Вы тут

Беларускі саюз мастакоў пераабраў старшынёй Глеба Отчыка


Цяжка такое ўспомніць, асабліва што тычыцца выбараў у такой арганізацыі як саюз мастакоў, дзе заўсёды ўсё было прынцыпова і з дэбатамі, але на гэты раз альтэрнатывы падчас выбараў старшыні Беларускага саюза мастакоў наогул не было. Магчыма, таму, што «пацягнуць» той аб’ём працы, што ўзяло на сабе цяперашняе кіраўніцтва, вельмі складана. А магчыма і таму, што ад пачатку з’езд пайшоў у пэўным кірунку, натхнёным прэзідыумам і шаноўнымі гасцямі, якія прыехалі прывітаць мастакоў.


Як да калег звярнуўся да прысутных міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. Вядома, культурная сфера аб’ядноўвае ўсіх, хто стварае мастацкія працы альбо асяродак для таго, каб яны паўставалі. Асяродак — гэта і грамадства, у якім мы жывём, а мастакі — яго частка і не выключаны з сацыяльных працэсаў. Сёння найбольшая ўвага надаецца патрыятычнаму кірунку. Менавіта гэтага дзяржава чакае ад мастакоў. На гэтым зрабіў акцэнт і запрошаны ў прэзідыум настаяцель Усіхсвяцага прыходу горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны, а яшчэ калега тых, хто сабраўся ў зале. — ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, але ягоны погляд на стваральнасць абумоўлены яшчэ і біблейскімі канонамі. З блаславеннем і натхняльнымі царкоўнымі песнапеннямі з’езд прайшоў у вельмі актыўным рэжыме, усё вырашалася хутка, без доўгіх дэбатаў. Даўно такога не было ў асяродку мастакоў.

Але пытанні былі — і на іх тут жа даваўся адказ. Дэбаты не зацягваліся, усе ў асноўным разумелі, што, чаму і як рабіць далей: усё ж прафесійныя і дасведчаныя людзі сабраліся. Праблемы, якія дэлегаты ўздымалі, занатоўваліся і ўносіліся потым у рэзалюцыю.

Напрыклад, заўвагі па дзейнасці маладзёжнай секцыі прывялі да прапановы яе рэфармаваць. Маладыя мастакі могуць працаваць у межах канкрэтных секцый саюза, ўдзельнічаць у творчым жыцці арганізацыі. Гучалі заўвагі побытавага характару ў дачыненні да памяшканняў саюза: з’явіўся пункт аб паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічных умоў маёмасці Беларускага саюза мастакоў і яго ўнітарных прадпрыемстваў. А яшчэ што важна для творцаў — адкрыццё новых вытворчых плошчаў для удасканалення працы ў ліцейнай вытворчасці, апрацоўкі камню і дрэваапрацоўкі.

А вось што важна для нашых патэнцыйных гледачоў твораў мастацтва.У сувязі з 85-гадовым юбілеем Беларускага саюза мастакоў у 2023-м збіраюцца правесці серыю выстаў сучасных мастакоў з фондавай калекцыі саюза і ўдзельнікаў асобных секцый гэтай творчай арганізацыі. Нас чакаюць мастацкія пленэры, сустрэчы з мастакамі. А яшчэ да юбілею павінен быць выдадзены альбом-каталог Беларускага саюза мастакоў. Для дзяцей і маладых гледачоў, якія больш «заточаны» на інтэрнэт-прастору істотным стане стварэнне інтэрнэт-галерэі калекцыі Беларускага саюза мастакоў, дзеля чаго работа з яго фонда павінны быць алічбаваныя.

Ну і пра грамадскія тэндэнцыі не забыліся. У сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі. Якое будзе адзначацца ў 2023 годзе, мастакі арганізуюць рэспубліканскую выставу, прысвечаную памяці Маці.

Кіраўніцтва саюза пазначыла, што да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь варта выйсці з прапановай аб удасканаленні працэдуры закупак і змяненні расцэнак на закупкі твораў сучасных беларускіх мастакоў. Па пытаннях закупак работ рэгіянальных мастакоў у дзяржаўныя музеі краіны трэба ўзмацніць узаемадзеянне з абл- і гарвыканкамамi. Разам з Міністэрствам культуры Беларускі саюз мастакоў збіраецца супрацоўнічаць па арганізацыі шэрагу буйных сумесных мерапрыемстваў, выстаў, пленэраў, якія будуць прысвечаныя знакавым падзеям гісторыі і культуры на перыяд 2023-2025 гадоў. І яшчэ нашых мастакоў вельмі хвалюе, каб тое, што яны ствараюць, было ўпісана ў гісторыю культуры краіны і заставалася адкрытым і даступным для людзей. Таму перад дзяржаўнымі установамі яны збіраюцца хадайнічаць аб стварэнні музея дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, дзе маглі б суседнічаць мінуўшчына і сучаснасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.