Вы тут

Ірына Відава: Самотнай і свабоднай сябе не адчуваю


Мужна перажыўшы страту мужа, кампазітара Алега Молчана, гэтая прыгожая таленавітая жанчына прысвячае сваё жыццё таму, каб людзі памяталі — яго самога, яго музычную спадчыну і працягвае ўласную выканальніцкую кар’еру. Жыве паўнавартасна і годна — за сябе і за свайго каханага.


Ляцець з адным крылом

— Вось ужо тры гады вы — удава. Што аказалася для вас самым складаным за гэты перыяд? Чаму прыйшлося вучыцца?

— Спатрэбіўся час, каб прывыкнуць да фізічнай адсутнасці Алега. Мы ж амаль не разлучаліся. Пастаянна разам: дома, у студыі, на адпачынку, у гасцях. Застаўшыся адна, машынальна аглядалася ў пошуках мужа, і лавіла сябе на дзіўным адчуванні, што яго няма побач. А яшчэ мы з Алегам былі кінаманамі: часта па вечарах з задавальненнем глядзелі фільмы, абменьваліся ўражаннямі. Цяпер гэтага наогул няма ў маім жыцці. З сыходам мужа яшчэ глыбей усвядоміла, наколькі мы былі шчаслівыя. Жылі проста як у раі. Шчыльнае «кальцо» кахання Алега абараняла мяне ад уколаў навакольнага свету. Цяпер яны больш адчувальныя, і я разумею, што жыццё не такое цудоўнае, як мне здавалася раней.

— Людзі, якія добра вас ведаюць, дзівяцца, як стойка вы перажылі смерць мужа. Вам каштавала вялікіх намаганняў — стрымліваць эмоцыі, не паддавацца гору?

— Я забараніла сабе ўпадаць у дэпрэсію. Ведаю дакладна: і Алег гэтага не хацеў бы. Не распаўсюджвала сваё гора на іншых людзей і не дазволіла, каб яно мяне раздушыла. Справілася і пераканалася: я — моцная. Упэўнена, муж ганарыўся бы тым, што я працягваю спяваць, пісаць, выступаць.

— Хтосьці сыходзіць у запой, а вы сышлі ў творчасць?

— Занялася справай. Устанавіла помнік Алегу на Усходніх могілках, мемарыяльную дошку — на доме па вуліцы Ракаўскай, у якім муж правёў першыя гады жыцця, побач — музычную лаву з яго творамі. Праца, творчасць, безумоўна, ратуюць. Я асвоіла шмат з таго, чым раней у нашай студыі займаўся выключна Алег. Падрыхтавала тры канцэрты: «Я нясу вам дар», «Алег Молчан-55», «Там, высока», выдала сем зборнікаў-сшыткаў «Алег Молчан. Песні для голасу і фартэпіяна», выпусціла два дыскі фірмы «Мелодыя». 26 кастрычніка, у дзень смерці Алега, адбудзецца прэзентацыя зборніка яго харавых твораў. Муж пакінуў мне песень на некалькі жыццяў — дык навошта ж ставіць кропку? 

— Пасля сыходу мужа ранейшыя сябры і знаёмыя засталіся з вамі?

— На шчасце, у сваёй большасці — так. Алег быў чалавекам добрым, шчырым, вялікадушным, надзейным; такімі ж людзьмі мы сябе і акружалі. З іх боку сустракаю ўдзел, разуменне, падтрымку.

Захаваць твар

— Калі сыходзіць маладосць, у шматлікіх жанчын (у публічных — асабліва) пачынаецца паніка. Вам яна знаёмая?

— Пакуль не (смяецца). Адчуваю сябе ў выдатнай форме, з аптымізмам набліжаюся да прыгожай даты. Спелыя жанчыны мне заўсёды здаваліся цікавейшымі, чым маладыя. Ужо відаць асобу, ёсць біяграфія, досвед, свой стыль. І ўсё гэта ўзбагачае творчасць, яна становіцца глыбейшай, больш шматграннай.

— Многія здзіўляюцца таму, як молада вы выглядаеце. Ёсць нейкі сакрэт?

