Вы тут

Новы этап у жыцці


Ну хто, скажыце, гэтымі днямі не згадвае свой першы званок?! Першую настаўніцу, першых сяброў, першыя адзнакі?! Першыя радасці і расчараванні?!


Фота: pixabay.com

Я пайшла ў першы клас у 1998 годзе. Сярод аднакласнікаў самая старэйшая — сямігодка. Праўда, знешне гэта было незаўважна — меншая ростам за многіх шасцігодак. Невыпадкова мяне, малую, бацькі не аддалі ў школу на год раней. Аднак была на тое яшчэ адна, больш сур'ёзная, прычына. У трохгадовым узросце ўрачы дыягнаставалі ў мяне касавокасць. Вочы трэба было берагчы. А яшчэ мама як магла спрабавала адгарадзіць мяне ад насмешак школьнікаў (заклеенае белым шкло ў акулярах па тым часе, асабліва ў вясковай школе, было рэдкасцю).

Сваіх аднакласнікаў я добра ведала — практычна з усімі хадзілі ў дзіцячы садок. З Дашай, з якой пасадзілі за адну парту, увогуле жылі ў адным доме, сябравалі з маленства. Дагэтуль — як сястрычкі, хоць і жывём у розных краінах. Увогуле, менавіта школа падарыла самых адданых сяброў. Яшчэ с дзвюма дзяўчатамі — Светай і Таняй — дагэтуль трымаем шчыльную сувязь, сябруем сем'ямі.

А ўсё пачалося з першага званка... І сёння памятаю, якія ўсе былі прыгожыя — белыя кашулі, чорныя сарафаны і касцюмы, белыя банты ў дзяўчат. Хваляваліся не толькі мы. Нашы бацькі адчувалі яшчэ больш яркія эмоцыі: у іх дзяцей пачынаўся новы этап у жыцці. Вельмі важны этап.

Урачыстасць праходзіла ў спартыўнай зале — менавіта яна ў вясковай школе магла змясціць такую колькасць людзей. Аднак перад гэтым — у класе — адбылося знаёмства з першай настаўніцай. Алену Віктараўну, вядома, мы ўсе ведалі. Яна жыла ў нашай вёсцы, у тым жа доме, што і мае бацькі. Маладая, прыгожая — яна хутка знайшла падыход да кожнага. Алена Віктараўна мела аб кожным з нас уяўленне — у маленькім населеным пункце ўсё як на далоні. Гэта цяпер, пераважна ў гарадскіх школах, настаўнікі з першага дня вывучаюць кожнага вучня як новую кнігу: знаёмяцца з бацькамі першакласніка, наведваюць месца яго пражывання, спрабуюць разабрацца ў здольнасцях кожнага вучня. У мой час пра тое, хто з вучняў на што варты, першы настаўнік ужо ведаў. І ніякіх падрыхтоўчых курсаў не было, каб пазнаёміцца з дзецьмі загадзя. У вёсцы, паўтаруся, усё як на далоні.

Я навучылася чытаць у пяць гадоў — за два гады да школы. І, як ні дзіўна, першыя ўрокі мне давала не маці, настаўніца пачатковых класаў. З алфавітам прыйшлося пасябраваць якраз у яе адсутнасць. Калі мама з'ехала на курсы павышэння кваліфікацыі, мяне «даверылі» бабулі, якая, таксама настаўніца па адукацыі, нічога лепшага не прыдумала, як вучыць мяне чытаць. Потым, вядома, мне гэта спатрэбілася: пакуль мае аднакласнікі толькі пачыналі асвойваць алфавіт, я ўжо была дзесьці пасярэдзіне Буквара (такая прывілея была дадзена настаўніцай).

Увогуле, бацькі са мной ніколі не мелі праблем. Адзнакі атрымлівала добрыя, урокі вучыла сама, правяраць за мной іх не было неабходнасці — адным словам, выдатніца. А яшчэ і актывістка. Ні адзін школьны канцэрт, конкурс (ці самадзейнасці, ці «Вучань года») не абыходзіўся без мяне. Самастойна з сяброўкамі-аднакласнікамі нават арганізоўвалі «Фабрыку зорак» па матывах папулярнага па тым часе музычнага праекта. Адным словам, ведалі, як павесяліцца і ў школе.

Аднак на першым месцы, вядома, была вучоба. Асабліва востра стаяла пытанне ў старшых класах. Трэба было паступаць. І разлічвалі мы толькі на школу. Рэпетытары тады толькі ўваходзілі ў моду. У нашай вёсцы іх увогуле не было, а займацца са спецыялістам у горадзе было дорага — мае бацькі столькі не зараблялі. Таму разлічвала толькі на свае сілы. Ведала, што калі не паступлю на бюджэт, то платна мяне ніхто вучыць не будзе — не па сілах.

Дзякуй богу, настаўнікі ў нашай вясковай школе былі моцныя. Каб атрымаць свае 98 балаў на тэсціраванні па беларускай мове, хапіла школьных заняткаў і факультатыву. Вядома, было шмат і самастойнай працы. Дагэтуль памятаю, як вечарамі штудзіравала зборнікі тэставых заданняў з мінулых гадоў. Гісторыю, якую таксама даводзілася здаваць пры паступленні, вывучала на ўроках, дадаткова займалася і дома. А вось нядрэнна напісаць сачыненне — без яго і цяпер на журфак не паступіш — дапамаглі не нейкія там падрыхтоўчыя курсы, якія наведвалі ўсё мае будучыя аднагрупнікі, а ўдзел у алімпіядах па беларускай мове.

Аднак напярэдадні першага верасня згадваюцца не поспехі, не дасягненні. Згадваюцца першы званок, мае маленькія, нясмелыя аднакласнікі, прыгожая настаўніца, маладыя бацькі, вялізныя букеты простых кветак, якія ледзьве змяшчаліся ў руках будучых урачоў, хімікаў, праграмістаў, цырульнікаў, біёлагаў і журналістаў...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.