Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Злодзей... Ён жа не злодзей»


Злодзей... Ён жа не злодзей

Вёска ў нас досыць вялікая, і таму без ровара — ну ніяк. Я з яго, можна сказаць, не злажу: езджу амаль усюды і амаль заўсёды. Аднак у тую нядзелю...


Фота: pixabay.com

Зрэшты, па парадку.

У тую нядзелю я пайшла на базар пехатой. Што-нішто з патрэбнага прыкупіла там, па ўсё іншае, падумала, трэба схадзіць у краму. І ўжо накіравалася, але ж на выхадзе з базару ўбачыла сваю супрацоўніцу Свету. Яна стаяла каля крайняга ровара (там якраз стаянка для іх) і трымалася рукой за сядло.

— Ты некага чакаеш? — спытала, павітаўшыся.

— Не, — адказала Света, — сэрца штось прыхапіла. Чакаю, пакуль пройдзе.

— Дык у мяне валідол ёсць. Вазьмі, — прапаную жанчыне. — Мне ён заўжды памагае.

Света паклала таблетку пад язык. Я на ўсякі выпадак (раптам не дапаможа?) пастаяла пры ёй, потым узяла ровар, на які яна абапіралася, павесіла на руль сваю сумку, і мы з ёй (нам па дарозе было) няспешна пакіравалі ў краму. Ішлі памалу, размаўлялі пра здароўе, пакупкі, цэны... Падышоўшы бліжэй, я спытала яшчэ, куды ровар паставіць.

— Ды хоць куды, — адказала Света.

Ну я і паставіла...

У краме нашы з ёй «дарогі» разышліся: я стала выбіраць тое, што патрэбна мне, яна — тое, што патрэбна ёй.

І потым, выбраўшы ды купіўшы, мы на выхадзе з крамы адна адну не чакалі: навошта, калі жывём на розных вуліцах, калі ісці ў розныя бакі.

...Дамоў я дабралася хутка, але ж добра стамілася — прылягла адпачыць і нават заснула. Пабудзіў мяне тэлефон: кума званіла, сказала, што ў яе ўкралі ровар.

— Дзе? — пытаюся.

— На базары.

— Калі?

— Сёння. Днём.

— Ды як жа так?! У самым людным месцы, — абураюся я, успамінаючы, што і сама там была! Можа, — спадзяюся, — памыліўся нехта: свой пакінуў, а твой узяў?

— Не, — уздыхае ў адказ кума. — Я ўжо праверыла: пачакала, пакуль усе раз'едуцца. Пасля 13.00 на базары нікога не было. І лішніх ровараў — таксама.

— У міліцыю, — пытаю, — звярталася?

— Так, але што толку! Як яго шукаць, калі на такіх паўвёскі катаецца.

— А які ў цябе?

— «Стэлс» — дамскі, чырвоненькі...

Паспачуваўшы ды абнадзеіўшы куму, што ровар, можа, яшчэ знойдзецца, я скончыла размову і задумалася, хто ж яго мог украсці — сярод белага дня, у самым людным месцы! Відаць, хітры злодзей: спецыяльна выглядаў, выбіраў ровар, якіх шмат. У Светы вось такі самы... І яна ж, мусіць, доўга з ім каля базару стаяла... Можа, падазронае нешта бачыла?

Я тут жа набрала нумар тэлефона супрацоўніцы, учыніла сапраўдны допыт і даведалася, што ровар у яе... не чырвоны, а зялёны.

— Як гэта зялёны? — не зразумела я, бо добра помніла, што каціла чырвоны?!

— Дык ён што — быў не твой? — у адказ на тое здзівілася прыяцелька.

— Не, — кажу. — Я сёння пехатой на базар хадзіла. А вось з базару ў краму... Дык гэта што — я (?!) чужы ровар са стаянкі звяла?!

На паўслове абарваўшы размову са Светай, кінулася званіць куме — расказваць, што на самай справе адбылося з яе жалезным сябрам. А галоўнае — што шукаць яго трэба не каля базару, а побач з крамай.

На шчасце, кума туды не спазнілася: ровар аказаўся на месцы. Пра гэта яна адразу ж сказала мне і паведаміла ў міліцыю...

Аднак на гэтым гісторыя з «крадзяжом» не скончылася, бо позна ўвечары і да мяне, і да Светы прыязджаў участковы. Вельмі ўедліва пра ўсё распытваў: як было, што было?.. Мусіць, проста не ведаў, што ў пратакол напісаць, калі злодзеі знайшліся, але яны як быццам зусім не злодзеі.

Л. НАВУМІК

Мінскі раён


Хацеў, як лепей...

