Вы тут

Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія лічыліся неперспектыўнымі


З 2020 года, калі пачалася пандэмія каранавіруснай інфекцыі, анколагі пачалі адзначаць змяншэнне колькасці новых выпадкаў раку. Калі ў 2019 годзе ў Беларусі было выяўлена 54 тысячы новых пацыентаў, то ў 2022 годзе — 50 тысяч. Пры гэтым смяротнасць ад анкалагічных хвароб таксама змяншаецца. У апошнія 10 гадоў колькасць памерлых ад злаякасных новаўтварэнняў у краіне была прыкладна аднолькавай і вагалася ў межах 18 тысяч. Напрыклад, у 2019 годзе з такіх прычын памерла 18 800 беларусаў, а вось у 2022-м — на 4 тысячы менш. Пакуль анколагі не бяруцца называць прычыны зніжэння колькасці новых выпадкаў раку, але падкрэсліваюць, што гэта не звязана са змяншэннем зваротаў да медыкаў падчас пандэміі.

Тым часам ва ўсім свеце анкалогія з'яўляецца адной з тых галін медыцыны, якія інтэнсіўна развіваюцца: ледзь не штодзень з'яўляюцца новыя лекі і метады лячэння розных відаў пухлін, і Беларусь тут — не выключэнне. У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава штогод рэалізуецца ад 50 да 70 навуковых праектаў. Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.


Курцы пад пагрозай

Адзін з навуковых праектаў — распрацоўка новых метадаў лячэння паражэння пазваночніка. Як адзначае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Красны, раней пацыенты з пярвічнымі пухлінамі пазваночніка ці метастазамі ў пазваночнік былі практычна асуджаны на нерухомасць, нягледзячы на тое, што працягласць іх жыцця магла быць значнай дзякуючы поспехам супрацьпухліннага лячэння. Цяпер распрацаваны новыя аперацыі на пазваночніку, калі разбураныя пазванкі выдаляюцца і замяняюцца пратэзамі (ужо маюцца пратэзы пазванкоў беларускай вытворчасці) ці выконваюцца розныя фіксацыйныя аперацыі.

— Пацыенты пасля іх могуць весці практычна звычайны спосаб жыцця і нават часам вяртацца да працы. Пры неабходнасці яны маюць магчымасць атрымліваць прызначанае супрацьпухліннае лячэнне. Такім чынам, прынцыпы лячэння пацыентаў дадзенага кірунку кардынальна мяняюцца ў нас на вачах, — кажа Сяргей Красны.

Яшчэ адзін праект, які прадэманставаў высокую эфектыўнасць, — выяўленне раку лёгкага ў курцоў. Скрынінгавая праграма заканчваецца ў 2024 годзе, але ўжо цяпер відавочныя поспехі. Курцам праводзіцца нізкадозная камп'ютарная тамаграфія, і такое даследаванне прайшло ўжо больш за 1,5 тысячы чалавек. У 30 з іх, а гэта каля 2 %, выяўлены рак.

— Гэта надзвычай вялікая лічба, — каментуе Сяргей Красны. — У сярэднім падчас скрынінгавых даследаванняў пухліны выяўляюцца ў 0,5 %. Такім чынам, правільна была абрана мэтавая аўдыторыя. У 70 % з іх — 1-2 стадыя захворвання, што для раку лёгкага грандыёзны крок наперад, бо ў цэлым у папуляцыі 1-2 стадыі выяўляюцца менш чым у 40 %. Натуральна, і вынікі лячэння ў гэтых пацыентаў кардынальна адрозніваюцца.

Новы праект — 3D-мадэляванне аперацыйных умяшанняў. У асноўным ён прызначаны для пацыентаў з запушчанымі пухлінамі, у першую чаргу, пухлінамі лёгкага з распаўсюджаннем на буйныя сасуды і структуры сэрца. З дапамогай адмысловых праграм мадэлюецца будучая аперацыя на камп'ютары. Вызначаюцца яе аб'ём, месцы рэзекцыі пашкоджаных органаў, магчымасць захавання лёгкага ў выпадку, калі парушана функцыя дыхання. Затым прымаецца рашэнне аб аб'ёме аперацыі і хірург падчас яе кіруецца распрацаванымі рэкамендацыямі.

