Вы тут

Лукашэнка: «Уступная кампанія не павінна быць латарэяй»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную ўдасканаленню ўступнай кампаніі ў ВНУ. Гэтая нарада — працяг размовы, пачатай у жніўні гэтага года. Тады ў ходзе абмеркаванняў кіраўнік дзяржавы паставіў Адміністрацыі Прэзідэнта і міністэрству адукацыі адну канкрэтную задачу — дадаткова прапрацаваць выкладзеныя ў абноўленых Кодэксе аб адукацыі і Правілах прыёму падыходы да арганізацыі выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы і правядзення ўступнай кампаніі ў ВНУ.


Фота: БелТА

Прэзідэнт паставіў пытанне, ці адпавядаюць гэтыя падыходы і ў якой меры ключавому патрабаванню — убачыць кожнага абітурыента. «Але пры гэтым яны павінны забяспечыць справядлівыя адносіны і стварыць роўныя магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах для ўсіх, хто паступае», — падкрэсліў ён.

Гэтыя месяцы Міністэрствам адукацыі і паралельна Адміністрацыяй Прэзідэнта праводзіліся грамадскія абмеркаванні, апытанне педагогаў, бацькоў, усіх зацікаўленых. «Вельмі важна, каб гэтае апытанне і яго вынікі не падганяліся пад вашу думку», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што работа была праведзена маштабная. Таму ён пацікавіўся гатоўнасцю сістэмы адукацыі, мясцовых органаў улады, ВНУ да новаўвядзенняў. Прэзідэнт запытаў, ці ўсё зроблена, каб запусціць новы механізм, як прадугледжвае міністэрства адукацыі, з 2023 года, і ці ёсць нейкія праблемы. Але, па словах кіраўніка дзяржавы, больш за ўсё яго цікавіць, наколькі аптымальныя гэтыя падыходы ў бягучы момант, якія перавагі яны даюць сістэме адукацыі і краіне ў будучыні, ці не нясуць яны патэнцыйныя праблемы. Гэтыя пытанні Аляксандр Лукашэнка накіраваў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергеенку.

«Яшчэ раз звяртаю ўвагу прысутных, што ўзнятыя пытанні непасрэдна датычацца нашых людзей і мы не павінны сваімі рашэннямі нікога страціць ці не дай Бог адштурхнуць. Наша задача як дзяржавы — забяспечыць, падкрэслю, нашай моладзі найбольш шырокія магчымасці для прафесійнага станаўлення і развіцця ў краіне. А аб тых, хто шукае сірочага хлеба за мяжой, нават казаць не варта. Пры гэтым уступная кампанія ў ВНУ не павінна быць латарэяй або ўдалым збегам абставін для асобных абітурыентаў», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён заклікаў удзельнікаў нарады выказвацца, калі ёсць нейкія сумненні ў прымаемых рашэннях ці бачныя патэнцыйныя праблемы.

«Часу ў нас не засталося. Тут і зараз нам трэба сфармуляваць механізм працы сферы адукацыі на перспектыву. Пастаянныя рэфармаванні і ўдасканаленні пасля сённяшняга абмеркавання павінны быць спынены! Акрамя падручнікаў, якія вы будзеце ўдасканальваць, рэфармаваць, новыя пісаць, старыя мадэрнізаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, частыя змяненні ў сферы адукацыі ўжо абураюць людзей, таму пастаянна мяняць правілы гульні нельга. «Давайце, нарэшце, паставім кропку ў гэтай зацягнутай размове і будзем працаваць», — заклікаў Прэзідэнт.