Гісторыю пра пана Заблоцкага я чула ад розных людзей і па-рознаму. Праўда, сэнс заўжды быў адзін: вырашыў чалавек абагаціцца. Некуды за мора завёз тоны жыта і выменяў яго на мыла, каб дома выгадна прадаць. А для таго каб сэканоміць на перавозцы ды мытні, схаваў тавар на самым дне карабля. Не ведаў, што яно крыху падцякае.

Дарога дадому была далёкая. У выніку ад мыла амаль нічога не засталося. Чалавек сам сябе перахітрыў: нічога не выйграў... Хіба што ў гісторыю ўліп, бо да сёння, калі нейкая справа лясне, не дасць прыбытку, людзі кажуць: «Зарабіў, як Заблоцкі на мыле».

Вось і з маім знаёмым такі выпадак быў.

Лявон у горадзе жыў, нейкім начальнікам працаваў, а перад выхадам на пенсію купіў у вёсцы невялічкую хату (побач рэчка, за рэчкай лес) і зажыў.

Адзінае — з людзьмі сыходзіўся цяжка. Дужа ганарыўся сваім гарадскім мінулым. Мала з кім вітаўся. А тут яблыкі ў яго ўрадзілі — проста не абабрацца...

Іншы чалавек падышоў бы да суседзяў, сказаў: забірайце, карміце скаціну. Гэты — маўчаў. І з часам, здавалася, выйграў, бо на слупах аб?ява з'явілася: прыедзе, маўляў, машына, будзе прымаць апад. «Во, нейкую капейку выручу», — узрадаваўся наваселец.

Шчыра папрацаваў — мяхоў з 20 насыпаў! Каб зручней грузіць было, вынес іх на вуліцу, саставіў каля плота. І не празяваў — дачакаўся машыны, аднак яблыкі свае не здаў: цана не задаволіла. Вырашыў іншага пакупніка пачакаць.

А тут, як на ліха, вяскоўцы грыбы з лесу носяць. І — проста носам чуваць — то смажаць, то вараць, то сушаць... Вырашыў і Лявон у лясок схадзіць.

Паўдня там цягаўся — нічога не знайшоў. І каля дома яго чакаў падарунак: яблыкі з-пад плота зніклі.

Ад суседзяў дазнаўся, што па вёсцы праязджала машына — забірала смецце, якое вяскоўцы заўжды выстаўляюць да варот. Разам з ім — з'ехалі і Лявонавы яблыкі.

Мацюкаўся ён тады на чым свет стаіць: гэта ж столькі работы...

Нехта з аднавяскоўцаў яго шкадаваў, нехта ў вус пасміхаўся ды спадзяваўся, што для навасельца гэта ўрокам стане. Не фарсіў бы дужа, не задзіраў свой нос, паважаў бы людзей, глядзіш, і яны падказалі б грыбныя мясціны, прынеслі б яек-малака і, вядома ж, сказалі б зборшчыкам смецця не чапаць Лявонавы яблыкі. А так...

Выйграў, як Заблоцкі на мыле.

Г. НІЧЫПАРОВІЧ

Уздзенскі раё


«Унучка»? Уся ў шакаладзе!

...У тую суботу Іванаўна сабралася ў горад: дачку там хацела праведаць, з абутку нешта купіць, бо ногі ў яе і хворыя, і праблемныя.

Муж, ведаючы тое, дапамог сабрацца, на машыне падвёз да прыпынку, узяў білет на аўтобус. На маршрутцы — яны ведалі — дабрацца было б і танней, і хутчэй, але ж гэты від транспарту яны не любілі. Няўтульна там неяк, цесна ды і натрасешся, пакуль даедзеш. Аўтобус — зусім іншы каленкор. А калі яшчэ і месца каля акна... Сядзі сабе, пазірай... Не заўважыш, як даедзеш.

— З богам! — пажадаў палавіне Пятровіч. — Прывітанне ўнучцы!

— Ну чалавек! Ну зануда! — чарговы раз абурылася жонка. — Не падражніш — не пражывеш! Далася табе тая ўнучка!

