Вы тут

Анатоль Каляда з Докшыц валодае незвычайнай калекцыяй рарытэтных гадзіннікаў


Няспынна бяжыць час, хвіліна за хвілінай адлічвае сусветныя падзеі, дасягненні навукі і чалавечыя страты. Нястомнымі сведкамі гэтай хуткаплыннасці з'яўляюцца стрэлкі гадзіннікаў, некаторыя з якіх стаяць не толькі на варце сучаснасці, але і цэлых стагоддзяў. Больш як сотню такіх гістарычных артэфактаў захоўвае ў сваёй калекцыі Анатоль Каляда з Докшыц, што ў Віцебскай вобласці.


Свой шлях калекцыянера мужчына пачаў яшчэ ў школе: было цікава збіраць паштовыя маркі, каляровыя запалкавыя карабкі. Вядома, куды хлопцу без нумізматыкі: старадаўнія манеты таксама займалі пачэснае месца тады яшчэ ў невялікай калекцыі. Чаму праз усё жыццё Анатоль Міхайлавіч пранёс любоў да гадзіннікаў, якіх сёння сабралася звыш ста? Дзед быў выдатным разьбяром па дрэве, а гэта прафесія патрабуе максімальнай далікатнасці і ўвагі да дробных дэталяў. Вось і сам мужчына пасля школы скончыў Ветрынскае вучылішча электраманцёраў і захапіўся рамонтам гадзіннікаў.

Першым прадметам у асабістай калекцыі Анатоля Каляды стаў французскі гадзіннік Leon Parіs 1910 года выпуску, які былая гаспадыня хацела выкінуць. Тады мужчына вырашыў, што такі каштоўны рарытэт не павінен скончыць сваю гісторыю на сметніцы і вырашыў даць яму другое жыццё. Цікава, што Анатоль Міхайлавіч не проста збірае гадзіннікі, а адрамантоўвае, каб яны зноў загучалі сваімі адметнымі, непаўторнымі пералівамі. Над гэтым прадметам, расказвае мужчына, прыйшлося добра папрацаваць: тады, калі ён толькі пачынаў збіраць калекцыю ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, было вельмі складана знайсці неабходныя часткі механізмаў, затое сёння працэс рэстаўрацыі ідзе значна хутчэй.

Працэс збору ўнікальных «цікаючых» адзінак таксама заслугоўвае ўвагі. Некаторыя з прадметаў дарылі сябры, некаторыя знаходзіў на рынках, за некаторыя гадзіннікі аддаваў даволі вялікія на той час грошы — амаль палову зарплаты. А вось зарабіць на прадметах даўніны ніколі не імкнуўся — ніводны са сваіх экспанатаў, за якія прапаноўвалі немалыя грошы, не прадаў. Толькі гатовы быў абменьвацца з такімі ж аматарамі даўніны, як і ён, паўторнымі адзінкамі. Хобі Анатоля Каляды сёння ўжо больш за 50 гадоў!

Ганарыцца Анатоль Міхайлавіч нямецкім гадзіннікам «Густаў Бекер», кішэнным з выявай Маа Цзэдуна, які родзіч калісьці прывёз яму з Паднябеснай, насценным гадзіннікам «Маяк» з боем, які майстар аднавіў 45 гадоў таму. Ёсць прадстаўнікі маскоўскага, кіраўскага заводаў; з зязюлямі, розных форм і памераў. А самымі дарагімі гадзіннікамі Каляда лічыць тыя, якія вырабляў сам у падарунак блізкім людзям, яшчэ адзін твор майстра са стрэлкамі ўпрыгожваў докшыцкі касцёл. «Звыкнуцца з такой «гаманкой» сям'ёй аказалася няпроста. Але зараз у гэтым «цік-такавым» асяроддзі я адразу чую, калі штосьці ў размераным парадку мяняецца».

Збірае і беражліва захоўвае Анатоль Каляда не толькі гадзіннікі, але і тэлевізары, прасы, швейныя машынкі, патэфоны, радыёлы. Ёсць у яго калекцыі і першы КВМ-тэлевізар 1954 года выпуску, рускі самавар на дровах з трубой, «Зінгер» і нават маленькі пляжны патэфон, які і дагэтуль радуе гаспадара мелодыямі. Усе гэтыя прадметы даўніны атрымалі «прапіску» у кватэры, на бацькоўскай сядзібе і дачы Анатоля Міхайлавіча. Сваё захапленне мужчына перадаў і ўнуку Мацвею, які ўслед за дзедам пачаў збіраць старыя тэлевізары. У 2018 годзе ў кінаканцэртнай зале «Іскра» горада Докшыцы прайшла персанальная выстава старадаўніх прадметаў «Тайны старога гарышча» з асабістай калекцыі Анатоля Каляды.

«Побач з гадзіннікамі, у гэтай безлічы мелодый можна на некаторы час забыцца на жыццёвыя праблемы, адпачнуць душой. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю маіх гадзіннікаў з іх сучаснымі аналагамі, кожны з прадметаў каштоўны не толькі краінай, у якой вырабляўся, не толькі непаўторным дызайнам, але і гісторыяй. Яе і дагэтуль беражліва захоўваюць нястомныя стрэлкі. Здаецца, што гадзіннікі маўчаць, але толькі некаторыя з нас могуць пачуць, аб чым яны расказваюць».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.