— Сакрэтаў няма. Дзякуй генетыцы, бацькам. Мусіць, па прыродзе сваёй я схільная да здаровага ладу жыцця. Мне не складае працы сачыць за знешнасцю, сілкаваннем, фізічна сябе нагружаць. Аддаю перавагу натуральным прадуктам, ведаю меру ў ежы. Раней спала па дзесяць гадзін, зараз для паўнацэннага адпачынку дастаткова сямі. Мне падабаецца актыўнасць, рух. У дзяцінстве займалася фігурным катаннем, і вельмі ўдзячная гэтаму віду спорту. Нават сёння з задавальненнем устану на канькі. З маладосці захапляюся ёгай — яна выцягвае, стройніць, вучыць правільна дыхаць. Вось ужо 6 гадоў удзельнічаю ў Мінскім паўмарафоне, які арганізоўвае Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі. Усё гэта мне ў радасць, хоць і каштуе пэўных намаганняў.

— Цяпер індустрыя прыгажосці прапаноўвае масу разнастайных метадаў і тэхналогій. Да якіх з іх вы звяртаецеся?

— У касметалогіі — да карбаксітэрапіі (дазаванага ўвядзення падскурна вуглякіслага газу — заўв. рэд.), да індывідуальна падабраных пілінгаў для твару. Афарбоўваю і ўкладваю валасы з дапамогай сучасных тэхналогій у салоне. 

— А калі спатрэбіцца, ляжаце пад нож пластычнага хірурга?

— Не думаю. Нашы твары запамінаюцца сваёй натуральнай прыгажосцю, непаўторнасцю, індывідуальнасцю: гэта варта падкрэсліваць. А пластыка робіць іх падобнымі, быццам кланаванымі, зусім нецікавымі.

— Якіх правілаў вы прытрымліваецеся пры выбары паўсядзённага гардэроба і ўпрыгожванняў?

— Залатое правіла — пачуццё меры. Імкнуся нестандартна апранацца і пазбягаю ўсякай празмернасці.

— Вам хтосьці дапамагае ствараць сцэнічныя вобразы? Якія вашыя ўласныя перавагі ў гэтым сэнсе?

— Натхняльным стала для мяне супрацоўніцтва з дызайнерам Таццянай Давыдзенка. Яна закахана ў сваю справу, і мы з ёй «на адной хвалі». Аддаю перавагу сёння элегантным, вельмі жаноцкім сукенкам ў падлогу. Захоўваю сваю прыхільнасць стразам, паеткам, крышталям Свароўскі — усё гэта дадае раскошы, ззяння, бляску, і на мой погляд, стварае чароўную аўру.

Самотнай і свабоднай сябе не адчуваю 

— Што дарыў вам звычайна на дні нараджэння і памятныя даты муж? Які прыемны сюрпрыз рыхтуеце сабе самі з нагоды юбілею?

— Алег любіў рабіць падарункі і адрозніваўся шчодрасцю. Гэта заўсёды было прыемна, але больш за ўсё я радавалася, калі ён дарыў песні, песні-«брыльянты». Яны і сёння саграваюць, натхняюць, суцяшаюць. На юбілейным канцэрце прадстаўлю прэм’еру песні «Там, за дажджом», якую напісала і прысвяціла Алегу. Гэта мой падарунак — і сабе, і яму.

— Лічыцца, што жанчыны, якія былі шчаслівыя ў шлюбе, пасля смерці мужа ніколі не застаюцца доўга самотнымі, а хутка выходзяць зноў замуж. Ці ёсць у вас прэтэндэнты на руку і сэрца?

— Безумоўна, ёсць, некаторыя з іх прама кажуць аб сваім жаданні ісці па жыцці разам са мной. Але я не гатова да новых адносін. Не адчуваю сябе свабоднай самотнай жанчынай. Фізічна Алега няма побач, але ў духоўным сэнсе ён па-ранейшаму са мной, мы ўвесь час з ім «на сувязі». У думках размаўляю з ім, раюся, ён мне падае знакі, падказвае, як паступаць. Ніколі не забуду, як напісаўшы тэкст песні «Там, за дажджом», я падышла да акна і ўбачыла на небе воблака ў выглядзе птушкі, якое на маіх вачах трансфармавалася ў чалавека з фірмовым жэстам Алега — паднятай уверх для прывітання рукой. І гэта пераконвае: няхай мы ў розных мірах, але наша гісторыя кахання працягваецца.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Аляксея ВОЛКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?