёрда ўпэўнены, што вызваліцеляў, якія засталіся ляжаць у безыменных магілах на беларускай зямлі, яшчэ вельмі шмат.

Расіяне ўваходзяць у склад Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі «Благачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне», нашы — у Віцебскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Полымя». Усе яны — добраахвотнікі. Гэта людзі абсалютна розных прафесій, якія ў вольны ад асноўнай працы час займаюцца пошукам, які патрабуе не толькі сіл і цярпення, але і вялікіх укладанняў. Металашукальнікі — іх я налічыла трох розных відаў, лапаты, спецвопратка, розныя прыстасаванні... Што кіруе імі? Я пазнаёмілася з Дзімам, ён масквіч, працуе ў сувязі. Шчаслівая сям'я, дзеці — усё, як мае быць. Але ўсё роўна ён дзеліць свой водпуск па два тыдні на красавік і жнівень — як правіла, Вахту Памяці праводзяць вясной і ўлетку, — і едзе на асабістым аўтамабілі ў Беларусь. «За сваё жыццё я шмат чаго пабачыў: быў у Еўропе, плаваў у моры. Свайго адпачынку я не шкадую, бо цвёрда ўпэўнены, што наша работа — гэта абавязак усіх жывых перад загінулымі», — расказвае мужчына. Разам з дарослымі працуюць і дзеці — у мінулым годзе да навучэнцаў кадэцкага класа Маскоўскай школы № 760 імя Марэсьева далучыліся кадэты з Полацка. Гэта новы імпульс у міжнародным патрыятычным выхаванні моладзі дзвюх краін.

Яны не шукаюць камфортных умоў для сябе — людзі прыязджаюць працаваць. Мяккую канапу ім на дзесяць дзён замяняе спальны мяшок, душ — празрыстае возера, а каша, звараная на кастры, з'яўляецца найвялікшай смакатой. «Школа жыцця» — так называюць звыклыя да палявых умоў мужчыны лагер для кадэтаў. Тут змайстравалі нават палявую лазню. Складана толькі, што ніхто фінансава не дапамагае: і прадукты харчавання, і бензін на дарогу ад Масквы да Віцебска і назад аплачваюць сваімі сіламі. Але, прызнацца шчыра, ніхто і не звяртае ўвагі на грашовыя моманты — мэта вахты зусім іншая.

Пасля раскопак у Пестуніцы пераязджаем у Шаркі. Адзіным напамінам аб ваенных дзеяннях у гэтай мясцовасці з'яўляецца брацкае пахаванне з класічнай чырвонай зоркай на абеліску. Вакол — палі, лес і цішыня... Дзень гэты выдаўся надзвычай спякотным, як амаль і ўсе папярэднія дзесяць дзён экспедыцыі. Пошукавік Станіслаў расказвае аб падрыхтоўцы да Вахты Памяці і рассцілае перада мной чорна-белыя, на першы погляд не вельмі зразумелыя, карты. Гэта аэрафотаздымкі з самалётаў нямецкай разведкі, якія за вялікія грошы нашы пошукавікі выкупляюць у амерыканскіх архівах. З дапамогай праграмы здымак накладваецца на сучасную карту мясцовасці, і па ім можна ўбачыць, дзе ішлі баі. Уважліва гляджу на карту: няма ніякіх абазначэнняў, крыжыкаў і кругоў, толькі купкамі рассыпаныя агеньчыкі, якіх у некаторых месцах занадта многа. Не разумею, затое хлопцы побач па-майстэрску вызначаюць наша месцазнаходжанне і складаюць далейшы маршрут.

Спачатку па абраным участку тэрыторыі праходзяць з «рамай» — металашукальнікам з шырокім ахопам у выглядзе квадрата, які трымаюць двума рукамі на ўзроўні ног. Пасля — праходзяць па месцы, дзе больш звініць, кругавым. І толькі потым пачынаюць капаць маленькімі групамі па два-тры чалавекі ў некалькіх кутках. У яме вузка, цяжка развярнуцца нават аднаму, таму і пошукавікі змяняюць адзін аднаго. На зямлі з'яўляюцца першыя знаходкі: счарнелыя ад часу кулі, калючы дрот. Яшчэ трохі глыбей — паказаўся стул, зроблены з пня. «Бліндаж» — кажуць хлопцы. Мо так і ёсць, бо ўчастак зямлі «звініць» адной прамой стужкай. Тым часам да невыноснай спякоты далучыліся яшчэ камары з аваднямі, адмахваючыся, працягваюць капаць да самага вечара, толькі напрыканцы дня ўдаецца схапіць кароткія подыхі перадначнога ветру.

У межах Вахты Памяці прайшло перапахаванне астанкаў 108 байцоў у Навіках, якіх паднялі падчас экспедыцыі ў красавіку—маі на тэрыторыі Шапечынскага сельсавета. Асабіста для мяне ў пошукавікоў ёсць кранальная традыцыя, якая на кожным падобным мерапрыемстве шчыміць сэрца. Адпраўляючы праз такі доўгі прамежак часу байцоў у апошні шлях, каля свежай брацкай магілы ўсе ўдзельнікі вахты кладуць на пагорак далоні ў поўнай цішыні. Я спытала ў знаёмага, навошта: «Грэем хлопцам зямлю», — адказалі мне. Так... Не дзеля пафасу і ўсеагульнага прызнання. Гэта проста вынік цяжкай і бясконцай работы, асэнсаванне таго, што ўсё — недарэмна.

За дзесяць жнівеньскіх дзён на віцебскай зямлі пошукавікі паднялі астанкі 50 байцоў, якія загінулі пры вызваленні горада на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета. Яны з воінскімі ўшанаваннямі будуць перапахаваны на заронаўскім мемарыяле побач з 10,5 тысячы салдат, якія ўвекавечаны тут. Будучай вясной пошукавікі зноў збяруцца на беларускай зямлі, аддаючы даніну памяці воінам-вызваліцелям.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.