Вы тут

Як па кавалках гродзенскія архівісты збіраюць старажытныя дакументы


У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне захоўваецца каля 420 тысяч адзінак за ХVІ — першую палову ХХ стагоддзі. Гэта найстарэйшая такога роду ўстанова ў краіне, якая была створана роўна 220 гадоў таму, праз год пасля ўтварэння Гродзенскай губерні. Архіў неаднаразова эвакуіраваўся, размяшчаўся часта ў вільготных памяшканнях. Многія дакументы прыйшлі ў дрэнны стан і патрабавалі рэстаўрацыі. Такая работа пачалася адразу пасля вызвалення Гродна ў 1944 годзе і працягваецца да нашых дзён. Карэспандэнту «Звязды» ўдалося не толькі ўбачыць увесь працэс рэстаўрацыі, але і пазнаёміцца з унікальнымі дакументамі з фондаў архіва.


Погляд у мінулае

Вось ужо восем гадоў, як гістарычны архіў месціцца ў адным з карпусоў былога завода. Гэта не ў цэнтры горада, як было раней, затое зараз умовы для захоўвання дакументаў адпавядаюць нормам.

З дырэктарам установы Таццянай Афанасьевай ідзём у сховішча. Яно займае ўвесь трэці паверх архіўнага будынка. Тут у большасці захоўваюцца дакументы да 1917 года. Перад вачыма паўстаюць доўгія стэлажы з ячэйкамі, у кожнай з якіх — асобная «справа». Цікава, што гэтыя тоўстыя тамы самі работнікі называюць «бамбукамі» ці «баянамі». Мабыць, з-за іх аб'ёму. Некаторыя тамы могуць утрымліваць да некалькіх тысяч дакументаў.

Кожны фонд захоўваецца асобна, мае назву і нумар. Іх больш за дзве тысячы. Каб тут арыентавацца, існуе тапаграфічны ўказальнік. Стэлаж, паліца, скрынка... Кожная папка фарміруецца паводле асобнага прынцыпу. У кожным пакоі захоўваецца адпаведны тэмпературны і вільготнасны рэжым. Усталявана сістэма вентыляцыі. Таццяна Афанасьева ўспамінае недасканалыя ўмовы папярэдняга будынка на плошчы Тызенгаўза. Фонды амаль 150 гадоў захоўваліся ў падвальных памяшканнях, дзе было вельмі складана ўтрымліваць патрэбныя кліматычная параметры.

На стэлажах — мноства скрынак з надпісам «Гродзенская губернская кантрольная палата». Што там захоўваецца? Здымаем з паліцы адну з каробак з дакументамі 1886 года. Прыцягвае ўвагу роўны каліграфічны почырк дакументаў. Хаця сустракаюцца і друкаваныя лісты.

У адной са справаздач даецца аналіз стану дзяржаўных устаноў. Напрыклад, пратаколы пасяджэнняў аб выдзяленні крэдыту на ваенныя патрэбы, закупка бальнічнай бялізны, рэвізія фінансаў і многае іншае. Праз палату праходзілі ўсе гаспадарчыя пытанні мясцовай улады. Наступны вялікі раздзел займае «Гродзенская казённая палата». Каля сцяны знаходзіцца вялікая шафа для захоўвання карт. На адной з іх — план панскай сядзібы ў Слонімскім павеце.

— Сёння ў архіве захоўваюцца дакументальныя матэрыялы губернскіх, павятовых і валасных органаў улады і ўпраўлення Гродзенскай губерні, а таксама частка дакументаў Віленскай губерні Расійскай імперыі. Цікавасць уяўляюць дакументы, якія асвятляюць падзеі Айчыннай вайны 1812 года, таксама дакументы аб росшуку Кастуся Каліноўскага, распаўсюджванне ў губерніі газеты «Мужыцкая праўда». Дарэчы, у архіве ёсць некалькі нумароў газеты, у тым ліку і самы першы нумар, які выйшаў у 1862-м. Маюцца дакументы 1895—1896 гадоў аб стваральніку міжнароднай мовы эсперанта Заменгофе, — расказала дырэктар архіва.

Многія дакументы на старабеларускай, польскай, старапольскай і рускай мовах. Але сустракаюцца і на лацініцы. У некаторых згадваюцца вядомыя асобы, напрыклад, Багдан Хмяльніцкі, Тадэвуш Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі.

Звесткі ад знакамітых землякоў

Самы стары дакумент, які тут захоўваецца, датаваны 1528 годам. У ім даецца дазвол Ваўкавыскаму касцёлу на карыстанне дзесяцінай даходаў. А вось на тэрыторыі Беларусі самым рарытэтным з'яўляецца дакумент 1392 года і захоўваецца ў Мінскім гістарычным архіве. Дарэчы, у краіне толькі два нацыянальныя гістарычныя архівы — у Мінску і Гродне. У свой час значная частка найбольш старажытных дакументаў Гродзенскага архіва была адпраўлена ў сталіцу.

Падчас вайны многія дакументы немцы выкінулі на плошчу, а потым на тэрыторыю турмы. У Першую сусветную вайну многія дакументы завезлі ў Расію. Тое, што вярнулася, было ў вельмі дрэнным стане.

Каштоўную інфармацыю генеалагічнага плана захоўваюць метрычныя кнігі рэлігійных устаноў. У іх ёсць запіс аб нараджэнні ў 1876 годзе Алаізы Пашкевіч (Цёткі). У кнізе Радашковіцкага касцёла захаваўся запіс аб нараджэнні ў 1882 годзе Луцэвіча (Якуба Коласа) у вёсцы Вязынка Вілейскага павета. Запісы аб шлюбе Пятра Ажэшкі
і пісьменніцы Элізы Паўлоўскай у 1858 годзе, кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Рамуальба Траўгута і Антаніны Касцюшкі ў 1861 годзе. У метрыках пазначаны даты смерці Тэадора Нарбута ў 1864 годзе, мастака Напалеона Орды ў 1883 годзе, Элізы Ажэшкі ў 1910 годзе. Захоўваецца і замежны пашпарт пісьменніцы.

