Бывалыя агароднікі вядуць нататнікі, дзе адзначаюць любімыя сарты, малююць схему ўчастка з указаннем культур, якія раслі на тых ці іншых градках. Часу гэта займае няшмат, а карысць велізарная. Бо дакладная схема дазваляе скласці ідэальны план пасадак з улікам севазвароту.
Галоўнае правіла — расліны не варта вырошчваць на адным месцы больш за два гады запар, а лепш мяняць культуры на градках кожны год. Больш за тое, мяняць трэба не толькі культуры, але і сямействы, да якіх яны адносяцца. Напрыклад, бульба і тамат адносяцца да сямейства паслёнавых, і таму на наступны год пасля бульбы нельга вырошчваць памідоры. Ці пасля капусты нельга вырошчваць радыску, а пасля морквы — пятрушку.
У раслін аднаго сямейства агульныя хваробы і шкоднікі, яны назапашваюцца ў глебе, і ўраджайнасць рэзка зніжаецца.
Падобныя культуры выносяць з грунту адны і тыя ж элементы сілкавання.
Некалькі згладзіць усе гэтыя негатыўныя з'явы дапамагае ўнясенне арганічных угнаенняў, якія папаўняюць глебу пажыўнымі рэчывамі, аднак ніяк не знішчаюць інфекцыю і шкоднікаў. Таму выконваць севазварот ці хаця б пладазмен трэба! Гэта датычыцца і вялікіх палёў, і маленькіх градак.
Выключэннем з гэтага правіла служаць бульба і кукуруза, якія можна вырошчваць на адным месцы некалькі гадоў запар, пры гэтым не назіраецца рэзкага зніжэння ўраджайнасці і іншых негатыўных з'яў. Але гэта не значыць, што бульбу можна вырошчваць на адным участку дзесяць гадоў запар.
Даваць «адпачываць» зямлі трэба і ад бульбы.
Пры размяшчэнні гародніны на градках варта ўлічваць і наяўнасць шматгадовых раслін. Напрыклад, паблізу ад хрэну нельга высейваць насенне іншых прадстаўнікоў сямейства капусных, бо ранняй вясной на ім з'яўляецца капусная блыха, якая з радасцю перакінецца і на іншыя расліны.
Пры распрацоўцы севазвароту трэба ўлічваць, што большасць шкодных мікробаў захоўваюць сваю жыццяздольнасць у глебе не больш за 5 гадоў, і калі вы вытрымаеце гэты тэрмін, то яны загінуць ад бяскорміцы. На аснове гэтай асаблівасці распрацавана сістэма чатырох квадратаў, якая прадугледжвае вяртанне раслін на ранейшае месца праз 4 гады. Такім чынам, напрыклад, можна цалкам пазбавіцца ад кілы капусты. Пасля выяўлення хваробы на градцы нельга вырошчваць не толькі капусту, але і іншых прадстаўнікоў сямейства крыжакветных на працягу чатырох гадоў. Калі ў перыяд такога каранціну пасееце там, напрыклад, рукалу, то споры кілы ажывуць, і тэрмін каранціну трэба будзе адлічваць ізноў.
Каб спрасціць працэс севазвароту, можна ўзяць за правіла сартаваць усё насенне на чатыры групы: ліставыя, пладовыя, караняплоды і бабовыя. Агарод у думках дзелім на чатыры ўчасткі. На першым вырошчваем пладовыя. На другім — караняплоды, на трэцім — бабовыя, на чацвёртым — ліставыя. У наступным годзе зрушваем усе расліны на адну пазіцыю (пладовыя — на чацвёрты ўчастак, ліставыя — на трэці і г. д.). Такім чынам атрымліваецца лёгка выконваць севазварот. Культуры вяртаюцца на ранейшае месца толькі праз тры гады і не трэба складаных разлікаў і планавання.
Чаргаваць культуры на ўчастку трэба не толькі з улікам сямействаў, але і па патрабавальнасці да ўрадлівасці грунту.
«Аматараў смачна паесці» (крыжакветныя, гарбузовыя) вырошчваюць на самым урадлівым участку, куды восенню ўносяць максімум угнаенняў.
У наступным годзе на іх месцы (але ўжо без унясення арганікі) сеюць другую па патрабавальнасці да сілкавання групу — паслёнавыя.
На трэці год займаюць гэтыя градкі парасонавымі.
На чацвёрты год сеюць бабовыя, якія самі ўзбагачаюць глебу азотам і паляпшаюць яе структуру. Плюс восенню ўносяць на гэтыя градкі мінеральныя ўгнаенні і гной. А вясной ізноў высейваюць тут насенне першай групы раслін.
Памятка: Прыналежнасць раслін да сямействаў
Ірына ТАМКОВІЧ
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.