Вы тут

Адкрылася выстава аб удзеле ўзбекскага народа ў Другой сусветнай вайне


Часовая экспазіцыя «Памяць народа святая» прадстаўлена ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут можна ўбачыць архіўныя фатаграфіі ўзбекскіх салдатаў і дружыннікаў у тылах, асабістыя рэчы, медыцынскія інструменты, калодкі, улёткі на ўзбекскай мове, яркія малюнкі савецкага мастака-графіка Н.Т. Гуціева. 


Уклад узбекскага народа ў перамогу пацвярджае статыстыка. Гэта падкрэсліў падчас свайго выступлення дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў:

— Паўтара мільёна чалавек пайшлі на фронт, больш за пяцьсот тысяч не вярнуліся. А шмат із тых, хто вярнуўся, застаўся інвалідам. Больш за сто тысяч зніклых без вестак. Але ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі больш за дваццаць тысяч, больш за дзвесце чалавек сталі Героямі Савецкага Саюза. І гэта толькі на франтах, а што ў тыле? Гэта сем’і, якія бралі па дзесяць, чатырнаццаць, пятнаццаць дзяцей, якія грашовае забеспячэнне сваё адпраўлялі на ўзбраенне, толькі каб наблізіць гэтую перамогу.

Таксама было анансавана, што ў межах часовай экспазіцыі будуць ажыццяўляцца кінапаказы. Часовы павераны ў справах Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматулы Назараў расказаў, што гледачы пабачаць фільм, у аснове сюжэту якога гісторыя ўзбекскай сям’і, што прытуліла 14 дзяцей, сярод якіх было два беларусы:

— Мы хочам паказаць беларускаму народу, гасцям вашай цудоўнай краіны той уклад, які наш народ унёс у тыле фронту, забяспечваючы неабходным і прымаючы эвакуіраваных, у тым ліку дзяцей. Гэта 1,5 млн чалавек усяго, з іх 250 тыс. дзяцей. Яны былі эвакуіраваны ва Узбекістан і ў нашай краіне ім далі прытулак.

Гэтая выстаўка — сумесны праект музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасольства Узбекістана ў Беларусі і агенцтва «Узархіў» Рэспублікі Узбекістан. Выстава будзе працаваць да 5 сакавіка.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.