Вы тут

Эстафету Дня беларускага пісьменства прыме Гарадок


Вечарам 4 верасня ў Добрушы гучаць апошнія акорды ХХІХ Свята беларускага пісьменства. Эстафету прыме горад Гарадок — адзін з раённых цэнтраў Віцебшчыны. Само па сабе гэта ганарова. Аднак стаць сталіцай юбілейнага ХХХ фэсту нацыянальнай літаратуры, а калі глядзець шырэй, то і культуры ў цэлым — яшчэ больш прыемна. Гэтыя святы — не толькі магчымасць узважыць багатыя сённяшнія літаратурна-культурныя набыткі, а і лепш пазнаць, асэнсаваць сваё мінулае.


Гарадоцкі краязнаўчы музей

У нас, беларусаў — пад беларусамі маю на ўвазе і прадстаўнікоў іншых народаў, якія жывуць у незалежнай, суверэннай краіне Рэспубліка Беларусь, — заўсёды было паважнае стаўленне да даўнасці. Да таго, што перадаецца з пакалення ў пакаленне і пра што дакладна сказаў народны пясняр Беларусі Янка Купала: «Завецца ж спадчына мая // Ўсяго Старонкай Роднаю».

Аднак менавіта Год гістарычнай памяці надаў шляху, пройдзенаму нашай дзяржавай, пачатак якога там, дзе племянныя княжанні сталі першымі протадзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі Беларусі, а Полацкае княства з’явілася вытокам дзяржаўнасці, новы імпульс, больш асэнсаванае стаўленне. Такое, што не паводле канцэпцый нашых суседзяў, а што адпавядае гістарычнай праўдзе, справядлівасці.

Некалі тэрыторыя цяперашняй Гарадоччыны — аднаго з найбольш буйных раёнаў Віцебскай вобласці — уваходзіла ў склад Полацкага і Віцебскага княстваў. Гарадок упершыню згадваецца ў летапісах пад 1128 годам, калі адбыўся чарговы паход князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча: «В лето 6636. Посла князь Мстислав с братьею своею многи кривичи, четырьмя путьми: <...> Всеволодка из Городка <...> повеле идти к Изяславлю <...>». Наступная згадка тычыцца другой паловы ХІІІ стагоддзя. Быццам блізу «Гарадка каля Полацка» адбылася бітва паміж палачанамі і літоўскім войскам, якое ўзначальваў князь Мінгайл (Мінгайла). Быццам, бо «сур’ёзныя» гісторыкі сумняваюцца ў існаванні такога новагародскага і полацкага князя.

Магчыма, будучыя гісторыкі калі-небудзь высветляць, дзе ісціна. Як і праўдзівей зірнуць на шмат якія іншыя падзеі на гэтай зямлі, а іх жа было столькі! Гарадоччына ўваходзіла і ў Вялікае Княства Літоўскае, і ў Рэч Паспалітую, і ў Расійскую імперыю. Шырокае поле дзейнасці для тых, хто прагне адкрыцця новага і ўдакладнення ўжо вядомага. А што пошук прыносіць плён, сумнявацца не даводзіцца. Колькі часу даследчыкі не маглі высветліць, хто аўтар знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе», лічылі яе ананімнай. Аказалася — Канстанцін Вераніцын, ураджэнец вёскі Астраўляны Гарадоцкага раёна. І пісаўся гэты неўміручы твор 15 красавіка 1855 года ў Гарадку.

Ужо гэтага дастаткова, каб ладзіць ХХІХ Свята беларускага пісьменства ў гэтым горадзе. А на літаратурнай карце Гарадоччыны нямала іншых цікавых імёнаў. Не здагадваецеся, хто з беларусаў першым пабываў на Кубе? Пётр Стральцоў з Гарадка. Прабачце, пабываў — не тое слова. У 1896 годзе ён змагаўся за свабоду кубінцаў, якія выступілі супраць іспанскіх каланізатараў.

Родам з Гарадка і публіцыст Ангел Багдановіч, імя якога было шырока вядома ў Расіі на стыку ХІХ—ХХ стст. Яго дзецішчы — часопісы «Мир божий» і «Современный мир».

На жыццядайнай Гарадоцкай зямлі нарадзіліся паэт Генадзь Дмітрыеў, празаік Мікола Воранаў, рускі паэт Ігнат Бяляеў, публіцыст, кінасцэнарыст-дакументаліст Валерый Драздоў і іншыя. Гарадоцкія старонкі займаюць важнае месца ў біяграфіях Наталлі Саветнай, Уладзіміра Скарынкіна, рускага паэта і перакладчыка Ігара Грыгор’ева, збіральніка фальклору Антона Грыневіча...

Багатая Гарадоччына на таленты, але стаўленне да Канстанціна Вераніцына тут асаблівае. Свайго роду помнікам яму з’яўляюцца два вялізныя камяні-валуны. Адзін — у яго роднай вёсцы, другі — каля будынка раённага краязнаўчага музея. На таблічках іх словы выдатнага паэта, празаіка, літаратуразнаўцы Алегі Лойкі: «Паэма стала патрыятычнай песняй, выяўленнем любові да роднага слова, марай аб вялікім будучым беларускай літаратуры, паэтызацыяй узыходжання яе на Парнас».

Паняцце Парнас у тамашніх мясцінах набывае сімвалічнае значэнне. Як вядома, у самым пачатку паэмы «Тарас на Парнасе» згадваецца вёска Пуцявішча:

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазні блізка жыў.

Яна некалі стаяла каля дарогі, з Гарадка ў Віцебск. Нават не вёска, а вёсачка, а, як слушна заўважыў Генадзь Кісялёў, стала «галоўнай жыццёвай артэрыяй яго юнацтва», вывела ў людзі. Атрымліваецца, як бы Парнасік. Не, правільней усё ж сказаць — невялікі Парнас. Сюды і запрашае Канстанцін Вераніцын нас. Каб з агледзін яго яшчэ больш упэўніліся, якая цудоўная зямля — наша Беларусь, наколькі мілагучная мова беларуская, як трэба берагчы яе, каб не страціць, а захаваць для нашчадкаў.

Да ХХVІІІ Свята беларускага пісьменства мы крочылі з ідэяй народнага адзінства. У Год гістарычнай памяці прыйшлі да ХХІХ! Як будзе называцца год наступны, пакуль невядома. Адно можна сказаць пэўна: ён будзе наш, беларускі. Год суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.