Вы тут

Палац Незалежнасці ў чарговы раз прыняў юных гасцей


На працягу некалькіх дзён у Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ладзяцца навагоднія ранішнікі для дзяцей. 


Сёння ў святочным прадстаўленні паўдзельнічала каля 250 дзяцей з сацыяльна ўразлівых катэгорый. Па 50 — з Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, 78 дзяцей са сталіцы. Акрамя таго, сярод запрошаных — 20 юных жыхароў Літоўскай Рэспублікі. Гэта дзеці членаў Беларускага культурнага цэнтра Шальчынінскага раёна «Раніца», беларускай дыяспары з Літвы.

Літоўскі школьнік Сільвестар Дудзінскі ўпершыню ў Беларусі. Ён расказаў, што нават не ўяўляў, якім прыгожым можа быць Мінск. Палац Незалежнасці ўвогуле зрабіў на хлопца незабыўнае ўражанне. 

Настаўніца музыкі Таццяна Венсус, якая суправаджае дзяцей з Літоўскай Рэспублікі, прызнаецца, што ў каторы раз адчувае асаблівыя пачуцці, калі прыязджае ў Беларусі. «Тут мае карані: у Гродне нарадзіўся мой бацька, я скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, на беларускай зямлі жывуць мае сваякі, з якімі мне ў гэтыя дні ўдалося пабачыцца, — расказала яна. — Рада, што адкрытыя граніцы дазволілі прыехаць сюды і майму ўнуку, якому я паказала краіну, з якой мяне многае звязвае. Разам з дзецьмі мы наведалі музей Максіма Багдановіча, пахадзілі па гарадскіх вуліцах, асабліва хлопчыкаў і дзяўчынак уразіў начны Мінск». 

У святочную атмасферу юныя госці Палаца Незалежнасці акунуліся яшчэ да пачатку прадстаўлення. На шасці пляцоўках-хатках для іх былі арганізаваны майстар-класы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем сваімі рукамі вучыліся рабіць ёлачныя цацкі, навагоднія паштоўкі, свечкі, стыкеры, пад умелым настаўніцтвам спецыялістаў наносілі адзін аднаму аквагрым. 

Найбольшым попытам ва ўдзельнікаў навагодняга прадстаўлення карысталіся пляцоўкі па вырабу ёлачных цацак. Кожны з дзяцей хацеў сысці дадому з гэтым важным атрыбутам навагодняга свята, каб павесіць на сваю ёлку — як напамін аб гэтым цудоўным дні, які яны правялі ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі, у адным з найпрыгажэйшых будынкаў нашай краіны. 

Як прызналася Анжаліка Шпакоўская, якая вучыла дзяцей вырабляць ёлачныя цацкі, яна не чакала, што менавіта да яе пляцоўкі будзе прыцягнута ўвага найбольшай колькасці ўдзельнікаў навагодняга прадстаўлення. Жанчына працуе выхавацельніцай у дзіцячым садку. Ствараць навагоднія ўпрыгажэнні для ёлкі — хутчэй яе хобі, якім яна займаецца не толькі дома, а і на працы. Прызнаецца, што яе група ў дзіцячым садку заўжды ўпрыгожана найбольш арыгінальна — не кожны дзіцячы садок можа пахваліцца цацкамі ўласнай «вытворчасці».

Юная мінчанка Даніэла Маслёная зрабіла шэсць цацачных алянят — для сябе, а таксама сваіх брацікаў і сястрычак. «Нас у бацькоў — шасцёра дзяцей, таму нельга кагосьці абдзяліць, — заўважыла дзяўчынка. — Сёння мы павесім гэтыя цацкі на сваю ёлку, і яна стане яшчэ больш прыгожая».

Андрэй Мірошчанка, навучэнец сталічнай гімназіі, таксама захоплены навагоднім хэнд-мэйндам. А яшчэ больш ён уражаны Палацам Незалежнасці, куды трапіў, па яго словах, як у казку. «Мяне ўражваюць маштабы, здзіўляюся, як гэта ўсё прыдумалі і ўвасобілі ў рэальнасць майстры», — дзеліцца сваімі ўражаннямі аб Палацы Незалежнасці школьнік. 
Чарга з дзяцей — і на майстар-клас да Яўгеніі Галабурды, якая дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам ствараць навагоднія паштоўкі. Жанчына працуе на фабрыцы галаўных убораў. «Швейная вытворчасць — гэта таксама творчасць, — уводзіць у курс справы Яўгенія. — Таму маё хобі і асноўная праца шчыльна звязаныя». 

Хлопчыкі з Бялынічаў цікавяцца, як зрабіць сваімі рукамі навагоднюю свечку, але паспрабаваць саромеюцца. Давід Голубеў і Арцём Каўкоў прыехалі ў Мінск з Бялынічаў. Давід прызнаецца, што марыў пабываць у Палацы Незалежнасці. «Ён па тэлебачанні здаецца такім прыгожым, велічным, а ў рэальным жыцці яшчэ больш прыгожы, — кажа хлопчык. —

Я вельмі ганаруся, што тут пабываў». 

Максім Дайнэка з аграгарадка Мяжысяткі Магілёўскага раёна на навагоднім прадстаўленні ў Рэзідэнцыі Прэзідэнта ўжо другі год запар. Школьнік кажа, што тут можна атрымаць эмоцыі на ўвесь год. 

А вось для Сафіі Дзмітрыевай з вёскі Смальяны Аршанскага раёна сёння — двайное свята: дзяўчынка ўпершыню пабывала ў Мінску і ажыццявіла сваю даўнюю мару — на свае вочы ўбачыць Палац Незалежнасці. «Я проста ў шоку ад ўбачанага, — падзялілася яна. — Нават не ведала, што наш аўтобус спыніцца каля Палаца Незалежнасці. Гэта было для мяне нечаканасцю і найлепшым сюрпрызам да Раства Хрыстова». 

Па традыцыі пасля прадстаўлення ўдзельнікам навагодняй урачыстасці былі ўручаны падарункі ад кіраўніка дзяржавы. Юныя беларусы, а таксама госці нашай краіны атрымалі па наборы цукерак, заплечніку, вязанай шапачцы і шаліку. Кожнаму ўдзельніку навагодняга прадстаўлення таксама былі перададзены сок і мёд з падвор’я Прэзідэнта. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.