Калі па шчырасці, дык «далася» яна і самой. Амаль 30 гадоў яны з мужам гадавалі, прыбіралі, вучылі сваю адзіную познюю дачушку, замуж яе аддавалі, спраўлялі гучнае прыгожае вяселле, за свае грошы, можна сказаць, купілі і абставілі маладым кватэру, спадзяваліся, што ўжо цяпер, не маючы іншых клопатаў, дзеці парадуюць іх унукамі. Аж не! Тыя сказалі, што спачатку будуць жыць для сябе, а потым і зусім... Нейкае дарагое, пародзістае кацяня прыдбалі. Дзіянай, чалавечым імем, назвалі яго ды сталі насіцца, як з пісанай торбай. Толькі і чулася ад іх: «Дзіяначцы домік, Дзіяначцы латок, ёй жа місачкі, ляжанка, мяска, цацкі... Словам, не котка ў людзей, а ледзь не святло ў акенцы! Штодня фатаграфуюць — як яна спіць, як сядзіць, як гуляе — ды ўсім сваім фотакарткі на тэлефоны скідваюць. Праўда, апроч бацькі, бо той адразу ж сказаў: «Цьфу-ты ну-ты, лапці гнуты! Самі з глузду з'ехалі з гэтай жывёлінай, дык людзей не дурыце! Бачыць яе не хачу!»

А Іванаўна — тая глядзела, бо мілае ж стварэнне.

...Да Мінска яна дабралася лёгка. Дачка сустрэла, прывезла ў кватэру, пазнаёміла са сваёй гадаванкай. Тая, праўда, з белай і пушыстай малечы ператварылася ў сапраўдную дарослую кошку з нейкім калючым насцярожаным позіркам.

— Не любіць чужых, — растлумачыла дачка, у носік пацалаваўшы любіміцу.

Тут ўжо і мама сказанула б бацькава «цьфу-ты ну-ты...», але змаўчала, бо з сваёю цаною на кірмаш не едуць.

Разам з дачкой яны разгрузілі прывезеныя гасцінцы, трохі перакусілі, праехаліся па крамах у пошуках абутку. Без толку, на жаль: тое нязручнае, тое дужа яркае ці дарагое... Вырашылі заўтра яшчэ пашукаць, а пакуль прывалакліся дамоў, госці так захацелася легчы...

Дачка не пярэчыла: на шырокую канапу ў зале заслала прыгожую пасцель, выключыла святло. Іванаўна толькі галаву да падушкі і тут жа ў сон...

Прачнулася, як здалося, тут жа — ад невыказнага жаху: нехта ў цемры блытаў, тузаў яе валасы.

Кабета падхапілася, уключыла святло. На падушцы сядзела кошка.

— Кыш адсюль! — замахнулася на яе Іванаўна. Але ўцякаць тая не збіралася: ашчэрыла зубы, замахнулася лапай...

— Добра, халера з табой! Сядзі, — згадзілася госця, выцягнула з-пад кошкі падушку, паклала ў процілеглы бок канапы — зноў лягла. І зноў — толькі задрамаўшы — адчула, як у скуру над вухам убіваюцца вострыя капцюры.

На гэты раз Іванаўна ўжо не сцярпела: сагнала кошку з канапы, забубніла:

— Ну якога ж ражна табе трэба? І сама не спіш, і людзям не даеш.

У дзвярах і сапраўды ўжо з'явілася дачка — узяла на ручкі сваю любіміцу, сказала:

— Ой мамачка, я ж не папярэдзіла! Тут, на канапе, наша Дзіяначка спіць. Гэта яе месца. Вось яна цябе і зганяе... Бач — якая хітруля!

І ўжо гадаванцы:

— Ты разумніца мая! Ты ўмееш за сябе пастаяць! Правільна! Малайчынка... Я маме раскладушку зараз прынясу.

Часу тое не заняло: у зале і праўда паставілі раскладушку. На яе перанеслі прыгожую пасцель — госця лягла, хоць і не заснула, бо раскладушка пад ёй (80 кіло як-ніяк) па-здрадніцку прагіналася, студзіла сваім жалезам то рукі, то ногі, то плечы... Да таго ж з канапы за госцяй сачылі два яркія вокі, а ў душу запаўзала крыўда ад таго, што кошцы ў гэтым доме пашаны болей...

Дачцэ пра гэта Іванаўна нічога не сказала. Проста раніцой, паснедаўшы, стала збірацца дамоў. Абыдуся, маўляў, без новага абутку — пахаджу ў старым. Ды і за дзеда свайго хвалююся: як ён там без мяне?

У аўтобусе — і ўсю дарогу дамоў — яна праспала.

...Муж сустрэў, спытаў, як з'ездзіла? Адказала, што ўсё цудоўна. Дзеці дружна жывуць.

— Ну а ўнучка як?

— Ды ўся ў шакаладзе... Глядзяць яе і дачка, і зяць... Можа, і дзіцятка гэтак жа будуць. Яно ж некалі з'явіцца?

Іванаўна з Пятровічам спадзяюцца і працягваюць чакаць.

Н. АНДРЭЕВА

Петрыкаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.