Вы тут

Навагрудак як крыніца талентаў


У кнізе Алеся Карлюкевіча, якая нядаўна пабачыла свет, створаны падрабязны гісторыка-літаратурны партрэт Навагрудчыны — старонкі беларускага краю з найцікавейшым мінулым. На працягу стагоддзяў Навагрудак адыгрываў значную ролю ва ўсталяванні беларускай дзяржаўнасці, развіцці культуры і мастацтваў. Аўтар рупліва сабраў постаці і адрасы, так ці інакш звязаныя з навагрудскім літаратурным краязнаўствам, глыбока даследаваў сувязі з гэтай прасторай вядомых мастакоў слова — паэтаў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў. 


Алесь Карлюкевіч. Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2023

На Навагрудскай зямлі нарадзіўся сусветна вядомы класік польскага прыгожага пісьменства, паэт, драматург, перакладчык, эсэіст Адам Міцкевіч. У Навагрудскай беларускай гімназіі настаўнічаў ў 1927-1930 гады і правёў у гэтым горадзе сваю персанальную мастацкую выставу Язэп Драздовіч — мастак, празаік, паэт. На Слонімшчыне (Наваградскае ваяводства) нарадзіўся заходнебеларускі паэт Анатоль Іверс, вучыўся пэўны час у Навагрудскай гімназіі. У 1931 годзе ў гэтую навучальную ўстанову паступіў Янка Брыль. 

У час Вялікай Айчыннай вайны кіраўніком навагрудскай сеткі партызанскай спецгрупы «Буравеснік» быў заходнебеларускі паэт-камуніст Валянцін Таўлай, які перабраўся ў Навагрудак па заданні партызан. 

Многія творцы не абміналі гэтую старонку падчас дзелавых нагод, вандровак ці гасцявання: тут бывалі пачынальнік сучаснай беларускай прозы Ядвігін Ш., народныя паэты Беларусі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк. Навагрудак не раз згадваецца ў вершах и прозе Уладзіміра Караткевіча. Возеру Свіцязь прысвячалі паэтычныя радкі многія творцы, у прыватнасці —Мікола Мятліцкі, вядомы расійскі паэт Андрэй Вазнясенскі. Яшчэ адзін наш сучаснік — пісьменнік, публіцыст Уладзімір Ліпскі распавёў пра гэты край з багатай гісторыяй у серыі радзімазнаўчых нарысаў і апавяданняў (зборнік «Вясёлка над Нёманам»). І гэта толькі некаторыя з постацяў, судакрананне якіх з Навагрудскай зямлёй уважліва даследуе Алесь Карлюкевіч. 

Аўтар сабраў пад адной вокладкай звесткі, якія пераканаўча сведчаць: Навагрудчына — сапраўднае літаратурнае гняздо Беларусі, крыніца талентаў, месца прыцягнення мастакоў слова і асаблівая старонка ў жыцці многіх нашых выбітных суайчыннікаў. Для настаўнікаў, навучэнцаў школ і гімназій, студэнтаў і выкладчыкаў універсітэтаў, для усіх тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай і культурай гэтае падарожжа па старажытным Навагрудскім краі будзе пазнавальным экскурсам у мінулае: як слушна піша аўтар, «літаратурнае краязнаўства — гэта своеасаблівае люстэрка, з дапамогай якога чытач можа больш уважліва, больш пільна разгледзець кнігу, зразумець пазіцыю аўтара, асэнсаваць суладдзе мастацкіх сімвалаў і вобразаў з жыццём і часам, з падзеямі, пра якія расказвае празаік, паэт, драматург, публіцыст».

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.