— Гэта істотна зніжае колькасць ускладненняў падчас аперацыі, бо нават самая малая памылка на сэрцы ці буйных сасудах можа прывесці да смерці пацыента з-за страты крыві, — адзначае Сяргей Красны. — Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў удаецца захаваць часткі лёгачнай тканкі, што забяспечвае здавальняючую якасць жыцця пацыента. Сёння выканана больш за 50 такіх аперацый з вельмі добрым вынікам. Дадзены кірунак будзе і далей развівацца, прычым не толькі з ракам лёгкага, але і пры іншых злаякасных пухлінах.

Клетачная тэрапія

Сёння ў Беларусі малекулярна-генетычныя даследаванні праводзяцца па цэлым шэрагу кірункаў. Яны дапамагаюць вызначыць адчувальнасць да лекавых сродкаў, што важна пры падборы хіміятэрапіі, спрагназаваць захворванне, бо па пэўных мутацыях можна вызначыць развіццё пухліны. Акрамя таго, малекулярна-генетычныя даследаванні дазваляюць вызначыць схільнасці да злаякаснай пухліны. А даследаванні па клетачнай тэрапіі дапамагаюць справіцца з некаторымі відамі раку ў дзяцей. Адзін з такіх кірункаў — прымяненне CAR-T-клетак.

— Гэта асаблівая канструкцыя, якая накіравана на тое, каб навучыць уласныя лімфацыты распазнаваць і знішчаць пухлінныя клеткі. Яна рыхтуецца па-за арганізмам: бяруцца ўласныя лімфацыты пацыента, і ў лабараторных умовах ідзе складаны карпатлівы працэс іх падрыхтоўкі і «навучання» да таго, каб пасля ўвядзення ў арганізм чалавека яны змаглі распазнаць і знішчыць пухлінную клетку, — тлумачыць намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, кандыдат медыцынскіх навук Марына Барысевіч. — У нашым цэнтры даследаванні вядуцца з 2018 года, а першая тэрапія з прымяненнем CAR-T-клетак выканана пацыенту ў 2019 годзе. Такім метадам ужо пралячылі 10 пацыентаў, і ў 8 атрымалі добры адказ. Гаворка ідзе пра пацыентаў з вострымі лімфабласнымі лейкозамі і няходжкінскімі лімфомамі, якія развілі рэфрактарнасць — неўспрыманне стандартных метадаў.

Такі падыход падарыў шанц на жыццё тым пацыентам, якія яшчэ нядаўна лічыліся неперспектыўнымі.

— Чаму толькі лейкозы і лімфомы? Мы ўздзейнічаем на пэўную мутацыю і мусім мець пэўны антыген, каб навучыць лімфацыты нападаць на адпаведную пухлінную клетку. Пры лейкозах звычайна маецца адна мутацыя, таму лячэнне найперш выкарыстоўвалася пры гэтай хваробе. Пры лімфомах сітуацыя крыху больш складаная, але вельмі блізкая, — дадае Сяргей Красны. — А вось пры солідных пухлінах іншых лакалізацый звычайна маецца вялікая колькасць розных мутацый, і навучыць лімфацыты нападаць на гэтыя пухлінныя клеткі пакуль нікому не ўдалося.

Тым не менш, гэта перспектыўны і вельмі запатрабаваны метад лячэння, у тым ліку і для замежных пацыентаў, бо ў свеце яго кошт дасягае 500 тысяч еўра.

