Вы тут

У Гродзенскай вобласці павышаюць выкарыстанне камунальных адходаў


Дадзеная тэма апошнім часам у рэгіёне на слыху. Нядаўна ў Слоніме падчас рэспубліканскага семінара ішла гаворка аб новых метадах і тэхналогіях у перапрацоўцы другаснай сыравіны. А літаральна месяц таму ў Гродне адкрылі новую лінію па паглыбленай перапрацоўцы палімераў. У цяперашні момант рыхтуецца да пуску і лінія па вытворчасці RDF-паліва на Гродзенскім смеццесартавальным заводзе. Усе гэтыя кампаненты скіраваны на тое, каб як мага менш адходаў трапіла на палігоны смецця.


Фота slonves.by.

Стаўка на сучасныя тэхналогіі

Увогуле планы наконт перапрацоўкі другаснай сыравіны ў краіне амбіцыйныя. У найбліжэйшай пяцігодцы выкарыстанне цвёрдых камунальных адходаў павінна павялічыцца да 55 %, а да 2035 года — да 90 %. Пакуль гэты паказчык на сённяшні дзень складае толькі 30 %. Гродзенская вобласць па перапрацоўцы другаснай сыравіны мяркуе выйсці да канца года на 38 %. Дзякуючы новым тэхналогіям, перадумовы для гэтага ёсць.

Праект, які нядаўна распачаў дзеянне ў Гродне, павінен значна павысіць перапрацоўку адходаў. Гаворка ідзе аб новай лініі гранулявання на базе ААТ «Белдругпалімер». Канчатковым прадуктам перапрацоўкі з'яўляецца высакаякасная другасная гранула кампазіцыйнага поліэтылену. Прадукт будзе выкарыстоўвацца для вырабу пластмас. Гэта дазволіць павялічыць глыбіню перапрацоўкі, што спрыяльна як для эканомікі, так і для экалогіі.

На новай лініі будуць сартавацца адходы па відах пластыку. Напрыклад, бутэлька ад малака — гэта адзін від, накрыўка — другі, этыкетка — трэці. Кожны від будзе адпраўляцца на асобную перапрацоўку. Сарціроўка праходзіць у аўтаматычным рэжыме. Адходы сартуюць не людзі, а аўтаматы пры дапамозе аптычных сканераў. Далейшая грануляцыя праз мікронныя фільтры дазваляе зрабіць матэрыял максімальна набліжаным да першаснага віду пластыку.

Гатовы прадукт — якасная другасная гранула кампазіцыйнага поліэтылену — можа выкарыстоўвацца ў вытворчасці пясчана-палімерных вырабаў, дахавых матэрыялаў, вырабаў з пластмасы. Прадукцыя з'яўляецца імпартазамяшчальнай, 50 % пойдзе на экспарт.

Другі праект — запуск лініі па перапрацоўцы RDF-паліва на Гродзенскім смеццесартавальным заводзе. Пластык, які немагчыма перапрацаваць, пойдзе на паліва пры вытворчасці цэменту на прадпрыемстве «Краснасельскбудматэрыялы». На смеццесартавальным заводзе ў Гродне наладжаны выпуск тратуарнай пліткі з палімерных адходаў.

Раздзяліць і сабраць

У Гродне паўсюдна ідзе раздзельны збор смецця. Няма ніводнага функцыянуючага смеццеправода.

Праўда, многія лініі сарціроўкі, якія працуюць па 10-15 гадоў, састарэлі і патрабуюць аднаўлення. Пакуль самая магутная такая лінія — 10 тысяч тон смецця ў год — працуе ў Слоніме. Усе астатнія напалову слабейшыя. Загрузка магутнасцяў па сарціроўцы ЦБА за мінулы год па вобласці склала крыху больш за 70 %. У ЖКГ паведамілі, што сарціроўка будзе ўдасканальвацца.

Нядаўна ў Астраўцы ўступіла ў дзеянне новая, восьмая ў вобласці, лінія сарціроўкі. Гэта цэлы комплекс з палігонам для адходаў і кампоставай картай.

— Цяпер галоўная задача — павялічыць ахоп раздзельным зборам сярод насельніцтва, менавіта доля раздзельна сабранага смецця павінна пераважаць, — паведаміла спецыяліст вытворча-тэхналагічнага аддзела ЖКГ Гродзенскай вобласці Таццяна Вашкевіч. — Чым лепш насельніцтва сартуе адходы ў кантэйнеры па прызначэнні, тым хутчэй павялічыцца іх перапрацоўка. А значыць, узрасце і доля іх выкарыстання.

Дарэчы, летась у выніку экалагічных рэйдаў было складзена 5 пратаколаў-папярэджанняў тым жыхарам, якія ігнаруюць сарціроўку смецця, а ўсе адходы складзіруюць як выпадае. Такую сітуацыю можна назіраць амаль на кожнай кантэйнернай пляцоўцы.

У будучым для далейшага ўдасканалення работы з адходамі ў вобласці будуць створаны чатыры рэгіянальныя комплексы. Першы плануецца пабудаваць у Ваўкавыску ў 2024—2025 гадах. Наступныя тры — у Лідзе, Гродна і Смаргоні — у наступнай пяцігодцы. Кожны цэнтр будзе мець палігон і смеццевы завод. Такім чынам, у вобласці застанецца толькі чатыры палігоны для пахавання адходаў замест існуючых васямнаццаці. Таксама значная частка смецця скароціцца за кошт вытворчасці RDF-паліва.

Праўда, праект даволі дарагі, адзначылі ў ЖКГ Гродзенскай вобласці. Яго кошт дасягае амаль 200 мільёнаў рублёў. Таму ідзе пошук крыніц фінансавання.

Не забруджваць прыроду!

Парадак збору і вывазу адходаў рэгламентаваны раённымі схемамі. У іх уключаны ўсе населеныя пункты і садовыя таварыствы. За эксплуатацыяй палігонаў для смецця сочыць абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як паведаміла начальнік аддзела камітэта Валянціна Путро, з пачатку года праведзена больш за 70 кантрольных мерапрыемстваў, у выніку якіх выяўлена 170 парушэнняў, у тым ліку ўстаноўлены факты вывазу на палігон другасных рэсурсаў. На самыя злосныя парушэнні складзены штрафы на агульную суму больш за 12 тысяч рублёў. Сярэдняя сума штрафу складае 55 базавых велічынь.

У сувязі з парушэннямі парадку па рабоце з адходамі дзевяццю арганізацыямі ЖКГ у бюджэт пералічаны экалагічны падатак у памеры 200 тысяч рублёў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.