07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Выйшла новае выданне легендарнай кнігі «Я з вогненнай вёскі»


Выйшла новае выданне легендарнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». 


Пра гэтую кнігу вядома досыць шмат. Яе ўсё часцей згадваюць зараз, у Год гістарычнай памяці. Да яе старонак звяртаюцца журналісты, публіцысты, якія прадаўжаюць тэму, расказваюць пра тыя, блізкія ім паселішчы, якія былі спалены ў Вялікую айчынную вайну нямецка-фашысцкімі карнікамі і іх зладзеямі-памагатымі розных нацыянальнасцяў. Але неяк так склалася, што апошняе выданне ў Мінску было здзейснена дваццаць гадоў назад (нагадаем: упершыню кніга пабачыла свет у 1975 годзе — на беларускай мове. Наступным было выданне на рускай мове — у 1977 годзе — у перакладзе нашага земляка, ураджэнца Веткаўшўчыны, Гомельскай вобласці паэта Дзмітрыя Кавалёва). Зараз «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу накладам 1000 экзэмпляраў. Набыць «Я з вогненнай вёскі» можна ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» — у розных гарадах краіны, а таксама ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Скарыны, 72. 

«На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся тут, укаб сведчыць, пытацца, судзіць, каб расказаць тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна», — гэтымі словамі адкрываецца кніга-дакумент. Збіраючы матэрыялы для зборніка жудаснай, трагічнай, драматычнай гістарычнай памяці на тэму «вогненных вёсак», пісьменнікі аб’ездзілі 147 вёсак у трыццаці пяці раёнах Беларусі. Зрабілі гэта надзвычай інтэнсіўна — на працягу 1970 — 1973 сустрэліся з сотнямі непасрэдных сведак знішчэння людзей і вёсак, сотнямі сведкаў, якія літаральна цудам ацалелі…

Прачытайце гэтыя балючыя старонкі, зазірніце ў лёсы нашых дзядоў і прадзедаў, нашых папярэднікаў, — можа быць, і на сучаснасць ваш позірк стане крыху інакшым, можа быць, нешта важнае вы здолееце перадаць сваім дзецям, унукам…

Сяргей ШЫЧКО 

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.