Вы тут

Лукашэнка: Беларусы заўсёды будуць выбудоўваць сваю палітыку самастойна, наш выбар — стварэнне


Ужо стала добрай традыцыяй, калі ў гэтае свята, якім нашы продкі распачыналі адлік новага года, у адным месцы збіраюцца прадстаўнікі розных сфер. І не для таго, каб вырашыць пэўныя рабочыя пытанні, а проста адпачыць, пагаварыць адзін з адным у нефармальнай абстаноўцы. Сёлета сярод запрошаных на святочны прыём былі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў, журналісты, палітолагі, артысты, спартсмены, прадстаўнікі сілавога блоку, сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны.


Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, гэтым прыёмам з нагоды старога Новага года завяршаюцца зімовыя святы. «Мы сустрэлі, трэба сказаць, гэтыя святы годна і прыгожа, — звярнуўся да ўдзельнікаў прыёму Аляксандр Лукашэнка. — У хатняй утульнасці і цяпле, за святочным сталом, але галоўнае — пад мірным беларускім небам. Традыцыйна дзякую ўсім вам за працу, за вашу пазіцыю, якая ў гэты няпросты час з'яўляецца надзейнай апорай нашай дзяржаве.

Па словах беларускага лідара, на прэзідэнцкі прыём запрошаны людзі, якія паглыблены ў палітычнае жыццё краіны і свету. «Людзі, якія, скажу шчыра, робяць гэтую палітыку і ствараюць гэты свет, — заўважыў ён. — Скажу вельмі канкрэтна: які б нам ні навязвалі інфармацыйны ці іншы парадак дня, сваю палітыку і ўклад жыцця мы, беларусы, заўсёды выбудоўвалі і будзем выбудоўваць выключна самастойна. Ніякія знешнія абставіны і пагрозы не зменяць нашы мэты. Наш выбар — стварэнне».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы мэтанакіравана ішлі ад Года народнага адзінства да Года гістарычнай памяці, ведаючы, што першае проста немагчыма без другога і наадварот. «Гэтак жа немагчымы і вобраз будучыні — добрай, светлай — без такіх паняццяў, як мір і стварэнне, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Менавіта такім мы хочам бачыць 2023 год — Годам міру і стварэння. І не толькі на сваёй зямлі».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сёння гэта разумеюць нават тыя, хто яшчэ ўчора супрацьпастаўляў сябе дзяржаве, выступаў супраць, як яны гавораць, «рэжыму». «А сёння яны бачаць у такім рэжыме сваё выратаванне, — удакладніў ён. — Працэнтаў 90 тых. Я ўжо гаварыў аб гэтым у храме: мы да гэтага гатовы. У якой форме гэта будзе, які шлях яны павінны прайсці назад да сябе дадому — вам вызначаць».

Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён сёння абсалютна ўпэўнены ў іх і мільёнах такіх, як яны, сапраўдных патрыётах. «Таму паўтару тое, што сказаў 7 студзеня: гэты год павінен быць абавязкова лепшым, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы гэта паабяцалі людзям».

Падчас прыёму ад імя Прэзідэнта кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды журналістам і работнікам культуры.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.