Убачыць абітурыента і не страціць таленты

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваім дакладзе нагадаў, што кіраўнік дзяржавы паставіў тры задачы да правядзення будучых уступных кампаній. Першая — убачыць абітурыента. Другая — не страціць таленавітую моладзь. І трэцяя — спыніць беганіну паміж універсітэтамі. Міністр далажыў аб іх выкананні. «Убачыць абітурыента можна пры здачы ўнутранага экзамена і праходжання сумоўя. У будучую ўступную кампанію для абітурыентаў, якія будуць паступаць на мэтавую форму падрыхтоўкі, прадугледжана здача вуснага ўнутранага экзамена. Такім чынам, мы зможам убачыць будучых медыкаў, педагогаў, спецыялістаў, якія будуць працаваць у сельскай гаспадарцы. Мяркуем, што такія падыходы дапамогуць нам у поўнай меры ўбачыць абітурыента», — сказаў ён.

Не страціць таленавітую моладзь, па словах Андрэя Іванца, дапамагае прыём у ВНУ без уступных экзаменаў пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. «Дадзеную форму трэба пашыраць. У гэтым годзе прапануецца правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіяд у рэгіянальных ВНУ, гэта дазволіць нам замацаваць і пакінуць таленавітую моладзь у рэгіёнах і падрыхтаваць кадры», — адзначыў міністр. Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2021 года ў эксперыментальным фармаце працуе Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Для навучання ў ім дзеці праходзяць шматстадыйны адбор. Таму мяркуецца, праз сумоўе прымаць у ВНУ па адпаведным профілі выпускнікоў дзіцячага тэхнапарка. Таксама праз сумоўе ва ўніверсітэты могуць паступіць выпускнікі педагагічных, аграрных і фізкультурных класаў.

«Трэба быць набліжанымі да зямлі»

Актуальным з’яўляецца пытанне ўдасканалення падыходаў да правядзення ўступнай кампаніі. Гэта паказала і грамадскае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі. Цяпер выпускнікам школ трэба будзе здаваць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін па рускай ці беларускай мове, другі — па прадмеце на выбар самога выпускніка. Для паступлення ў ВНУ неабходна будзе здаць і адно цэнтралізаване тэсціраванне. Мяркуецца, што гэта дазволіць аб’ектыўна ацаніць веды навучэнцаў і дапаможа ім зрабіць больш усвядомлены выбар прафесіі. Прынцыповае адрозненне цэнтралізаванага экзамена ад звычайнага выпускнога іспыта ў школе заключаецца ў наступным: заданні ўніверсальныя для ўсіх, распрацоўваюцца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў. Другое адрозненне — здача іспыта будзе праходзіць не ў школе. Праводзіць іспыты плануецца ў аўдыторыях коледжаў і ўніверсітэтаў. Ацэньваюцца работы ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. Бланкі адказаў, як і пасля цэнтралізаванага тэсціравання, праверыць камп’ютар. Затым атрыманая адзнака з улікам гадавой выстаўляецца ў атэстат выпускніка.

Прэзідэнт на стаў аспрэчваць выказаныя прапановы. Але як кіраўнік дзяржавы паставіў пытанні па самых важных аспектах. Адзін з іх — форма здачы цэнтралізаванага экзамена. Прэзідэнт спытаў, як экзамен дапаможа ацаніць агульны ўзровень ведаў школьнікаў, калі кожны будзе здаваць іспыт па тым прадмеце, які ведае лепей за ўсе астатнія. «Так, нейкі ўзровень будзе. Мы школу падштурхнем. Але ў цэлым мы яго ведаць не будзем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Спецыялісты падкрэслілі, што агульны ўзровень ведаў выпускнікоў дазволіць ацаніць сярэдні бал атэстата, гэты паказчык таксама ўлічвацца пры паступленні паступленні.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі мэтазгодна праводзіць цэнтралізаваныя экзамены па-за межамі школ. З гэтага вынікае яшчэ адно важнае пытанне — у дзень экзамену многіх школьнікаў прыйдзецца везці ў іншыя раёны ці гарады. «Я не гатовы сказаць, што добра, калі дзеці з Крычава, якія здаюць школьныя экзамены, паедуць у Магілёў. Гэта неяк дзіўна. Няўжо мы ў раённым цэнтры не можам сабраць выпускнікоў і правесці экзамен? Каму мы там не давяраем?», — заўважыў ён. Андрэй Іванец расказаў, што ў краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя. Па словах міністра, сёння каля 60 тысяч школьнікаў з сельскай мясоцвасці знаходзяцца на падвозе таму, выезд на цэнтралізаваны іспыт дадатковага стрэсу не створыць.

