Вы тут

«101 спатканне, альбо Дзённік свабоднай жанчыны»


Выдавецкі дом «Звязда» працягвае радаваць навінкамі. Днямі свет пабачыла новая кніга вядомай пісьменніцы, ваеннай журналісткі Ганны Чыж-Літаш «101 спатканне, альбо Дзённік свабоднай жанчыны». Яе пяру належыць таксама шэраг іншых твораў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю.


У анатацыі напісана: «Гэтая кніга — пра жанчыну, якая прагне кахання. Пра мужчын, якія прыходзілі ў яе жыццё, прымушалі плакаць, усміхацца, сумаваць, не спаць, расчароўвацца. Яны змянялі яе. І не істотна, колькі часу яна ішла з імі побач: хвіліны, гадзіны ці месяцы. 

Кожны з’яўляўся ў яе жыцці не проста так... 

Гэтая кніга — адкрытая, шчырая размова. Гэтая кніга — рука падтрымкі і плячо кожнаму цудоўнаму стварэнню». 

Выданне прываблівае ўжо вокладкай. Фотаздымак аўтарства Аляксандра Соца з’яўляецца тлумачэннем усяго, што мае адбыцца на старонках кнігі. Прыгожая Ганна Чыж-Літаш у белый сукенцы, аднак без вэлюму, які неаднаразова будзе згадвацца ў кнізе, стаіць у атачэнні самых розных мужчын. 

У эру росквіту Tinder і Badоо адносіны паміж мужчынам і жанчынай перажываюць трансфармацыю. Ці цалкам рамантычныя адносіны ператварыліся ў спажывецкія стасункі? Як толькі чалавек перастае адпавядаць тваім патрабаванням, ён адпраўляецца на сметніцу разам з сапсаванай спадніцай і электрачайнікам? 

Гэтыя пытанні не даюць спакою і Ганне Чыж-Літаш. Неадна¬разова на старонках згадваюцца мабільныя праграмы, якія нельга называць. Аднак ніякага спакою і адказу яны не прыносяць. Ні аўтару, ні шматлікім іншым карыстальнікам. 

Першая думка, якая прыходзіць яшчэ да пачатку чытання: магчыма, гэта новая Кэндэс Бушнел? Цяпер і ў Беларусі з’явіцца свой «Сэкс у вялікім горадзе»? Легендарны амерыканскі серыял, зняты па кнізе вядомай журналісткі, пасунуў рамкі дазволенага ў размовах грамадства і супакоіў не адзін дзясятак жанчын. 

Аднак такое параўнанне памылковае. З першых старонак аўтар шчыра тлумачыць, што напісана кніга пра адзінокую жанчыну: «Чатыры гады я разбіваю сэрца, поўзаю на каленях, збіраючы яго асколкі, склейваю і зноў раскрываю мужчынам». 

Вобраз адзінокай жанчыны супярэчыць самой назве кнігі, дзе напісана ўсё ж такі «свабоднай». З гэтага і пачынаецца актыўнае абмеркаванне. Дзе мяжа паміж жанчынай свабоднай і адзінокай? 

Калі пісьменніца мае такую смеласць і гатова «агаліцца» перад чытачамі ва ўсіх, нават не самых прыгожых момантах свайго жыцця, то да гэтага хочацца ставіцца з павагай. Немагчыма крытыкаваць чужую праўду ў такой інтымнай тэме. Складаецца ўражанне, што табе даверылі вялікую таямніцу, з якой трэба абыходзіцца асцярожна. 

Непрыхаваная аўтабіяграфічнасць, падкрэсленая адкрытасць душы дадае эмацы¬янальнасці кнізе. Варта помніць, што гэта не лірычная гераіня ідзе на спатканне з чарговым кавалерам, а сама Ганна Чыж-Літаш. 

У яе жыцці ёсць усё, аб чым марылася: свой дом з вялікім ложкам і прыгожымі крэсламі, любімая дачка ад папярэдняга шлюбу. Аднак адсутнасць мужчыны абнуляе, прыніжае каштоўнасць папярэдніх здабыткаў. 

У 34 гады гераіня ізноў на поле бітвы, дзе перамога — новы шлюб. Яна адчайна рыхтуецца да кожнага змагання — абцасы, памада і далей па спісе. Але чарговы новы мужчына не атрымлівае ад пісьменніцы больш за адну главу. 

Асаблівым стане толькі адзін. Яго псеўданім ці сапраўднае імя пазначана і ў прысвячэнні кнігі: «Містар І. Дзякую за тое, што навучыў мяне быць сапраўднай». 

Не здольны ў сталым узросце мужчына на сур’ёзныя адносіны, ён прапануе застацца ў свабодных. Містар І пакідае паміж імі выцягнутую руку. Дзеля таго, каб сысці, як толькі яна паспрабуе наблізіцца. 

У псіхалогіі для гэтага ёсць азначэнне: тып сімпатыі, які пазбягае. Пісьменніца гэта разумее. Ганна Чыж-Літаш смела дзеліцца сваім досведам працяглай псіхатэрапіі. 

У кожнай гісторыі ўзровень болю і непрыняцця зашкальвае. Перад чытачом выразна паўстае жаноцкасць, параненая і пакалечаная папярэднім досведам. Яна крычыць аб жаданні вылечыцца. 

Такім чынам і адбываецца трансфармацыя галоўнай гераіні. Ад поўнага неразумення, чаму той самы не знаходзіцца, да пэўнага павароту да сябе. 

Ні адзін чалавек не зможа знайсці сапраўднае каханне, калі ў яго няма любові да сябе. Перадаваць адказнасць за ўласнае развіццё чалавеку, які прычыніў столькі болю, сапраўдны мазахізм. Жанчына, якая можа сабраць сябе наноў пасля таго, як ёй разбілі сэрца, — моцная і мае права сама быць прычынай свайго шчасця. 

Кніга чытаецца лёгка, але мае адзін сур’ёзны недахоп: не дае прасторы для надзеі. На старонках мы сустракаем каля тузіна розных мужчын. Аднак ніводзін не пакідае добрага следу. 

«Мужчынам у дзяцінстве нельга гуляць у лялькі Барбі, і яны гэта ўвасабляюць у дарослым жыцці» — лейтматыў усяго рамана. Сталыя жанчыны пагодзяцца з напісаным, а маладыя спалохаюцца таго, што іх чакае. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.