Вы тут

Ідэі міру — у сэрцы дзяцей


Гэты год, як вядома, аб'яўлены Годам міру і стварэння, таму асаблівае гучанне набываюць адукацыйныя праекты, якія накіраваны на ўмацаванне ідэй міру і стваральнай працы. Канцэпцыя «Школы міру» сюды як найлепей падыходзіць. Праект рэалізуецца грамадскім аб'яднаннем «Беларускі фонд міру» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. На пачатак года ў Брэсцкай вобласці ўдзельнікамі праекта былі 11 устаноў адукацыі.


Школьнікі з Дамачава на жалобным мітынгу ля помніка расстралянаму дзіцячаму дому.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук у размове з журналістамі акцэнтаваў увагу на ролі праекта ў справе духоўнага і патрыятычнага выхавання дзяцей: «Са школьных гадоў чалавек фарміруецца як асоба, закладваюцца такія якасці, як міласэрнасць, спагада, гатоўнасць да ўзаемадапамогі. Прыемна, што вучні актыўна ўключыліся ў работу, напаўняюць практыку цікавым зместам. Гэта інавацыйная і даволі паспяховая форма пазакласнай работы. Упэўнены, што сёлета ганаровы статус «Школы міру» атрымаюць яшчэ некалькі ўстаноў адукацыі».

Вялікую работу па захаванні гістарычнай памяці, папулярызацыі гістарычных ведаў, а таксама традыцый нашага народа праводзяць у Пінкавіцкай школе Пінскага раёна. Цікавыя праекты рэалізавалі Жарабковіцкая школа Ляхавіцкага раёна і сярэдняя школа ў Старым Сяле Жабінкаўскага раёна. У Маларыцкім раёне, акрамя сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў Макранах, гэты статус атрымаў і дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маларыце. Дзве школы ў Кобрынскім раёне — у Кісялёўцах і Астромічах, як і сярэдняя школа ў Ганцавічах з гонарам называюць сябе міратворцамі. Як адзначыла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Лідзія Раманюк, такі праект не нараджаецца на пустым месцы: «На званне «Школ міру» могуць прэтэндаваць такія ўстановы адукацыі, дзе ёсць багатыя традыцыі ў пошукавай рабоце, дзе працуюць музеі, гурткі гістарычнай і патрыятычнай накіраванасці, робяцца добрыя справы, развіты валанцёрскі рух». Не так даўно да пералічаных вышэй далучылася Махроўская сярэдняя школа Іванаўскага раёна. У ёй размешчаны добры гісторыка-краязнаўчы музей. Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці займаюцца пошукавай работай не адно дзесяцігоддзе. І гадоў з восем таму юныя пошукавікі вырашылі заняцца аднаўленнем дыслакацыі Пінскай партызанскай брыгады. Мясцовая ўлада ўвесь час аказвала ім дапамогу. Вынікам работы стала аднаўленне партызанскай стаянкі ва ўрочышчы. Цяпер там праходзяць мерапрыемствы, яе маюць магчымасць наведаць турысты.

— Пінская партызанская брыгада дзейнічала ў Пінскім, Жабчыцкім, Іванаўскім раёнах, — расказаў старшыня Махроўскага сельскага Савета Іван Кунахавец. — Асноўныя сілы брыгады размяшчаліся за Дняпроўска-Бугскім каналам, штаб брыгады знаходзіўся ў Пуслоўскім лесе. Адсюль партызаны наносілі ўдары па ворагу, узрывалі эшалоны, чынілі дыверсіі ў гарадах — займаліся звычайнай баявой работай. У лютым 1944 года Пінская брыгада прымала ўдзел у гераічнай абароне на рубяжы Дняпроўска-Бугскага канала. Выходзіць, што партызаны паспяхова супрацьстаялі падраздзяленням рэгулярнай арміі. Тады брыгада налічвала каля тысячы партызан.

Менавіта дзеці выступілі ў свой час з ініцыятывай аднавіць лагер, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. Работа працягвалася тры гады. Спачатку тэрыторыю расчышчалі ад кустоўя, аднавілі штабную зямлянку, памалу рэстаўравалі траншэі і агнявыя пункты, вызначылі месцы, дзе знаходзіліся калодзежы. Іх было, як аказалася, восем. Пітная вада — аснова існавання базы. Падчас гэтай работы нават знайшлі кубак і газавую лямпу, цяпер гэтыя прадметы сталі экспанатамі школьнага музея.

Вядома, намаганняў дзяцей і іх настаўнікаў было недастаткова. Падключылася мясцовая ўлада. Найперш прывялі ў парадак дарогу, каб можна было прыехаць нават на легкавой машыне. Пачалі шукаць спонсараў на будаўніцтва. Такія, на шчасце, знайшліся, дапамаглі фінансава. Падтрымаў ідэю і паспрыяў рабоце райвыканкам.

І цяпер штомесяц на экскурсію ў месцы былой партызанскай брыгады прыязджаюць да 200 школьнікаў са свайго і іншых раёнаў, а іх равеснікі з Махроўскай школы выступаюць экскурсаводамі.

Пры разглядзе дакументаў аб прысваенні статусу «Школы міру» Дамачаўскай сярэдняй школе ўлічвалі вялікую работу па захаванні звестак пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Установа шмат зрабіла і робіць па ўвекавечанні памяці аб трагедыі расстрэлу Дамачаўскага дзіцячага дома. Школьнікі даглядаюць помнікі, устаноўленыя ў гонар ахвяр, удзельнічаюць ва ўсіх памятных мерапрыемствах, прыносяць сюды кветкі і запальваюць лампадкі на святы.

Першай у абласным цэнтры міратворчы статус атрымала брэсцкая гімназія № 2 за работу ў духоўным выхаванні, валанцёрскім руху, багаты і змястоўны экалагічны кірунак пазакласнай работы, клопат пра захаванне памяці.

Кожная з названых школ мае ўнушальны спіс добрых спраў, якія накіраваны на выхаванне ў юных грамадзян усведамлення міру як галоўнай каштоўнасці. Некалькі школ вобласці падалі заяўкі і чакаюць прысваення статусу ў бліжэйшы час.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.