«Гэта павінна быць ідэалагічная кампанія. Чаму мы яе павінны з Дрыбіна забраць у Горкі, да прыкладу? Што дрэннага ў тым, што вы нарэшце павылазіце з кабінетаў і пабудзеце на гэтым іспыце? Што за праблема пракантраляваць? Вы ўжо надумана, з такім недаверам да гэтага ставіцеся. Трэба нам сур’ёзна падумаць і не сеяць, груба кажучы, варожасць паміж людзьмі. Трэба адысці ад гэтай надуманасці і быць набліжанымі да зямлі. Падумайце. Я лічу, што іспыты мы павінны праводзіць у раённым цэнтры максімум, не вышэй», — сказаў Прэзідэнт.

Першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч расказала, што ў рэгіёне ўжо правялі пробны цэнтралізаваны экзамен для школьнікаў Гарадоцкага і Шумілінскага раёнаў. Лагістычныя пытанні былі вырашаны без праблем, школьнікі паказалі свае веды, а спецыялісты атрымалі аб’ектыўную карціну ведаў навучэнцаў. Яна звярнула ўвагу на яшчэ адну перавагу такога фармату. Раней школьнікі здавалі выпускныя экзамены ў школе, каб атрымаць атэстат, і цэнтралізаванае тэсціраванне, каб паступіць у ВНУ. Цэнтралізаваны экзамен аб’ядноўвае гэтыя два іспыты.

«Я спрабую ў цэлым, як дасведчаны чалавек, ацаніць усю гэтую кухню. Як гэта будзе ўспрынята бацькамі, вучнямі. Ці правільна мы зробім, што не ўзварушым дзяцей, як нас калісьці, па ўсіх прадметах, а па двух», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даручыў раз узважыць усе «за» і «супраць», узважана падысці да навацый і аформіць усе прапановы ў нарматыўны прававы акт. Ён запатрабаваў праінфармаваць яго, калі ў кагосьці ўзнікнуць новыя прапановы ці альтэрнатыўныя меркаванні.


У тэму

Маладыя людзі маюць роўныя магчымасці паступіць у ВНУ

Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў журналістам, што агучаныя на нарадзе прапановы былі выпрацаваны фактычна ўсёй краінай. Свае меркаванні выказвалі бацькі, якія найбольш перажываюць за сваіх дзяцей, настаўнікі і самі навучэнцы. Галоўнай мэтай гэтай работы Андрэй Іванец назваў стварэнне справядлівай сістэмы паступлення ва ўніверсітэты. «Маладыя людзі павінны разумець, што маюць роўныя магчымасці паступіць ва ўніверсітэт», — канстатаваў міністр.

Па словах Андрэя Іванца, важны фактар замацавання маладых людзей у рэгіёнах — падрыхтоўка студэнтаў па мэтавым наборы. Абітурыенты, якія паступаюць на такую форму навучання, будуць здаваць адзін унутраны экзамен у вуснай форме. Міністр падкрэсліў, што гэта дасць магчымасць лепей ацаніць узровень ведаў абітурыента і ўбачыць чалавека.

Усе навацыі будуць замацаваны ва Указе Прэзідэнта. Будуць дапрацаваныя адпаведныя нормы, улічаны вынікі дыскусій на ўзроўні Прэзідэнта, прыняты да ўвагі вынікі грамадскіх абмеркаванняў. «Улічваючы тыя змяненні, якія ўносяцца, было дадзена даручэнне апублікаваць у поўным аб’ёме ўказ. Каб не было ніякай блытаніны, каб і бацькі, і навучэнцы, і кіраўнікі ўніверсітэтаў поўнасцю разумелі ад пачатку да канца ўсю прыёмную кампанію», — адзначыў Андрэй Іванец.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.