Гартаем дакументы, якія датычаць знакамітых асоб. Вось пісьмо з Парыжа ўраджэнца Беларусі, рэктара Чылійскага ўніверсітэта, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, якое ён напісаў 1 студзеня 1834 года памешчыку Лясковічу Гродзенскай губерні. Паколькі ён быў пад наглядам, уся перапіска праходзіла праз цэнзуру, і нейкім
чынам пісьмо не дайшло да адрасата.

У архіве захоўваецца яшчэ адзін унікальны дакумент. Гэта завяшчанне кіраўніка паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі, якое ён напісаў у 1817 годзе ў Швейцарыі. Ён распараджаецца адмяніць пагоннае права для сваіх сялян, а зямлю падзяліць паміж імі. Праўда, пазней яго нашчадкі доўгі час аспрэчвалі яго волю. Душапрыказчыкам Касцюшкі ў ЗША быў Джэферсан, прэзідэнт і аўтар Дэкларацыі незалежнасці.

Менавіта такія ўнікальныя дакументы праходзяць рэстаўрацыю ў першую чаргу. Таму іх стан цяпер больш-менш станоўчы. Але ёсць фонды, якія з цяжкасцю ўдалося рэаніміраваць.

Там, дзе ратуюць мінулае

Архівіст Анжаліка Уорэл разгортвае тоўсты рукапісны фаліянт старажытных дакументаў. Па яе словах, яны былі ў даволі дрэнным стане. Гэта метрычныя кнігі, якія раней захоўваліся ў касцёле, а потым у ЗАГСах, куды трапілі пасля вайны. Старонкі былі разарваны і прагнілі, частка тэксту не захавалася. Папера даволі крохкая, таму ад неспрыяльнага захоўвання проста пасыпалася, кажа архівіст. Аднаўляліся дакументы таксама старой паперай з фондаў. Некаторыя старонкі збіраліся літаральна па кавалках.

Заходзім у пакой, дзе адбываецца рэстаўрацыя. На стале таўшчэзныя справы, над якімі «варожаць» спецыялісты. За сталамі — два рэстаўратары. Іх арсенал — клей, памазкі, спецыяльная тонкая кандэнсатарная папера.

Вось, напрыклад, з архіва на рэстаўрацыю трапляе старажытны фаліянт. Той самы «бамбук-баян». Таўшчэзны том расшываецца на аркушы, і пачынаецца іх апрацоўка. Кожны ліст з абодвух бакоў пазбаўляюць ад пылу і дэзынфіцыруюць. Потым настае чарга клею і кандэнсатарнай паперы. Клей, дарэчы, рэстаўратары робяць на мучной аснове, куды дабаўляюцца антысептык і гліцэрына.

Затым кожны аркуш з абодвух бакоў накрываецца гэтай паперай. Рэстаўратар некалькі разоў праходзіць па ім памазком, бо папера вельмі хутка ўбірае клей. Гэты працэс паўтараецца некалькі разоў. Там, дзе ліст пашкоджаны, падбіраецца падобная на дакумент папера, і старонка з дапамогай яе дарошчваецца. Рэстаўратар Алена Фільмановіч, напрыклад, займаецца аднаўленнем пратакола губернскага праўлення 1825 года, у якім пашкоджана трэцяя частка.

Пасля гэтых працэдур дакументы сушацца і ідуць пад прэс, а потым — на гільяціну. Так грозна называюць прыладу для абрэзкі лішняга. Станок таксама можна лічыць рарытэтным, ён зроблены на пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя, але працуе спраўна.

Потым аркушы перадаюцца на пераплёт, збіраюцца ў стос, у ім робяць пяць адтулін і падшываюць натуральнай ільняной ніткай. Рыхтуецца спецыяльная вокладка з ільняной тканіны. Пасля гэтых маніпуляцый адноўлены «бамбук» вяртаецца ў сховішча.

Па словах дырэктара архіва, для пераплёту карыстаюцца пераплётным матэрыялам з тканіны з рознымі відамі пакрыцця. Але апошнім часам сталі выкарыстоўваць грубую мешкавіну, якая мае падабенства з гістарычным афармленнем арыгіналаў.

Работа па рэстаўрацыі даволі марудная, праца амаль поўнасцю ручная. Задзейнічаны толькі жанчыны. У дзень кожны рэстаўратар павінен аднавіць 90 лістоў. А толькі адзін такі «бамбук» можа налічваць да некалькіх тысяч лістоў.

— Зараз больш перавагі аддаюць алічбоўцы дакументаў, мы гэта таксама робім, але іншы раз патрэбна напачатку правесці рэстаўрацыю, — зазначыла дырэктар архіва. — Алічбаваныя дакументы захоўваюцца на дысках, імі таксама могуць карыстацца ў чытальнай зале. Яны выдаюцца замест арыгіналаў.

Дарэчы, попыт на архіўныя матэрыялы пастаянна расце. Няма такіх дакументаў, якія не былі б запатрабаваны. Усе так ці інакш выкарыстоўваюцца ў рабоце. Напрыклад, з даследчыцкімі мэтамі імі карыстаюцца эканамісты, юрысты. З дакументамі, якія тычацца будынкаў і забудоў, нярэдка працуюць архітэктары.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.