Вы тут

Аксана Волкава як рэжысёр запрасіла зорак у Вялікі тэатр


Меца-сапрана беларускай спявачкі Аксаны Волкавай упадабалі слухачы не толькі нашага Вялікага тэатра, але і шмат якіх краін свету — ад суседняй Расіі да далёкай Амерыкі. Але ў апошні час яна здзіўляе нашых гледачоў не толькі голасам. У пастаноўцы заслужанай артысткі Беларусі Аксаны Волкавай на сцэне нашага тэатра ідзе опера Каміля Сен-Санса «Самсон і Даліла», дзе яна сама і спявае. А сёлета ў праграме Каляднага опернага форуму ў Мінску дзякуючы Аксане Волкавай як рэжысёру значацца адразу дзве вялікія канцэртныя праграмы. 


Фота: bolshoibelarus.by

Напрыклад, праграма «Вялікі тэатр: Масква—Мінск. Маладыя галасы», упершыню прадстаўленая на форуме 15 снежня, наогул стала магчымай толькі таму, што Волкава — выпускніца маладзёжнай праграмы Вялікага тэатра Расіі, яе запрашаюць спяваць у яго спектаклях. Яна мае шмат кантактаў з опернымі артыстамі, якія сёння спяваюць у розных тэатрах свету. Аксана Волкава крыху раскрыла таямніцу, як складваліся дзве канцэртныя праграмы форуму: 

— Я заўсёды хацела, каб праграма «Маладыя галасы Вялікага тэатра Расіі» больш кантактавала з нашым тэатрам. Таму што там вялікі досвед выхавання маладых спевакоў. Я скончыла «маладзёжную праграму», таксама нашы салісты — Тарас Прысяжнюк, Марта Данусевіч, якія ўжо робяць добрую оперную кар’еру. Гэты праект прапанавала генеральны дырэктар тэатра Кацярына Мікалаеўна Дулава, і я ўзялася за яго ажыццяўленне. Якраз апошнія месяцы я спявала ў Вялікім тэатры, таму было прасцей дамовіцца. Вялікі тэатр Расіі пайшоў нам насустрач у ажыццяўленні гэтага праекта. 

— Мы запрасілі 5 спевакоў, трое з якіх — удзельнікі маладзёжнай опернай праграмы. Гэта Максім Лісіін (барытон), Ліліт Даўцян (сапрана), Жасур Хайдараў (бас), стажор тэатра Канстанцін Арцем’еў, які з задавальненнем адгукнуўся на наша запрашэнне. Ганну Шапавалаву мы ведаем па нашаму Каляднаму конкурсу, у якім яна брала ўдзел у самым пачатку творчай дзейнасці, а цяпер прыехала да нас як вядучая салістка Вялікага тэатра Расіі, дзе мы з ёй разам спявалі ў спектаклі «Пікавая дама». З нашага боку маладых салістаў у канцэрце было значна больш, таму што мы знаходзімся дома. Вядома, гэта Марта Данусевіч, Тарас Прысяжнюк, цудоўны драматычны тэнар Дзмітрый Шабеця, які ўжо выканаў вялікую колькасць партый на нашай сцэне і працягвае заваёўваць любоў публікі. Гэта зусім маладыя салісты, якія толькі далучыліся да нашай трупы, — Дар’я Гаражанка, Андрэй Сялюцін, Андрэй Мацюшонак.

— Мяркую, што гэты канцэрт пачне пэўную традыцыю, бо без выхавання моладзі няма будучыні. Я лічу, што ў канцэртах павінны гучаць творы, якія не ідуць на нашай сцэне. Гэта вялікі выклік для аркестра перш за ўсё, таму што за кароткі час мы павінны адрэпетыраваць дзве сур’ёзныя праграмы. Але ўвага да форуму такая вялікая, што хочацца здзіўляць публіку і кожны раз прапаноўваць новы репертуар. Мне прыемна, што ў першым аддзяленні канцэрта «Маладыя галасы» прадстаўлена лёгкая музыка — Даніцэці, Расіні, Моцарт. Гэта яшчэ і карысны рэпертуар для моладзі. У нас не такі шырокі выбар опер, таму гэта цікава. Другое аддзяленне — гэта італьянскі і французскі рамантызм. 

— А што тычыцца фіналу форуму, то гэта павінен быць традыцыйны гала-канцэрт зорак сусветнай оперы. Гэта людзі, якія на дадзеным этапе робяць цудоўную кар’еру ў розных тэатрах свету. Сёлета атрымліваецца парад тэнараў, якія аказаліся свабодныя і з задавальненнем да нас прыязджаюць. Напрыклад, Іван Гынгазаў палюбіўся не толькі публіцы, але і маім калегам у тэатры — усе хочуць паслухаць, павучыцца і далучыцца да яго майстэрства. Мы з ім нядаўна спявалі «Садко» ў Вялікім тэатры ў Маскве.Ён быў маім партнёрам у оперы «Самсон і Даліла». У Мінску на форуму, спадзяюся, выканаем дуэт з оперы «Сельскае рыцарства». Прыедзе Раміз Усманаў з Узбекістана, які некалькі гадоў таму атрымаў Гран-пры на оперным конкурсе ў Мінску, а зараз ён ужо ўзначальвае тэатр імя Алішэра Наваі. Вельмі прыемна, што людзі, якія атрымалі старт на нашым конкурсе, не толькі робяць цудоўную кар’еру як спевакі, але яшчэ становяцца кіраўнікамі тэатраў — гэта дасць нам новыя кантакты і прапановы. У Беларусі добра ведаюць каларатурнае сапрана Салтанат Ахметавай з Казахстана. Паліну Шамаеву пазнаюць як пераможцу тэлевізійнага конкурсу «Вялікая опера». Мой вялікі сябра Крысціян Бенедзікт з Літвы — адзін з вядучых драматычных тэнараў у свеце, які спявае ў тэатрах «Ковент-Гардэн» і «Метраполітэн-опера» драматычны рэпертуар. Яшчэ адзін лаўрэат мінскага опернага конкурсу — Тыгран Аганян з Арменіі. І адзіны бас у канцэрце — азербайджанец Магерам Гусейнаў, які з’яўляецца запрошаным салістам Марыінскага тэатра, а яго голас гучаў на італьянскіх сцэнах, у прыватнасці, тэатра Ла Скала. У Гала-канцэрце 18 снежня прадстаўлены вядучыя салісты нашага тэатра: народныя артысты Беларусі Настасся Масквіна і Уладзімір Громаў, маладыя салісты Настасся Малевіч, Марыя Галкіна, Тарас Прысяжнюк. Гэта будзе традыцыйны канцэрт з прыгожымі арыямі і цудоўным фіналам, апафеоз Каляднага опернага форуму ў Мінску. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.