Вы тут

У ВД «Звязда» выйшла кніга вершаў дзіцячага паэта Віктара Кудлачова


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет новая кніга вершаў добра вядомага ў Гродна, на Гродзеншчыне і па ўсёй Беларусі дзіцячага паэта Віктара Кудлачова «Так бывает или нет?». Літаратар піша на рускай мове. 


Сабраныя пад адной вокладкай творы адрасаваны малодшым школьнікам. «Родина — мама и я, / Папа, сестричка моя,/ Дедушка с бабушкой, брат,/ Солнца восход и закат./ Родина — край наш родной,/ Неба простор голубой,/ Реки, леса и поля.../ Родина — гордость моя». Простыя, лёгкія, прыцягальныя вершы ствараюць добры настрой, вучаць любові да роднай старонкі. Творы пазбаўлены лішняй дыдактычнасці, затое напоўнены цеплынёю і светласцю, напоўнены дабрынёю. Гэта відавочна і ў вершах «Намалюю горад наш», «Бярозка», «Дзень нараджэння Хрыста», «Хлеб», «Лясны крот», «Чакае мяне сям’я» і ў іншых творах, што склалі кнігу. 

У многіх вершаў ёсць канкрэтныя адрасы — «Курган Славы», «Вуліца Міра», многія творы прысвечаны канкрэтным захапленням хлопчыкаў і дзяўчынак. Яркім, псіхалагічна вывераным падаецца наступны вершаваны раздзел кнігі — «Сям’я, спорт, сябры». Паэт уключыў у яго і такія вершя, назвы якіх гавораць самі за сябе, — «У секцыю гімнастыкі запішуся», «Тэнісістка», «Гуляем у бадмінтон», «Жадаю футбалістам стаць», «А мне падабецца штангіст», «Баксёры»... Пісьменнік імкнецца зазірнуць у свядомасць юных чытачоў. Відаць па ўсім, што аўтар выверана, граматна зазірае ў думкі хлопчыкаў і дзяўчынак. Дыялог з чытачом вядуць лірычныя героі твораў. 

Асобны раздзел кнігі складаюць вершаваныя казкі («Як мядзведзь хадзіў за мёдам»; «Кракадзіл-рыбалоў»; «Смелы казёл»; «Згублены флікер»), у якіх хапае і гумару, і завостранасці, рэльефнасці ў перадачы характарыстык герояў казак. Як мне асабіста падаецца, з такімі творамі можна працаваць і ў школьных драматычных, тэатральных гуртках, зрабіўшы казкі невялікімі спектаклямі. 

Яшчэ адзін адмысловы раздзел зборніка складаецца з смяшынак, пацешак, лічылак. Знаёмства з ім падштурхоўвае і да парады перагарнуць старонкі кнігі бацькам. З разлікам на тое, што яны прачытаюць многія старонкі празам з зусім юнымі, з дзеткамі, якія яшчэ не навучыліся чытаць. 

Ілюстратарам кнігі «Так бывает или нет?» выступіў вядомы кніжны графік Сяргей Волкаў. Яго малюнкі істотна ўзбагачаюць выданне, робяць яго яшчэ болей прыцягальным. 

Чарговую кніжную навінку Выдавецкага дома «Звязда» можна набыць па ўсёй краіне ў крамах гандлёвай сеткі ААТ «Белкніга», а таксама ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, д. 72. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.