— Апошнім часам мы адчуваем попыт на CAR-T-клетачную тэрапію ў пацыентаў, у тым ліку замежных, з вострымі лімфабласнымі лейкозамі, бо гэта мосцік перад выкананнем трансплантацыі ствалавых клетак. У сукупнасці гэтыя два метады ў Заходняй Еўропе вельмі дарагія, кошт даходзіць да 500 тысяч еўра. Толькі адна CAR-T-канструкцыя дасягае 250 тысяч еўра. У нас увесь метад абыходзіцца ў суму каля 55 тысяч долараў, адна канструкцыя — каля 25 тысяч долараў, — кажа Марына Барысевіч.

Унікальная вакцына

З гэтага тыдня ў Беларусі пачынаецца працэс маштабнай вытворчасці супрацьракавай вакцыны «Еленаген». Плануецца вырабляць тысячу флаконаў у тыдзень. Гэта задаволіць патрэбу Беларусі для лячэння пацыентаў і шырокамаштабных навуковых даследаванняў. Больш нідзе ў свеце яна не выпускаецца.

Прэпарат даказаў сваю эфектыўнасць і прызнаны амерыканскімі анколагамі найлепшым у свеце пры хіміярэзістэнтным раку яечніка.

— Гэта высоказлаякасная пухліна, якая на працягу года-паўтара прыводзіць да смерці пацыента. Хіміятэрапія ўжо неэфектыўная, а вакцына «Еленаген» дазволіла падняць яе эфектыўнасць і атрымаць унікальны вынік, — кажа Сяргей Красны. — Сярэдні час да прагрэсіравання захворвання павялічваўся ў 2,5 раза, а ў 40 % пацыентак назіраецца доўгі перыяд без прагрэсіравання — тры гады, менавіта столькі, колькі праводзіцца даследаванне. Па гэтым напрамку плануецца рэгістрацыя прэпарату ў Беларусі. Па астатніх даследаванні працягваюцца. Найперш гэта рак малочнай залозы і прастаты. Там вынікі абнадзейваюць, але не дасягнулі статыстычна значнай розніцы.

Варта дадаць, што прэпарат уплывае на мікраатачэнне пухліны, павялічваючы пранікальнасць яе ахоўных абалонак для хіміяпрэпаратаў і імунных клетак. У выніку пухліна страчвае сваю магчымасць абараняцца ад нашага імунітэту. Аднак гэта ўсё ж не панацэя.

— Напрыклад, пры раку страўніка «Еленаген» аказаўся зусім неэфектыўным. Пры раку падстраўнікавай залозы эфектыўнасць была абмежаваная, і ўлічваючы дэфіцыт дадзенага прэпарату, мы спынілі даследаванне, вырашыўшы праводзіць яго ў тых напрамках, дзе эфект найбольш выразны, — звяртае ўвагу Сяргей Красны.

Што прываблівае замежнікаў у нашых анкацэнтрах?

У Беларусі лечаць ад раку і замежных пацыентаў. Падчас пандэміі іх колькасць знізілася, і сёння большасць замежнікаў прыязджае з Расіі і краін Сярэдняй Азіі. Ёсць пацыенты з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі. За год РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава прымае 2-2,5 тысячы замежных грамадзян. Пэўная частка пацыентаў лечыцца ў Мінскім гарадскім анкацэнтры і ў абласных.

— Запатрабаванай з'яўляецца ёдатэрапія, якая прымяняецца пры раку шчытападобнай залозы ў Мінскім гарадскім анкацэнтры і Гомельскім абласным анкадыспансеры, — кажа дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Сяргей Палякоў. — Акрамя таго, запатрабавана 3D-мадэляванне, бо ў некаторых выпадках на радзіме пацыентам адмаўляюць у аперацыі, а мы бачым, што яна магчымая. Прыцягваюць пацыентаў унікальныя магчымасці прамянёвай тэрапіі, у прыватнасці парк сучасных апаратаў для яе існуе ў мінскім анкацэнтры, і яму можа пазайздросціць любы анкалагічны цэнтр свету. У нашым РНПЦ выкарыстоўваецца гама-нож — сучасны напаўрабатызаваны комплекс для лячэння пухлін галаўнога мозга розных лакалізацый — ад пярвічных пухлін да метастазаў.

Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Віктар Кандратовіч расказаў, што летась тут пралячылася каля 400 замежных грамадзян. Запатрабаваныя ўсе віды дапамогі: хірургічная, прамянёвая і хіміятэрапія. З 1990-га працуе Цэнтр пухлін шчытападобнай залозы. На яго базе існуе аддзяленне ядзернай медыцыны на 20 ложкаў. Яно ўведзена ў 2017 годзе і зроблена па апошнім слове тэхнікі, у тым ліку абсталявана спецыяльнымі відамі каналізацыі і водазабеспячэння, ахоўнымі рэжымамі. З улікам невялікага кошту лячэння ў замежнікаў яго запатрабаванасць высокая. У 2017 і 2020 гадах дзвюма чэргамі быў здадзены новы радыялагічны корпус. На яго базе працуе шэсць лінейных паскаральнікаў — такім паркам валодае няшмат анкацэнтраў у Еўропе.

Усяго ж сталічны анкацэнтр разлічаны на 674 ложкі.

— Для Мінска гэтага пакуль дастаткова. На ўліку ў нашай установе стаіць больш за 83 тысячы мінчан. Яны атрымліваюць ці ўжо атрымалі лячэбную дапамогу і знаходзяцца ў стане рэмісіі. Паказчыкі работы суадносяцца з сярэднімі паказчыкамі еўрапейскіх краін. Напрыклад, пяцігадовая выжывальнасць складае больш за 60 %, — дзеліцца Віктар Кандратовіч.

Выявіць на ранняй стадыі

Як адзначае Сяргей Палякоў, у краіне пасля пандэміі аднавіліся скрынінгавыя праграмы.

— Скрынінг дапамагае выявіць пухліну пэўнай лакалізацыі на ранняй стадыі. Ён прадугледжвае актыўнае запрашэнне пацыентаў на абследаванне. Мы бяром тую групу насельніцтва, у якой часцей за ўсё можа выяўляцца гэтая пухліна і каму па ўзросце яна можа нанесці найбольшую шкоду, і імкнёмся тых пацыентаў абследаваць на рак.

У нашай краіне праводзіцца скрынінг чатырох лакалізацый: рак шыйкі маткі, малочнай залозы, прастаты, коларэктальны рак.

— Коларэктальны рак мае шырокую распаўсюджанасць і знаходзіцца на другім месцы па смяротнасці. Рак шыйкі маткі ў запушчанай стадыі лечыцца вельмі цяжка і мае неспрыяльны прагноз. Чым раней рак прастаты выяўлены, тым больш шанцаў у пацыента быць цалкам вылечаным. Рак малочнай залозы на першым месцы ў жанчын па захваральнасці. Скрынінг па гэтых чатырох лакалізацыях праводзіцца ў краіне з 2011 года, — кажа Віктар Кандратовіч. — Мінск уключаны ў такую работу: спачатку мы ахоплівалі 30 тысяч насельніцтва, пасля — 70, з мінулага года ўзялі чатыры раёны, гэта 527 тысяч насельніцтва. Вынікі падводзіць яшчэ рана. Але мы сутыкнуліся з шэрагам праблем як з боку сістэмы аховы здароўя, так і з боку насельніцтва. Калі ў ахове здароўя мы перабудоўваем сваю работу, і ў Мінску матэрыяльна-рэсурсная база дазваляе вырашыць праблемы, то з боку насельніцтва сутыкнуліся з нізкай свядомасцю. Маючы станоўчыя тэсты па тым жа раку прастаты, коларэктальным раку, мы бачым вельмі нізкую яўку людзей на далейшыя дадатковыя абследаванні. Пры гэтым важна ўсведамляць, што чым раней выяўлены рак і пачата лячэнне, тым больш спрыяльны прагноз.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.